Студэнтаў з Расеі плануюць бясплатна вучыць у Беларусі


Блакуюць выезд беларускай моладзі ды запрашаюць расейцаў. Улады знайшлі ўласнае выйсце з праблемы недахопу працаўнікоў. Яны хочуць, каб моладзь з Расеі навучалася ў беларускіх ВНУ на бюджэце. Пасля чаго выпускнікоў-расейцаў размяркуюць на прадпрыемствы нашай краіны. Пытанне: ці такая прапанова будзе прывабнай для самых грамадзянаў Расеі?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Інжынеры, педагогі, працаўнікі сельскай гаспадаркі. Студэнтаў на такія спецыяльнасці з Расеі чакаюць беларускія вышэйшыя навучальныя ўстановы.

Ці будзе расейцам цікавы такі фармат? Былая расейская выкладчыца Ася Штэйн зазначае:

«Ён будзе запатрабаваны студэнтамі з рэгіёнаў, якім складана паступіць у рэйтынгавыя сталічныя ВНУ. У іх горшая падрыхтоўка, менш балаў па ЕГ, ім дорага. Нават калі ім хапае балаў, то ім можа быць дорага жыць у буйных сталічных ці гарадах-мільённіках».

Летась беларускія ВНУ знізілі план прыёму амаль на 1000 студэнтаў, але так і не здолелі набраць патрэбную колькасць. Па выніках уступнай кампаніі мінулага года не хапіла 1240 асобаў. Не дапамаглі і дадатковыя спрошчаныя наборы на найбольш запатрабаваныя спецыяльнасці.

«Рэжым не арыентаваны на здавальненне рэальных эканамічных патрэбаў краіны, ён, хутчэй, спрабуе прасоўваць свае інтарэсы без спробы нават зрабіць іх актуальнымі для насельніцтва», – зазначае дарадца Святланы Ціханоўскай па моладзевай палітыцы і студэнтах Маргарыта Ворыхава.

Напярэдадні міністр адукацыі Андрэй Іванец агучыў чарговы захад па замацаванні кадраў на працоўных месцах. А менавіта ў некалькі разоў падвысіць аплату за неадпрацоўванне размеркавання пасля ВНУ. Былым студэнтам будзе значна цяжэй звольніцца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Галоўны корпус БДУ. Фота belsat.eu

«Мы разглядаем размеркаванне як рабскія кантракты. Проста такім чынам дзяржава паказвае сваё стаўленне нават да студэнтаў іншай краіны як да рабоў, якія павінны выпрацоўваць да іншай дзяржавы», – кажа чалец Рады Задзіночання беларускіх студэнтаў Максім Зафранскі.

Міністр Іванец спадзяецца, што нястачу закрыюць расейскія студэнты. Але ці можа разлічваць на вялікую колькасць?

«Цяпер увогуле ў рэгіёнах і нават у сталіцах – трэнд на атрыманне сярэдняй прафесійнай адукацыі. Людзі разумеюць, што жыццё вельмі цяжкае, многія аддаюць перавагу ісці вучыцца не ў ВНУ, а ў каледжы, каб як мага хутчэй пачаць зарабляць», – зазначае Ася Штэйн.

Студэнты-расейцы змогуць паступіць на бюджэт паводле квоты – 20 %, а таксама праз вынікі цэнтралізаванага тэставання. Як мінімум 1000 расейцаў плануюць навучаць на найбольш запатрабаваныя спецыяльнасці за дзяржаўны кошт.

«А што значыць “аплочвае дзяржава”? Дзяржава аплочвае любыя праграмы з нашых з вамі грошай. Гэта значыць, грошай простых падаткаплатнікаў Беларусі: беларусаў і беларусак. Гэта значыць, што мы, беларусы і беларускі, будзем плаціць за навучанне расейскіх студэнтаў у Беларусі», – звяртае ўвагу Маргарыта Ворыхава.

На фоне запрашэння расейцаў рэжым спрабуе пакінуць беларускіх студэнтаў на радзіме. Напярэдадні Лукашэнка на адмысловай нарадзе загадаў да верасня выпрацаваць захады, якія не дапусцяць адтоку навучэнцаў за мяжу.

Аляксандр Дзегцяроў, «Белсат»