Расейскага кіно будзе больш: што пакажуць беларусам у кінатэатрах у 2024-м


Беларусы любяць расейскае кіно. Да такой высновы прыйшла прадстаўніца «Кінавідэапракату» Вольга Дзюльдзя, падводзячы вынікі года беларускай кінаіндустрыі. Пра тое, як словы чыноўніцы звязаныя з рэпертуарам беларускіх кінатэатраў у 2024-м.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Стужка пра Чабурашку – самая касавая за ўсю гісторыю расейскага кіно – пацвердзіла поспех і ў Беларусі. Паводле менскага «Кінавідэапракату», фільм быў найпапулярнейшым сярод тых, што паказвалі летась у сталіцы.

«”Чабурашка” звязаны з тым, што ён выйшаў напрыканцы 2022-га, перад навагоднімі святамі. І гэта сямейнае кіно, якое ахоплівае вялікую аўдыторыю… І таму, вядома, ён стаў паспяховым, бо з улікам таго, што гэта быў год пачатку вайны, кантэнту было не асабліва шмат», – мяркуе кінажурналіст Тарас Тарналіцкі.

Другі ў рэйтынгу – працяг амерыканскага навукова-фантастычнага фільму «Аватар: Шлях вады». Тройку замыкае біяграфічная драма пра стваральніка ядравай бомбы – «Опэнгаймэр» Крыстафэра Ноўлана. Днямі карціна атрымала прэстыжную кінапрэмію «Залаты глобус» у пяці намінацыях. І тым больш недарэчным выглядае прапагандысцкі фільм айчыннай вытворчасці «На другім беразе», што размясціўся на 4-ай пазіцыі гэтага самага рэйтынгу.

«Можна напісаць усё што заўгодна: што гэта чацвёрты ў спісе фільм, што ён сабраў неверагодную касу… А калі паглядзець, як там рэагавала моладзь у “TikTok”, якія рэйтынгі на “Кінапошуку”, то ўсё адразу становіцца зразумела – гэта правальны фільм», – кажа кінажурналіст.

Кинотеатр «Центральный» в Минске
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Кінатэатр «Цэнтральны». Менск, Беларусь. 25 кастрычніка 2021 года.
Фота: Белсат

Гэтак жа лічаць і 94 % рэспандэнтаў, якія прайшлі апытанне ў нашых сацсетках і назвалі найлепшым фільмам года іншыя стужкі, што ішлі летась у беларускім кінапракаце.

Сёлета ж беларусаў чакае паглыбленне ў сучасны расейскі кінематограф. Ужо цяпер на вялікіх экранах ідуць «Халоп-2», мультфільмы «Брэменскія музыкі» ды працяг «Трох багатыроў» з кодавай назвай «Пуп зямлі» – усе яны лідары паводле колькасці наведвальнікаў. Са словаў намесніцы дырэктара Кінавідэапракату Вольгі Дзюльдзі, сёлета беларусам пакажуць яшчэ восем расейскіх прэм’ераў, тады як айчынных – толькі тры.

«Мы вельмі чакаем “Майстра і Маргарыту” студзеньскую, вельмі чакаем у лютым “Лёд” і, вядома, чакаем “Анегіна”. З беларускіх чакаем “Казбека”. Не ведаем, калі выпусцяць кінастудыі, але абяцаюць тэматычна – да 9 траўня», – распавядае намесніца дырэктара «Кінавідэапракату».

Таксама чыноўніца паабяцала, што менчукі пабачаць і галоўныя сусветныя кінапрэмʼеры: другая частка «Дзюны», «Прыгоды Пэдынгтана», «Гарфілд», мультфільм «Гаваломка-2». Відавочна, што ў кінатэатрах пакажуць пірацкія версіі стужак – летась рэжым легалізаваў крадзеж «аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці з несяброўскіх краінаў».

Наста Печанькова, «Белсат»