Лявон Вольскі прэзентаваў «Emihranty»


Знакавая падзея ў свеце беларускай музыкі. Лявон Вольскі прэзентаваў новы запіс, «Emihranty». «Эпічнае палатно, дзе апавядаецца пра новую беларускую рэчаіснасць – масавую эміграцыю». Так кажа сам музыка, які да таго ж сёння святкуе не толькі выхад альбому, але і дзень народзінаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Emihranty» – новы праект Лявона Вольскага. Скразная тэма – лёс падзеленых беларусаў: і тых, хто з’ехаў, і тых, хто застаўся. 21 песня з розным настроем. Некаторыя немагчыма слухаць без усмешкі, некаторыя поўняцца іроніяй, некаторыя рвуць сэрца ад суму і тугі.

«Таму што, знаходзячыся за мяжой, у цябе ёсць і перапады настрою, розныя дні, розныя ўражанні ад жыцця новага, усё рознае. Таму такая атрымалася стракатая палітра», – кажа аўтар праекту Лявон Вольскі.

«Emihranty» – гэта супольны музычны праект. Апроч Лявона Вольскага, у запісе ўдзельнічалі Павел Мамонаў, Алесь-Францішак Мышкевіч, Павел Аракелян, Кетэван Асраташвілі, Павел Трыпуць, Познаньскі спеўны сход і Варшаўскі вольны аркестр.

Лявон Вольскі. Фота – Ірына Арахоўская / Belsat.eu

«Апошнія некалькі гадоў гэта актуальна, як ніколі. Бо, здаецца, сотні тысяч беларусаў апынуліся ў вымушанай эміграцыі. Таму гэты праект не мог не нарадзіцца», – мяркуе музыка, удзельнік праекту «Emihranty» Павел Аракелян.

Запіс «Emihranty» даступны ў інтэрнэце на стрымінгавых пляцоўках і на YouTube. Але, вядома, лепей слухаць жыўцом. У кастрычніку музыкі адпраўляюцца ў тур па Польшчы. Варшава, Гданьск, Познань, Вроцлаў, Кракаў, Беласток. Шэсць канцэртаў у шасці гарадах. Лявон Вольскі запрашае:

«Кожны ў альбоме знойдзе для сябе нейкую песню, якая адпавядае ягонаму існаванню ў гэтым замежным свеце. Хтосьці вясёлую, хтосьці сумную. Таму я прапаную паслухаць альбом, выбраць песню ці 10 песень для сябе, прыйсці і падпяваць іх на канцэрце».

Алесь Яшчанка, «Белсат»