Лаўрэаткай Нобэлеўскай прэміі міру стала Наргес Магамадзі з Ірану


Нобэлеўскую прэмію міру прысудзілі іранскай праваабаронцы Наргес Магамадзі. Даведацца пра рашэнне Нобэлеўскага камітэту наўпрост лаўрэатка не змагла, бо адбывае чарговы турэмны тэрмін. Узнагарода за ўмацаванне міру другі раз запар дастаецца асобе за кратамі. Летась сярод пераможцаў быў вязень рэжыму Лукашэнкі Алесь Бяляцкі. Кіраўнік беларускага праваабарончага цэнтру «Вясна» да гэтага часу застаецца ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Чаго каштуе барацьба за ўмацаванне міру? І які шлях прайшла Наргес Магамадзі?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Сёлета ў спісе найбольш імаверных кандыдатаў на атрыманне Нобэлеўскай прэміі міру былі Святлана Ціханоўская і Аляксей Навальны, але ў выніку лаўрэаткаю сталася вядомая праваабаронца з Ірану Наргес Магамадзі.

«Жанчына, жыццё, свабода». Нарвежскі нобэлеўскі камітэт прыняў рашэнне прысудзіць Нобэлеўскую прэмію міру за 2023 год Наргес Магамадзі за ейную барацьбу супраць прыгнёту жанчын у Іране і за прасоўванне правоў чалавека і свабоды для ўсіх», – распавяла старшыня Нарвежскага нобэлеўскага камітэту Бэрыт РайсАннэрсэн.

Дваццаць гадоў таму гэтую ўзнагароду атрымала заснавальніца іранскага Цэнтру абаронцаў правоў чалавека Шырын Эбадзі. Магамадзі займае пасаду віцэ-прэзідэнткі гэтай арганізацыі. На цырымонію ўручэння, якая пройдзе ў Дзень памяці Альфрэда Нобэля 10 снежня ў Осла, Наргес Магамадзі наўрад ці прыедзе – яна зняволеная рэжымам аятолаў. Гэта не першы тэрмін за час праваабарончай дзейнасці, у якой Наргес з 90-х. Менавіта зняволенне перашкодзіла Магамадзі ўзяць удзел у масавых выступах за правы жанчын летась, але яна зрабілася адным з сімвалаў руху за грамадзянскія свабоды.

«Насамрэч гэтая прэмія належыць народу Ірану, у прыватнасці тым, хто змагаецца за правы чалавека, і ўсім тым, хто працуе на карысць дэмакратыі і грамадзянскай супольнасці ў Іране», – падкрэсліў Тагі Рагмані, муж Наргес Магамадзі.

Наргес Махамадзі, лаўрэатка Нобэлеўскай прэміі міру 2023 года.
Фота: SalamPix/ABACA / Abaca Press / Forum

За ўсю гісторыю Нобэлеўскай прэміі міру на момант яе прысуджэння ў зняволенні былі пяць лаўрэатаў. Летась гэта быў беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі. Пра што сведчыць тэндэнцыя апошніх гадоў?

«Мы ўзнагароджваем тых, хто застаецца за кратамі, зняволеных. Але фактычна ціск на дыктатуры па вялікім рахунку не змяніўся. Гэта рэакцыя хутчэй за ўсё не палітычная, а маральная», – кажа палітолаг Дмытро Лэвусь.

Тым часам Наргес Магамадзі працягвае барацьбу нават з-за кратаў. Са зняволення ёй удалося перадаць інфармацыю аб катаваннях асуджаных жанчын у іранскіх турмах, а таксама распавесці праз тэлефон аб рэальных умовах утрымання зняволеных, далёкіх нават ад мінімальных стандартаў з законаў Ірану. Пра тое, што аятолам не ўдалося запалохаць праваабаронцу, распавёў у тэлефонным інтэрв’ю ейны брат, які вымушаны быў пакінуць краіну і жыве сёння ў Нарвегіі.

«Наргес займалася правамі чалавека не толькі як канцэпцыяй. Яна працавала з людзьмі ў Іране. Рэжым у гэтай краіне спрабаваў прымусіць яе замаўчаць, але яму гэта не ўдалося. Гэтая ўзнагарода дае Наргес больш магчымасцяў засяродзіцца на правах чалавека. Гэта сігнал рэжыму, што ён бачыць і што ён робіць», – распавёў Гамідрэза Магамадзі.

Ва Управе вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека віталі прысуджэнне прэміі і заклікалі вызваліць праваабаронцу.

«Мы ведаем, што ёй быў прызначаны дадатковы тэрмін у адзін год, які яна адбывае. Мы і іншыя партнёры ААН з праваабарончай сістэмы неаднаразова заклікалі да яе вызвалення. Я думаю, важна падкрэсліць, што тое, што адбылося сёння, сапраўды падкрэслівае, як жанчыны ў Іране змагаюцца за свае правы, а насамрэч за правы ўсіх іранцаў, і гэта трэба вітаць», – дадала Элізабэт Трасэл з Управы вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека.

Сярод сёлетніх намінантаў на прэмію фігуравала абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская. Выданне «Тайм» вылучала яе ў імаверныя фаварыткі. Чаму прагноз не спраўдзіўся?

«Алесь Бяляцкі атрымаў ужо гэтую прэмію. Беларусь ужо зафіксаваная. А атрымаў яе, седзячы ў турме, і тут усё лагічна. Беларусі найбліжэйшым часам наўрад ці можна сігануць вышэй», – кажа публіцыст, пісьменнік Севярын Квяткоўскі.

Цяпер сума, якая выплачваецца лаўрэату Нобэлеўскай прэміі, складае прыкладна мільён долараў.

Раман Захараў, Павел Алейнікаў, «Белсат»