Фіскальны таран плануецца ў падатковай галіне


Лукашэнкаўскі ўрад чакае ў наступным годзе рэкорднага за апошнія дзесяць гадоў прыросту падатковых даходаў у бюджэт. Яны маюць павялічыцца амаль на 32% у параўнанні з бягучым годам. Пакуль гэта толькі праект бюджэту на 2024 год, але ўжо бачна: штаны, якія спадаюць, заканадаўцы плануюць падтрымліваць рукамі бізнесоўцаў. Ці пад’ёмнае для беларусаў такое ўзмацненне падатковага цяжару?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Максімум для даходаў, якія можа атрымаць індывідуальны прадпрымальнік – гэта Br 500 000 на год. Можаце зарабіць і больш, але тады ў наступным годзе будзеце плаціць не 20%, а 30% падаходнага падатку. Агулам жа падаткі налета вырастуць на 31,6%, згодна з праектам закона «Аб рэспубліканскім бюджэце». Гэта фіскальны таран, кажа фінансіст і эканаміст Віталь Алейнік.

«Нітка да ніткі – голаму кашуля. Не паспелі мы перажыць сапраўдны дэфолт па 10-мільярдным крэдыце за будаўніцтва Беларускай АЭС… Як цяпер бачым, адкуль у тым ліку будуць браць сродкі на плацяжы па такіх вось запазычанасцях і ім падобным – будуць брацца».

Гэтак, стаўку падатку на прыбытак хочуць павысіць да 25% для тых, у каго ён перавысіць Br 25 000 000 на год. Для арганізацыяў, якія рэалізуюць тавары ўласнай вытворчасці, стаўка падатку на прыбытак вырасце ўдвая: з 5% да 10 %. Самая падатковая база застаецца нязменнай – павялічваюць колькасць платнікаў і дадаткова абкладаюць больш паспяховы бізнес.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: drobotdeana / Freepik

«Канешне, такое падвышэнне аднамомантава не забʼе нікога. Тым больш гэта не так, што 30 % на ўсіх кладзецца, але ўводзяцца элементы прагрэсіўнай шкалы падаткаў, так званыя звыш прыбыткі будуць абкладацца», – кажа спецыяліст у міжнародных эканамічных стасунках Алесь Чайчыц.

Падатак на дададзеную вартасць, які прыносіць у скарбніцу 40% усяго абʼёму падаткаў, можа павялічыцца на 19,3%. Экалагічны падатак – на 60%. Мытныя зборы і мыты на ўвоз прадукцыі вырастуць у 4 разы. І ў 10 разоў узляціць падатак для ўладальнікаў прэміум-аўтаў, якім менш чым тры гады.

«Гэта пагаршае дзелавы клімат у краіне, робіць яе менш прывабнаю для таго каб займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю. Хаця здавалася, куды ўжо горш. Гэтыя выдаткі, якія ў бізнесоўцаў выраслі, яны будуць спрабаваць перакласці на спажыўца. Гэта натуральна. Эканоміка так працуе», – каментуе Алесь Чайчыц.

Такім чынам дзяржаўныя функцыянеры ведаюць, што ў выніку захады закрануць кожнага беларуса. Рахунак за лукашэнкаўскую палітыку, якая прывяла да санкцыяў, усё даўжэйшы. Але эканоміка, згодна з прагнозамі Міжнароднага валютнага фонду, у бліжэйшыя гады будзе расці на 1,6%. Віталь Алейнік робіць заўвагу:

«Яны спрабуюць рабіць гэтыя прагнозы фактычна не маючы звестак суцэльных пра эканоміку ў цэлым. Мы з вамі ведаем, і гэта прызнана “Белстатам” і на ўзроўні так званага ўраду, што яны хаваюць дадзеныя для аналізавання».

Напярэдадні агенцтва «Фітч» з гэтых прычынаў прыпыніла рэйтынгаванне Беларусі, што эксперт лічыць крокам, годным павагі.

Юлія Цяльпук, «Белсат»