Святлана Ціханоўская ўганаравала Радослава Сікорскага і «Белсат»


У суседняй Польшчы змяніўся ўрад і парламент, але не мусіць змяніцца стаўленне да беларускага дэмакратычнага руху і лукашэнкаўскай хунты. Такую задачу паставілі сабе Аб’яднаны пераходны кабінет і Святлана Ціханоўская. Абраная прэзідэнтка Беларусі сёння распачала трохдзённы працоўны візіт у Варшаву, каб нагадаць урадоўцам пра беларускіх палітвязняў, дамовіцца аб супрацы і, між іншага, каб падтрымаць тэлеканал «Белсат».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

За маёй спінай – МЗС Польшчы, дзе ў гэтыя хвіліны праходзіць сустрэча Святланы Ціханоўскай і Радослава Сікорскага. Новы кіраўнік польскай дыпламатыі насамрэч ужо кіраваў міністэрствам 17 гадоў таму добра ведае праблему Лукашэнкі. Задача СЦ – у якасці абранай прэзідэнткі Беларусі патлумачыць міністру бягучы стан рэчаў.

Сустрэча з Радославам Сікорскім доўжылася каля гадзіны, і была падзеленая на 2 часткі. Спачатку міністр замежных справаў правёў перамовы са Святланай Ціханоўскай асабіста, а потым – на пашыраным узроўні, з чальцамі Абʼяднанага пераходнага кабінету.

«Нашая задача – вярнуць Беларусь у парадак дня, паказаць тэрміновасць пытання палітвязняў, паказаць неабходнасць больш жорсткіх санкцыяў. А таксама падтрымкі незалежным медыям і грамадзянскай супольнасці», – падкрэсліў галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Лёс палітвязняў, такіх, як Анджэй Пачобут, старшынства афіцыйнай Варшавы ў Радзе Еўразвязу, легалізацыя беларусаў, вымушаных выехаць у Польшчу – гэта толькі частка ўзнятых пытанняў.

«Вельмі выдатная першая сустрэча ў афіцыйная якасці. Вельмі важна, што мы заклалі аснову для далейшага дыялогу, для практычных крокаў… Пра нашае ўзаемадзеянне на пастаяннай інстытуцыянальнай аснове, каб нашыя дзеянні былі больш практычнымі, чым раней», – падсумаваў перамовы з кіраўніком МЗС Польшчы прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў міжнародных справах Валер Кавалеўскі.

У знак павагі абраная прэзідэнтка Беларусі ўганаравала Радослава Сікорскага «Крыжам Добрасуседства» – гэта ўзнагарода Абʼяднанага пераходнага кабінету за пабудову добрых стасункаў і спрыянне дэмакратычным зменам.

Святлана Ціханоўская ведае і пра змены ў кіраўніцтве Польскага тэлебачання, на адміністратыўна-тэхнічнай базе якога грунтуецца наш тэлеканал.

«Наколькі мне вядома, падчас спаткання ў МЗС Польшчы размова пра “Белсат” была і пра важнасць нашага тэлеканалу. І польскі бок, як і ўсе гэтыя 17 гадоў, якія мы існуем, выказаў намер і надалей падтрымліваць “Белсат”. Бо гэта важна для беларускіх дэмакратычных сілаў, для беларускай апазіцыі, увогуле для беларускага народу», – кажа намеснік дырэктара «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі.

Сёння ж Святлана Ціханоўская ўганаравала дырэктарку і намесніка дырэктара «Белсату» імяннымі ўзнагародамі «Знак каманднага гонару».

«Гэта Знак Гонару ад дэмакратычных сілаў Беларусі за супрацу з намі, за тое, што вы з намі ўсе гэтыя гады і раней, значна раней. Я вельмі спадзяюся, што ўсё будзе добра з каналам “Белсат”, будзеце развівацца далей. Бо вы граеце такую вялікую ролю для Беларусі», – падкрэсліла абраная прэзідэнтка Беларусі на спатканні з кіраўніцтвам тэлеканалу.

«Узнагарода для ўсяго “Белсату”, для ўсёй нашай каманды, для каляжанак і калегаў. І перадусім для тых, хто сядзіць цяпер у турме, у палоне лукашэнкаўскай хунты. Мы пра гэта памятаем кожны дзень», – падкрэсліў Аляксей Дзікавіцкі.

Святлана Ціханоўская ўручае Крыж Добрасуседства міністру замежных справаў Польшчы Радославу Сікорскаму.
Фота: Сяргей Пеляса / Белсат

У Варшаве абраная прэзідэнтка сустракаецца з беларускімі арганізацыямі ды ініцыятывамі, а таксама проста з суграмадзянамі, што жывуць у Польшчы.

Сёння ж Святлана Ціханоўская сустрэлася з мэрам Варшавы Рафалам Тшаскоўскім, міністрам еўрапейскіх справаў Польшчы Адамам Шлапкам і віцэ-міністрам вышэйшай адукацыі і навукі Анджэем Шэптыцкім.

«Адбываюцца першыя сустрэчы з новым польскім урадам. Вельмі важна, каб Польшча захоўвала паслядоўнасць, прынцыповасць адносна Беларусі. У Ціханоўскай прызначаныя сустрэчы з 7 міністрамі і прадстаўнікамі польскага ўраду: міністр замежных справаў, еўрапейскіх справаў, спорту, адукацыі, навукі і вышэйшай адукацыі», – паведаміў Франак Вячорка.

Наперадзе – сустрэча і ўрачысты прыём у палацы з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам, перамовы з замежнымі дыпламатамі і асобная сустрэча з амбасадарам ЗША ў Польшчы Маркам Бжэзінскім. Таксама заўтра вялікі парламенцкі дзень Святланы Ціханоўскай: асобныя сустрэчы са спікерамі верхняй і ніжняй палаты ды сустрэчы з сенатарамі і дэпутатамі Сейму, якія стварылі Групы сяброў Беларусі.

Палітыка – справа публічная, і кожная сустрэча замежных партнёраў са Святланай Ціханоўскай ды іншымі беларускімі дзеячамі – гэта ў тым ліку дэкларацыя прызнання іх як прадстаўнікоў беларускага народу. А мы гэтыя сустрэчы працягнем асвятляць для вас.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»