Чыноўнікі схапіліся за агуркі, памідоры і яблыкі


Міністэрства гандлю абяцае гэтай зімой забяспечыць беларусаў айчыннымі агуркамі. І цешыцца ростам попыту на айчынныя яблыкі. Зрэшты, заваліць унутраны рынак сваёй цяплічнай гароднінай чыноўнікі спрабуюць не першы год. Выходзіць пакуль не надта. А беларускія яблыкі часта не далежваюць да вясны.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Беларусаў у міжсезонні забяспечаць беларускімі агуркамі, заяўляюць чыноўнікі Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Паводле стратэгіі развіцця цяплічнай гаспадаркі, з лістапада да лютага плануюць вырасціць амаль 10 тысяч тонаў гэтай гародніны. Каб выканаць красавіцкае даручэнне Лукашэнкі. Ён мае прэтэнзіі да цаны памідораў і агуркоў у міжсезонне: маўляў, задорага і трэба ў гэты час забяспечваць унутраны рынак уласнай цяплічнай прадукцыяй з даступнымі цэнамі. Таму сёлета ў верасні прэм’ер Раман Галоўчанка правёў цэлую агурковую нараду.

Але на праблемы з цяплічнай гароднінай Лукашэнка наракаў яшчэ ў 2015-м. І таксама патрабаваў уладкаваць пытанне да канца года. Чаму агуркова-памідорная эпапея цягнецца дагэтуль?

«Сельская гаспадарка – гэта збольшага дзяржпрадпрыемствы. А яны проста выконваюць загад, не маючы на тое фінансавання і дадатковых рэсурсаў, каб гэта выканаць. Быў бы прыватнік – ён бы ўжо даўно накарміў Беларусь агуркамі», – мяркуе спецыяліст у сельскай гаспадарцы Мікалай Лысянкоў.

Не адпускаюць чыноўнікаў і яблыкі. Відаць, таксама з падачы Лукашэнкі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Садавіна і гародніна на Камароўскім рынку. Менск, Беларусь. 24 лютага 2021 года.
Фота: Цімур Котаў / Белсат

Размовы пра іх імпартазамяшчэнне таксама ішлі гадамі. Але цяпер польская садавіна – пад беларускім эмбарга як прадукцыя з несяброўскае краіны. Ці азначае гэта, што айчынныя гаспадаркі цяпер заваляць унутраны рынак яблыкамі?

«Яблык вырасціць не так і цяжка. Яшчэ дзяды-прадзеды вырошчвалі яблыкі. А ты захавай гэты яблык, каб ён меў таварны выгляд. Каб яго купілі людзі за тры-чатыры рублі ў Беларусі», – кажа эканамічная аглядальніца Таццяна Каліноўская.

Чыноўнікі Мінгандлю праблему з захоўваннем беларускіх яблыкаў прызнаюць. Маўляў, ліха без дабра не бывае: затое іх продаж вырас на 19 %. Але на рынках беларускія яблыкі часам даражэйшыя за імпартныя нектарыны.

«Беларусь тут, можна сказаць, праспала той момант, калі можна было ўступіць у канкурэнцыю з польскай яблычнай прамысловасцю. А сёння будаваць такія сховішчы, укладвацца ў гэтую індустрыю, перапрацоўчую прамысловасць, я думаю, ніхто не хоча», – мяркуе Таццяна Каліноўская.

Нягледзячы на эмбарга, Беларусь сёлета ў першым паўгоддзі завезла з Польшчы больш за дваццаць пяць тысяч тонаў яблыкаў, піша бізнес-партал «EastFruit». Паводле яго, асноўная частка гэтай садавіны ішла далей у Расею. Зрэшты, схема не новая, адпрацаваная яшчэ з 2014 года, калі Масква ўводзіла эмбарга супраць заходніх прадуктаў.

Валянцін Васіленка, «Белсат»