Яблычны сезон сустрэлі без яблыкаў?


Амаль 17 рублёў! Столькі каштуе кілаграм яблыкаў з Нідэрландаў на сайце дастаўкі крамы «Еўраопт». Садавіна з іншых краінаў тут таксама нятанная: 8 рублёў 20 капеек за польскія «Мутсу», крыху больш за 5 рублёў – расейскі сорт «Гала». І гэта пасярод яблычнага сезону.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Паводле адмыслоўца ў сельскай гаспадарцы Мікалая Лысянкова, прычына наступная:

«У нас сёння з Польшчай толькі адзін памежны пераход працуе, з Літвою – чатыры памежныя пераходы, два ўжо закрытыя. Транспарт вельмі дарагі, і дорага яблык прывезці. Ён доўга стаяць на мяжы не можа. Гэта, адпаведна, паскораны пераход мяжы, гэта таксама дадатковыя страты».

Вядома, цэны на беларускую садавіну нашмат больш дэмакратычныя. Але чаму айчынны прадукт за 2 з паловаю-3 рублі за кілаграм ёсць не паўсюль? Чытачы сайту tochka.by зазначаюць, што ў тым жа «Еўраопце» беларускіх яблыкаў не знайшлі:

«Яблыкі – за шэсць рублёў і даражэйшыя. Ладна, калі б зімою, але ў пачатку восені… Адкуль такія цэны? І чаму няма беларускіх яблыкаў?»

У сацыяльных сетках мы размясцілі апытанне: ці заўважаеце вы дэфіцыт беларускіх яблыкаў у крамах? Большасць гледачоў, 66 % на момант стварэння матэрыялу, адказала станоўча. Не заўважылі дэфіцыту 24 %, яшчэ 10 % купляюць выключна імпартныя яблыкі.

«Беларускі яблык, на жаль, не мае таварнага выгляду ў большасці сваёй. Ён ідзе на перапрацоўку. Так, сокі, пюрэ мы з вамі ядзім беларускай вытворчасці. А таварны яблык, які мы прывыклі набываць у “Еўраоптах” ды іншых сетках, – гэта, як правіла, яблык імпартны», – мяркуе Мікалай Лысянкоў.

У канцы 2017 года Савет Міністраў сваёй пастановай зацвердзіў Дактрыну нацыянальнай харчовай бяспекі Беларусі. Харчовая незалежнасць ацэньваецца паводле 10 групаў прадуктаў. Сярод іх – садавіна.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Яблыкі на Камароўскім рынку. Менск, Беларусь. 2 чэрвеня 2022 года.
Фота: Белсат

На кошт і асартымент яблыкаў, напэўна, паўплываў сёлетні неўраджай. Шмат якія фермеры наракалі на засушлівую першую палову лета. Апроч таго, са жніўня афіцыйны Менск у якасці контрсанкцыяў увёў эмбарга на яблыкі з Польшчы. Гэты крок таксама мог паўплываць на сённяшні стан рынку яблыкаў, кажуць нашыя эксперты. Агулам жа Польшча паводле вырошчвання яблыкаў – сярод лідараў у свеце. У Беларусі падобныя кліматычныя ўмовы з краінаю-суседкай. Чаму ж такія розныя вынікі?

«За апошнія 30 гадоў у нас галіна гэтая вельмі здала ў параўнанні з савецкім перыядам. Мы гэта бачым на прыкладзе многіх культураў. У нас няма ніводнай суверэннай гісторыі вывядзення сваёй топавай культуры, ці то агародніцтва, ці то садавіна», – кажа эканаміст Аляксей Харкевіч.

А вось Аляксандр Лукашэнка праблему і яе развязанне бачыць іначай:

«Мы ўжо забыліся, што трэба апрацоўваць сады і замацаваць гэтыя сады за ўніверсітэтамі, гектараў 15-20, за школамі. І яны ўбяруць гэта. І мы забудзем, што такое польскі яблык».

Паводле ж адмыслоўца ў сельскай гаспадарцы Мікалая Лысянкова, усё прасцей: каб палепшыць сітуацыю ў яблычнай галіне, трэба адмовіцца ад каманднай эканомікі. І тады нават, калі мы і не забудзем, што такое польскі яблык, дакладна будзем ведаць, што такое добры яблык беларускі.

Алесь Яшчанка, «Белсат»