За што затрымалі працаўнікоў тэлеканалу «Ранак»?


Паводле праваабаронцаў, сямёра працаўнікоў тэлеканалу «Ранак» мусілі судзіць сёння за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. У пятніцу затрымалі 8 чалавек, сярод іх цяжарная жанчына, якую пазней адпусцілі. Крыніца праваабаронцаў назвала прычынаю затрымання падпіску на суполку «Светлік. Светлагорск» у «Аднакласніках», што ў спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Хутчэй за ўсё, гэта нагода. Фармальная, калі яны ўсе былі ў гэтай групе. Журналісты здабываюць інфармацыю з розных крыніцаў. І цалкам верагодна, што працаўнікі “Ранку” прысутнічалі ў гэтай групе як людзі, якія збіралі розную інфармацыю», – лічыць праваабаронца цэнтру «Вясна» Алена Маслюкова.

Асноўнаю прычынай затрыманняў паваабаронца ўсё ж лічыць сюжэт пра трагічны выбух на Светлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінаце. А таксама падрабязны тэкставы матэрыял, аўтар якога – адзін з затрыманых Андрэй Ліпінскі. «Ранак» адзін з першых паведаміў пра тое, што на камбінаце ёсць загінулыя. Пазней навіна з’явілася і ў суполцы, якая ёсць часткай групы «Светлік. Светлагорск».

«Вялікая колькасць ботаў зʼявілася адразу ў чаце, і яны пачалі пісаць, што ўсё гэта няпраўда, ніякага выбуху не было, ніхто не загінуў, завод працуе ў штатным рэжыме. Людзі пачалі пісаць абуральныя каментары. Фактычна яны нічога такога не сказалі. Яны папросту канстатавалі факт, яны напісалі, што ёсць загінулыя. Хаця спачатку ўлады імкнуліся гэты факт схаваць», – тлумачыць Алена Маслюкова.

Кіраўніка каналу выклікалі ў райвыканкам. На момант падрыхтоўкі гэтага сюжэту ўсе матэрыялы заставаліся на сайце і YouTube-канале медыякампаніі «Ранак».

Медыякампанія «Ранак». Скрыншот з відэа: RanakMe / Youtube

«Для іх важная карцінка. Карцінка, што ўсё ў парадку, што яны ўсё кантралююць. Што такое ўлада? Улада – гэта кантроль. Калі адбываюцца большыя ці меншыя тэхнагенныя нейкія катастрофы, гэта азначае, што ўлада слабая, што ўлада не ў стане кантраляваць і адпаведна не ў стане дапамагаць людзям і забяспечваць іх дабрабыт і спакой. Адсюль гэтая ідэя замоўчвання». – упэўнены публіцыст і літаратар Севярын Квяткоўскі.

У аддзеле рэкламы «Белсату» паведамілі, што «Ранак» працягвае працаваць, затрыманняў жа не пракаментавалі. Выбух газапаветравай сумесі на светлагорскім камбінаце адбыўся ў сераду 7 чэрвеня. Тры работнікі загінулі, чацвёра атрымалі траўмы.

«Журналісты з “Ранку” Светлагорскага, гонар ім і хвала за тое, што яны хацелі папросту выканаць сваю работу. Маё падсумаванне такое: душыцца любое жыццё, не санкцыянаванае вышэй», – лічыць Севярын Квяткоўскі.

Карэспандэнты «Ранку» выязджалі на месца здарэння. Яны сярод іншага праінфармавалі мясцовых, што вадкасць, якая выцякае з камбінату, – таксічная і ёсць небяспека атрымаць апёкі.

Яна Шэк, «Белсат»