Як адзначылі Дзень беларускай вайсковай славы


Сённяшняя дата – напамін пра знакамітую перамогу нашых продкаў у Аршанскай бітве. Пра значэнне гістарычнай падзеі і тое, чаму яна больш падыходзіць для святкавання, чым 23 лютага.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Да гадавіны Аршанскай бітвы ў Кіеве ва Успенскім саборы Кіева-Пячорскай лаўры адкрылі барэльеф князю Астрожскаму. Украінцы, беларусы, літоўцы і палякі разам адсвяткавалі яскравую гістарычную перамогу над спрадвечным ворагам – Масковіяй.

«Як тады нашыя народы Беларусі і Украіны стаялі плячо ў плячо і за агульныя ідэалы пралівалі кроў, так і цяпер – прайшло больш за 500 год – у нас усё той жа агульны вораг, і мы плячо ў плячо стаім з украінцамі і намагаемся быць вольнымі і свабоднымі ад яго» – кажа камандзір палка Кастуся Каліноўскага Дзяніс Прохараў.

Сілы бакоў у Аршанскай бітве былі няроўныя: маскоўцаў амаль утрая больш. Але войскі Вялікага Княства Літоўскага перамаглі і абаранілі сваю незалежнасць. Паводле гісторыка Аляксея Ластоўскага:

«Гэтая перамога стала адной з найбольш значных і слаўных у гісторыі нашага войска. Зараз мы зноў сутыкаемся з агрэсіяй з усходу, зноў з Масквы ідуць войскі, каб заваёўваць суседзяў, і мы павінныя памятаць, што можам перамагаць».

Памяталі пра важнасць гістарычных перамог і ў сучаснай Беларусі. У 1992-ім у Менску ўпершыню святкавалі Дзень беларускай вайсковай славы. Тысячы беларускіх жаўнераў далі прысягу незалежнай Рэспубліцы Беларусь.

Сяргей Навумчык быў удзельнікам цырымоніі ў якасці дэпутата Вярхоўнага Савету (1990-1996) і афіцэра ў адстаўцы. Ён узгадвае:

«Гэта былі такія рэдкія хвіліны, калі ты ўдзельнічаеш у тым, што непарушна звязвае часы. Гэтыя часы пачатку 90-х гадоў, часы нацыянальнага адраджэння. Тады нам здавалася, што яно будзе працягвацца і не спыніцца ніколі, а спынілася ўжо праз два гады з прыходам Лукашэнкі – і таго часу, пра які нам не казалі ў школах, але ён усё ж быў».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мемарыяльны камень на полі Аршанскай бітвы.
Фота: «Радыё Свабода» / svaboda.org

Пры наяўнасці гучных сімвалічных датаў у гісторыі Беларусі Лукашэнка абраў іншы кірунак. Ягоным указам Дзень Узброеных сілаў адзначаюць 23-га лютага. Але ці мае гэтая дата дачыненне беларускага войска?

«Беларускія землі ўсё ж мелі іншую гісторыю. Тут зусім па-іншаму развіваліся падзеі: і ўтварэнне БНР, і далейшая савецка-польская вайна. То бок фактычна гэта (23 лютага) тое, што не мае непасрэднага дачынення да беларускай гісторыі. Але мы маем сітуацыю, калі сучасная Рэспубліка Беларусь абвяшчае сваю пераемнасць савецкім часам» – адказвае гісторык Аляксей Ластоўскі.

Акрамя нашай краіны, 23-га лютага святкуюць у Расеі, Кыргызстане і Таджыкістане. У той жа час амаль усе постсавецкія дзяржавы ад афіцыйнага свята ў гэты дзень адмовіліся.

«Пераход ад святаў каланіяльных, да святаў нацыянальных – гэта зразумелы працэс дэкаланізацыі і разбурэння імперскага наратыву, якім у любой імперыі народы існуюць. Вельмі важна, калі ты атрымаў сваю незалежнасць, патлумачыць, чым ты лепшы за метраполію, чым ты ад яе выразна адрозніваешся» – лічыць каардынатар беларускай экспертнай сеткі «Наше мнение» Вадзім Мажэйка.

Цяперашнія ж улады ў Беларусі мала чым адрозніваюцца ад савецкіх. На думку Сяргея Навумчыка, гэта сведчыць толькі аб тым, што кіраўніцтва Беларусі не мае самастойнай палітыкі, што яно антынацыянальнае, антынароднае, цалкам прарасейскае і прамаскоўскае, марыянеткавае. І калі гэты рэжым падзе – усе гэтыя святы будуць вельмі хутка забытыя.

Беларуская вайсковая традыцыя цяпер працягваецца ў першую чаргу ва Украіне. Нашыя добраахвотнікі змагаюцца супраць расейскіх акупантаў і здабываюць свае гістарычныя перамогі. У іх мы і запыталі, якое значэнне Дзень вайсковай славы і гадавіна Аршанскай бітвы маюць для сучасных беларускіх добраахвотнікаў. Данііл Аленіўс, ваяр Палка Кастуся Каліноўскага адказвае:

«Наш сапраўдны і адвечны вораг – Расея. Магу нагадаць, што ў зароку ваяроў Палка Кастуся Каліноўскага ёсць згадванне гэтай бітвы – для нас гэта вельмі важна».

Аляксандр Асколаў, Белсат