Лукашэнка прыпыніў міграцыйны ціск на Літву


Незвычайная ціша на беларуска-літоўскай мяжы. Афіцыйная Вільня цягам ужо шасці дзён не адзначае спробаў нелегальна трапіць у Еўразвяз.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«На маю думку, гэта не больш чым выпадковасць, бо гэтая агрэсія працягваецца, – разважае палітолаг, спецыяліст у нацыянальнай бяспецы Аляксандр Казак. – Міграцыйны крызіс усё яшчэ трывае. Таму цалкам верагодна, што бліжэйшым часам усё вернецца да таго, што было раней».

Зрэшты, сітуацыя на межах Беларусі з астатнімі краінамі Еўразвязу выглядае іначай. У Латвіі цягам папярэдніх содняў памежнікі спынілі 21 спробу незаконнага пераходу. У Польшчы карціна больш драматычная.

«У гэтым годзе на польска-беларускай мяжы было амаль 25 тысяч спробаў нелегальнага перасячэння. На працягу толькі мінулага ўік-энду такіх спробаў было 278. Міграцыйны ціск на гэтым адцінку мяжы мае сталы характар», – справаздачыцца прэс-сакратар польскай Памежнай аховы Анна Міхальска.

Журналіст «Reform.by» Аляксандр Атрошчанкаў бачыць пэўны сэнс у тым, што рэжым Лукашэнкі прыпыніў міграцыйны ціск на Літву. Але пры гэтым захаваў яго на мяжы з іншымі краінамі.

«Яны спрабуюць даць кіраўніцтву гэтых краінаў разуменне таго, што могуць быць больш інтэнсіўныя атакі, могуць быць менш інтэнсіўныя атакі, – разважае Атрошчанкаў. – Па-другое, тут больш простая логіка. Бо памежнікі той ці іншай краіны аказваюцца пад значным ціскам, калі такія спробы ідуць сканцэнтравана і ў вялікай колькасці».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мяжа з Літвой.
Фота: grodnonews.by

На меркаванне Аляксандра Атрошчанкава, узмацненне ціску можа прывесці да надзвычайных здарэнняў, напрыклад, такога, што адбылося ў Падляскім ваяводстве. Польскі вайсковец стрэліў у нелегальнага мігранта – той цяпер у шпіталі ў Гайнаўцы. Згодна папярэдняй інфармацыі, адбыўся няшчасны выпадак праз неасцярожнасць – салдат стрэліў, калі спатыкнуўся. Яму пагражае да трох гадоў зняволення. А ў выпадку цяжкіх цялесных пашкоджанняў або смерці мігранта – да васьмі гадоў пазбаўлення волі.

«Калі б была тэндэнцыя да нейкіх страшных дзеянняў, то мы б гэта заўважылі, гэта б чулі, гэта б ведалі. Гукі б стрэлаў разносіліся б па ўсёй пушчы, па ўсім памежжы. Але такіх выпадкаў фактычна не было», – упэўнены Аляксандр Казак.

Аляксандр Казак засцерагае, што прапаганда Лукашэнкі можа выкарыстаць гэты выпадак для абвінавачання Польшчы ў нечалавечых дзеяннях. Зрэшты, днямі ён выказаў гіпатэтычную магчымасць аднавіць стасункі з краінамі Еўразвязу.

«Па закрытых каналах мы з імі размаўляем, і яны выстаўляюць мне нейкія ўмовы – гэтага вызвалі, таго адпусці. Ён закон парушыў, як я яго адпушчу? Для гэтага мусяць быць пэўныя ўмовы», – хітруе Лукашэнка.

Аляксандр Атрошчанкаў мяркуе, што Лукашэнка зноўку хоча гандляваць палітвязнямі з краінамі Захаду:

«Пасля выбараў саджае апазіцыянераў у турмы, потым адбываецца пахаладанне ў адносінах з Захадам, потым пачынае гандаль палітвязнямі. Можа, нават нешта атрымлівае. У яго галаве гэты сцэнар моцна замацаваўся».

Зрэшты, памежныя краіны Еўразвязу па-ранейшаму бачаць у рэжыме Лукашэнкі пагрозу сваёй бяспецы. Літва заявіла пра намер цягам бліжэйшых двух гадоў павялічыць свае сілы на мяжы з Беларуссю на 450 афіцэраў. Сёлета ў жніўні Польшча паведаміла пра ўзмацненне аховы мяжы з дапамогаю 4 тысяч вайскоўцаў. Яшчэ 6 тысячаў будуць у рэзерве.

Ян Федаровіч, «Белсат»