Кінапрэмія «Залаты глобус» назвала пераможцаў


Другая паводле маштабнасці – пасля «Оскара» – кінапрэмія «Залаты глобус» адбылася ў ЗША. Журы, у якім ёсць двое беларусаў, кінакрытыкі Ірэна Кацяловіч і Максім Карпіцкі, вызначыла найлепшыя фільмы і серыялы ўжо мінулага года.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Славутыя людзі кіно і тэлебачання выйшлі на чырвоную дарожку «Залатога глобуса». Восемдзесят першая кінапрэмія традыцыйна прайшла ў Лос-Анджэлесе. Пераможцаў у пятнаццаці намінацыях абрала Міжнародная асацыяцыя журналістаў, сярод іх – беларускі кінакрытык Ірэна Кацяловіч.

«Мае фаварыты – гэта перад усім еўрапейскія фільмы “Апалае лісце” Акі Каўрісмякі, “Зона інтарэсаў” Джонатана Глэйзера. І некаторыя з іх былі адзначаныя акурат перамогамі. Гэта “Небаракі” Лянтымаса. І я б адзначыла таксама фільм Жустын Трые “Анатомія падзення”», – распавядае кінакрытык, сябра журы «Залатога глобуса» Ірэна Кацяловіч.

Абсалютным трыумфатарам сёлетняй прэміі стаў баёпік Крыстафэра Ноўлана «Опэнгаймэр». Стужка пра стваральніка ядравай бомбы ўзяла пяць узнагародаў. Кампазітару Людвігу Ёрансану дастаўся прыз за найлепшы арыгінальны саўндтрэк. Кільяна Мэрфі і Робэрта Даўні-малодшага адзначылі статуэткамі за мужчынскія ролі: галоўную драматычную і другапланавую.

«О, Божа. Першае пытанне: у мяне ўвесь нос у памадзе? Усім маім калегам-намінантам, ірландцы вы ці не: вы ўсе – легенды. Усім прадстаўнікам маёй каманды: вялікі дзякуй, вы найлепшыя! Маёй сям’і: я самы шчаслівы чалавек! Я люблю вас! Вялікі дзякуй, людцы!» – кажа пераможца ў намінацыі «Найлепшая мужчынская роля ў драматычным фільме» Кільян Мэрфі.

З шостае спробы атрымаў свой «Залаты глобус» і рэжысёр «Опэнгаймэра» Крыстафэр Ноўлан – менавіта столькі разоў ён быў намінаваны на гэтую кінапрэмію, самая ж карціна стала найлепшай сярод драматычных стужак.

«Гэта было часткова чакана, таму што гэта касавае кіно, яно на слыху. Але пры гэтым не настолькі, не на кіламетр камерцыйнае, як Барбі», – кажа кінакрытык Дзмітрый Елагін.

Галоўны канкурэнт, які абышоў «Опэнгаймэра» у леташнім пракаце, фільм «Барбі», пры дзевяці намінацыях перамог толькі ў дзвюх. Гэтак, «Залатым глобусам» за песню «What Was I Made For?», што прагучала ў стужцы, уганаравалі амерыканскую спявачку Білі Айліш. Другую намінацыю, у якой перамагла «Барбі», «За кінематаграфічныя і касавыя дасягненні», журы ўвяло толькі сёлета.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Залаты глобус.
Фота: goldenglobes.com

«Я бачу з’яўленне гэтай намінацыі як адказ на ўсё меншую папулярнасць кінапракатаў, жывых кінапаказаў, гледачоў якога перахопліваюць стрымінгавыя платформы…Акурат «Барбі» вярнула гледачоў у кіназалы і не проста вярнула – яна стала не проста паспяховай у пракаце. Яна стала пэўным феноменам. Паход у кінатэатр ператварыўся ў рытуал – з пэўным адзеннем, з пэўнымі аксесуарамі», – мяркуе кінакрытык, сябра журы «Залатога глобуса» Ірэна Кацяловіч.

У сваю чаргу, над «Барбі» у намінацыі «Найлепшы камедыйны фільм» узяла верх карціна «Небаракі» Гёргаса Лянтымаса. Рэжысёр «Лобстара» і «Фаварыткі» зняў чарговы шэдэўр. Галоўную гераіню чорнай камедыі – загінулую жанчыну, якую вяртае да жыцця навукоўца, грае Эма Стоўн. Акторка стала пераможцай у намінацыі «Найлепшая жаночая роля ў камедыі ці мюзікле».

Свой першы «Залаты глобус» сёлета атрымаў і васьмідзесяці двухгадовы Хаяо Міядзакі. Упершыню ў гісторыі ў намінацыі «Найлепшы анімацыйны фільм» перамагла японская стужка – апошняя з карцінаў вядомага аніматара, «Хлопчык і птушка».

«Рады за Міяздакі, якога не абдзялілі, таму што японскую анімацыю звычайна абдзяляюць… І таксама цікава, што ён атрымаў узнагароду, вярнуўшыся ў сферу праз 10 гадоў», – кажа кінакрытык Дзмітрый Елагін.

Традыцыйна фільмы, што атрымалі «Залаты глобус», лічацца галоўнымі прэтэндэнтамі на «Оскар», які сёлета адбудзецца адзінаццатага сакавіка.

Наста Печанькова, «Белсат»