Улады дабіваюць малы бізнес?


Улады зноў пастанавілі змяніць умовы працы індывідуальных прадпрымальнікаў. У прыватнасці, могуць урэзаць спіс дазволеных відаў дзейнасці. Таму, хто не зможа больш займацца сваёй справай у статусе ІП, прапануюць або закрыць бізнес, або працягваць яго, але стварыць пры гэтым юрыдычную асобу. Прасцей кажучы, фірму. Змены могуць адмоўна паўплываць на дабрабыт дзясяткаў тысяч беларусаў, бо многія прадпрымальнікі маюць сем’і і мусяць іх забяспечваць. Гэта ўжо не першы раз, калі рэжым Лукашэнкі ідзе ў наступ на малы бізнес. Чаго дамагаюцца ўлады? І чым іх дзеянні абярнуцца для краіны?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Новы наступ на іпэшнікаў. Парламент рыхтуе змены ў закон аб прадпрымальніцтве. Плануецца стварыць дакладны спіс відаў дзейнасці, якімі прадпрымальнікам дазволена займацца. Чыя праца ў гэты пералік не трапіць, той мусіць або закрыць ІП, або зарэгістраваць юрыдычную асобу, то бок фірму.

«Фірма адкрываюцца не проста так, не дзеля цікавасці. Гэта цэлая інфраструктура. Патрэбныя бухгалтары. Дый не кожны ўладальнік кампаніі можа выконваць функцыі дырэктара», – кажа Яраслаў Кот з Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой.

Фірма – гэта зусім іншы ўзровень дзейнасці, што патрабуе не толькі офісу і працаўнікоў, але і ведаў ды ўмення гэтым усім кіраваць, адзначае Яраслаў Кот. Дый не ў кожнага іпэшніка нагэтулькі вялікі бізнес, каб дазволіць сабе трымаць такую структуру. Але ўлады, падобна, гэтым пераймаюцца мала і настроеныя гнуць сваю лінію.

«Яго галоўная мэта – упарадкаваць прадпрымальніцкую дзейнасць, што дазволіць стварыць канкурэнтнае асяроддзе паміж рознымі арганізацыйна-прававымі формамі малога бізнесу, паставіць іх ва ўзаемавыгадныя ўмовы. Законапраект прадугледжвае планамерны пераход ад індывідуальных прадпрымальнікаў да юрыдычных камерцыйных арганізацыяў, малых і сярэдніх», – заявіў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Анатоль Насеня.

На словах дзейныя ўлады нібыта клапоцяцца пра бізнес-клімат. На справе – не першы раз ускладняюць умовы. Некалі прадпрымальнікам забаранялі наймаць працаўнікоў. Потым для іх фактычна скасавалі спрошчанае падаткаабкладанне: замест 5 % ад выручкі зрабілі 16 % ад даходу, потым паднялі да 20 %. І нават заікаліся пра тое, каб у будучыні зрабіць 25 %. А хочаш плаціць паводле спрошчанай сістэмы – рэгіструй фірму.

«Чыноўнікі ў Беларусі думаюць толькі пра сваю з… Яны думаюць пра тое, як набраць паболей фінансаў сабе асабіста. Яны не думаюць пра тое, як зрабіць краіну ярчэйшай, камфортнейшай для людзей», – кажа Сяргей, прадпрымальнік, які пераехаў з Беларусі ў Польшчу.

«Мысленне ў іх прымітыўнае, істэрычнае. Доўгатэрміновымі катэгорыямі ніхто не думае. Трэба выжыць, патрымацца яшчэ крыху, яшчэ трохі грошай выціснуць. А што будзе заўтра – абыякава», – мяркуе Яраслаў Кот.

Самі так званыя дэпутаты не ўтойваюць, што хочуць выціснуць з малога бізнесу болей грошай у бюджэт. А фінансы фірмы лягчэй кантраляваць, чым іпэшніка. Магчыма, на першым этапе такая палітыка прынясе плён. Але да чаго гэта прывядзе далей?

Гэтак, у Польшчы за мінулы год адных толькі фірмаў з беларускім капіталам зарэгістравалі больш чым 1700. Агулам іх каля 5000. І цікавасць да пераносу бізнесу ў Польшчу сярод беларусаў велічэзная, кажа прадпрымальнік Сяргей.

«Мае знаёмыя прадпрымальнікі, што застаюцца ў Беларусі, багатыя і не вельмі, тэлефануюць і пытаюць, як адкрыць бізнес у Польшчы», – распавядае Сяргей.

А ў Беларусі колькасць ІП за мінулы год зменшылася на 4,2 %. Скарачэнне адбывалася ва ўсіх рэгіёнах. Пакуль у краіне застаецца крыху больш за дзвесце шэсцьдзесят тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў. Частка з іх можа заставацца ў гэтым статусе толькі на паперы. Бо паміж фактычным спыненнем дзейнасці і ліквідацыяй ІП можа прайсці нямала часу.

Валянцін Васіленка, «Белсат»