У Беларусі не стае больш за 4700 спецыялістаў


Міжнародны дзень доктара. Далучацца да сусветнага шанавання гэтай прафесіі Беларусі неяк няёмка. Атмасфера ў галіне аховы здароўя далёка не святочная – у нашай краіне не стае адпаведных спецыялістаў. Аб прычынах і адчайных спробах уладаў выправіць сітуацыю – у нашым матэрыяле.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Па ўсім свеце сёння адзначаюць Дзень доктара. Паводле Сусветнай арганізацыі здароўя, доступ да медычных паслуг мусіць мець кожны. У Беларусі медыцына фінансуецца з падаткаў, але ці даступная яна ўсім грамадзянам?

Выпускнікоў медвузаў у Беларусі больш чым дастаткова, каб пакрыць патрэбнасці нашай краіны. Але ўсё роўна кожны год гэтыя людзі некуды знікаюць. І яны не раствараюцца ў паветры, яны з‘язджаюць у суседнія краіны – кажа каардынатарка Фонду медычнай салідарнасці Лідзія Тарасенка.

Інстытут «Палітычная сфера» даследаваў міграцыю беларусаў у Нямеччыну, Латвію, Літву, Польшчу ды Эстонію пасля 2020-га года. Са 180-ці тысячаў 50 адсоткаў з‘ехалі праз палітычны пераслед. Кіраўнік інстытуту Андрэй Казакевіч дадае: у другой паловы былі эканамічныя альбо змешаныя прычыны.

Эканаміст Алег Мазоль упэўнены, што спецыялісты, якія з’ехалі, у Беларусь ужо не вернуцца, бо «па ўзроўню заработнай платы ў медычнай сферы Беларусь плаціць медработнікам у 2-3 разы менш, чым у іншых краінах».

У Беларусі незанятымі застаюцца больш за 4700 пазіцыяў дактароў. Менавіта такую лічбу выдае пошук у дзяржаўнай базе вакансіяў. Паводле Міністэрства аховы здароўя, больш за іншых не стае анестэзіёлагаў, рэаніматолагаў, дыягностаў і стаматолагаў. Прычынаю называюць перавабліванне спецыялістаў прыватнымі медычнымі цэнтрамі. Іх улады масава пачалі пазбаўляць ліцэнзіяў у 2022-ім годзе. Лідзія Тарасенка не пагаджаецца:

«Ва ўсім свеце ёсць прыватная медыцына, якая цудоўна дапаўняе дзяржаўную. Прыватная медыцына прапануе больш хуткі і якасны сэрвіс, дае грамадзяніну выбар. Чым дрэнныя прыватныя медцэнтры? Яны разгружаюць чэргі, дазваляюць прайсці абследаванне платна таму, хто можа заплаціць, і зніжаюць такім чынам нагрузку на дзяржаўную ахову здароўя».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Заняткі ў Беларускім дзяржаўным медычным універсітэце.
Фота: БДМУ / Telegram

Ці з прычыны, каб пакінуць маладых спецыялістаў як мага даўжэй па размеркаванні, у верасні ўлады прапанавалі змены ў Кодэкс аб адукацыі. Паводле іх, тэрмін адпрацоўвання пасля заканчэння ўніверсітэту могуць павялічыць з двух да пяці, а ў некаторых выпадках і да сямі гадоў. Больш за тое, паводле міністра адукацыі Андрэя Іванца, цяпер адпрацоўваць будуць і платнікі. Заплаціць замест адпрацоўвання таксама стала цяжэй. Пра гэта 24-га верасня паведаміла чыноўніца Міністэрства аховы здароўя Вольга Калюпанава:

«У нас шмат медычных дынастыяў, дзеці паступаюць у тыя ж медычныя ўніверсітэты, што і бацькі. У 2020 годзе з дапамогаю ковідных выплатаў сем’і гасілі кошт навучання. Тады ён быў каля 30 тысячаў беларускіх рублёў, але ўрад пастанавіў павялічыць суму. Цяпер гэта ўжо каля 60 тысячаў беларускіх рублёў».

Дактары, якія вымушаныя ці выбіраюць застацца ў Беларусі, перажываюць цяжкі час. Паводле даследавання Грамадзянскай маніторынгавай сістэмы аховы здароўя, галоўныя праблемы – перапрацоўка і парушэнне графіку, дадатковая нагрузка і нізкая заработная плата. Большасць адмыслоўцаў выказвае агульную незадаволенасць умовамі працы.

Аляксандр Асколаў, «Белсат»