Праект указу «Аб аўтамабільных перавозках пасажыраў» вынесены на грамадскія абмеркаванні. Паводле яго, усе дыспетчары, аўты і кіроўцы мусяць зарэгістравацца ў адмысловым рэестры. Гэта датычыць нерэгулярных транспартных перавозак, то бок таксі, каршэрынгу, некаторых трансфэраў. Рэгістрацыю трэба аплочваць за кіроўцу, машыну і дыспетчара.
Глядзіце сюжэт у нашым відэа:
«Выйграюць буйныя аператары. Для іх выдаткі даволі невялікія з пункту гледжання гэтых заканадаўчых новаўвядзенняў. Кошты практычна не зменяцца, а для дробных аператараў, вядома, гэта пэўная рызыка. Яны і раней прайгравалі ў коштах», – лічыць эканаміст Аляксей Харкевіч.
Праект указу асобна зачэпіць замежныя кампаніі-дыспетчары. Яны мусяць стварыць юрыдычную асобу ў Беларусі і размясціць на тэрыторыі краіны ўсе свае інфармацыйныя сістэмы і серверы.
«Шмат прыкладаў, калі больш жорсткія змены ў беларускім заканадаўстве з’яўляліся ў рэкламе, у IT-сферы, кампаніі ішлі на тое, каб адкрываць юрасобу тут у адпаведнасці з беларускім заканадаўствам, размяшчаць на серверах, захоўваць тут інфармацыю. Магчымасці для гэтага ёсць. Пытанне толькі іміджавага плану», – мяркуе Аляксей Харкевіч.
Усе аўтамабілі, якія выконваюць нерэгулярныя перавозкі, будуць вымушаныя забяспечыць відэафіксацыю ў салоне. Цягам месяца трэба будзе захоўваць відэазапісы. Маўляў, дзеля бяспекі грамадзянаў. Але каардынатар экспертнай сеткі «Наше мнение» Вадзім Мажэйка не згодны з заяўленай прычынай:
«Дыктатуры любяць усё тлумачыць бяспекай. Маўляў, мы будзем вас кантраляваць, каб з вамі нічога не здарылася. Дык гэта трэба дайсці да Оруэлла, калі відэарэгістратар у кожнай кватэры. Калі ў кожнай кватэры відэарэгістратар, а сігнал ідзе ў міліцыю – гэта ж папросту спыніць усе злачынствы, якія ствараюцца ўдома. Такая ідэальная мера бяспекі! Насамрэч, канешне, гэта ўсё вельмі сумна, бо відавочна парушае права людзей на прыватнасць».
Тым больш што пасля ўвядзення ўказу доступ да інфармацыі пра паездкі мусіць быць і ў сілавікоў. Захоўвацца звесткі будуць 5 гадоў.
«Недэмакратычныя ўрады ўвогуле любяць максімальны кантроль над усім. І ў гэтым сэнсе, канешне, не дзіва, што і за перамяшчэннем гараджанаў таксама будуць пільна сачыць. Па шчырасці, нават і без нейкага асаблівага закону я б на месцы тых, хто знаходзіцца ў Беларусі, не думаў, што нейкая такая інфармацыя, да якой тэарэтычна можа мець доступ дзяржава, то дзяржава яе не мае», – тлумачыць Вадзім Мажэйка.
Эканаміст Аляксей Харкевіч лічыць, што не ўсіх пасажыраў могуць задаволіць новыя ўмовы паездак, калі пра ананімнасць можна забыцца:
«Многія папросту перастануць карыстацца паслугамі. А тыя, хто хоча захаваць ананімнасць, гатовыя пераплочваць. Яны падштурхоўваюць да таго, што частка таксістаў сыдзе працаваць “у шэрую”. Заставацца ў рэестры і аказваць паслугі, але пры гэтым калі трэба – адключацца».
Абмеркаванні працягнуцца да 18 чэрвеня. Пасля ўказ перададуць у Палату прадстаўнікоў. І калі дэпутаты яго прымуць – указ набудзе моц налета 1 студзеня.
Яна Шэк, «Белсат»