У СНД будуць змагацца за расейскую мову


Лукашэнка назваў расейскую мову агульнаю моваю краінаў СНД ды акрэсліў каласальную, на ягоную думку, праблему ўнутры Садружнасці: «Паглядзіце на моладзь нашую. Многія размаўляюць на расейскай мове горш, чым на англійскай і другой мове. Гэта наш здабытак».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У сувязі з гэтым Лукашэнка назваў «вельмі своечасовай і запатрабаванай ініцыятыву стварыць міжнародную арганізацыю расейскай мовы пад эгідаю СНД». Летась з такою прапановаю выступіў прэзідэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў. Гэтая арганізацыя зоймецца падтрыманнем і прасоўваннем расейскай мовы як міждзяржаўнай. Пакуль што ў межах Садружнасці.

«У дадзены момант, ведаючы таксама, што Расея нейкім чынам не ўспрымае постсавецкія краіны як роўныя, як суверэнныя, далучэнне да такой ініцыятывы, дзе галоўную ролю будзе граць Расея, будзе азначаць далейшае ўцягванне ў арбіту Расеі і знаходжанне на такой арбіце», – мяркуе палітолаг Алесь Лагвінец.

У Беларусі дзве дзяржаўныя мовы маюць роўны статус. На паперы. На практыцы ж сітуацыя іншая. Па факце расейская мова відавочна дамінуе. Прынамсі, толькі 10% школьнікаў у краіне навучаюцца на беларускай мове. Русіфікацыя ж апошнім часам толькі ўзмацняецца. Гэтак, на ўказальніках у беларускіх гарадах надпісы лацінкаю замяняюць расейскімі. А ў Купалаўскім тэатры расейскія акторы граюць у спектаклях па-расейску.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пратэст пад Купалаўскім тэатрам. Акцёры чакаюць міністра культуры. Менск, Беларусь. 17 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / Vot-tak.tv / Belsat.eu

«Лукашэнка гандляваў сваёй палітыкай дыскрымінацыі беларускай мовы і сваёй палітыкай прывілеяванага статусу расейскай ад самага пачатку, як ён дарваўся да ўлады ў Беларусі», – адзначыў Алесь Лагвінец.

Русіфікацыя закранула і памяць пра беларускую мінуўшчыну. Напярэдадні на форуме ў Менску прагучала ідэя стварыць супольную гістарычную камісію Беларусі і Расеі. Раней расейскі міністр замежных справаў Сяргей Лаўроў прапаноўваў рыхтаваць супольныя падручнікі гісторыі. Але праз іх, кажа вядоўца праграмы «Intermarium» на «Белсаце» Наста Ільіна, школьнікі будуць вывучаць выключна расейскі дыскурс:

«У прынцыпе, над чым яны працуюць – гэта стварэнне вялікай расейскай імперыі. І мы мусім да гэтага прызвычайвацца. Падручнікі ў Расеі датычна Беларусі ўжо выходзяць і называюцца “Гісторыя беларускіх зямель”. Гэта ўжо кажа пра тое, што вяртаецца заходні русізм. І яны на гэтыя тэрыторыі глядзяць як на свае. Будуць і далей перапісваць».

Пакуль жа папулярызаваць сваю мову, гісторыю і культуру беларусы вымушаныя па-за межамі краіны. Гэтак, у розных гарадах свету цяпер працуюць беларускія школы, ладзяцца беларускія імпрэзы, выпускаюцца беларускія кнігі. Акурат пра дапамогу такім ініцыятывам сёння ішла размова на сустрэчы Святланы Ціханоўскай з мэрам Вільні Валдасам Бянкунскасам.

Ірына Юр’ева, «Белсат»