Прадстаўнік НАУ: уручэнне Нобэлеўскай прэміі – трыгер для рэжыму Лукашэнкі


Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі не змогуць наведаць уручэнне Нобэлеўскай прэміі, бо ім не даслалі адпаведнага запрашэння. Запрашэнні атрымаюць толькі амбасадары, акрэдытаваныя ў Нарвегіі, беларускі амбасадар такой акрэдытацыі не мае. Намеснік кіраўніка НАУ Арцём Брухан падкрэслівае, што гэта фармальная прычына, якая спрацавала толькі дзякуючы ўзнятай грамадскасцю хвалі.

Цалкам размову глядзіце тут:

«Прадстаўнік рэжыму не можа быць на ўручэнні гэтай прэміі, калі нобэлеўскі лаўрэат сядзіць за кратамі гэтага рэжыму», – абураецца Арцём Брухан.

Ён лічыць, што дзякуючы грамадскасці ў чыноўнікаў няма варыянтаў абыходу гэтай забароны, бо гэта ўжо не проста тэхнічныя моманты.

«Калі рэжым кажа, што яму ўсё роўна і яму гэта ўсё і так не падабаецца, у нейкай ступені гэта такое фанфаронства. Вядома, ім непрыемна, што іх выціскаюць з міжнароднага парадку дня. Яны б заўсёды хацелі прымаць удзел у нейкіх міжнародных мерапрыемствах, каб падкрэсліваць сваю суб’ектнасць».

Таму, паводле эксперта, калі гэтага не адбываецца, калі месца лукашэнкаўскіх чыноўнікаў займаюць прадстаўнікі дэмакратычных сілаў, гэта трыгер. І кожны такі крок для выціскання прадстаўнікоў рэжыму, які трымае ў закладніках нобэлеўскага лаўрэата, – вельмі важны, таму НАУ працуе і ў гэтым кірунку:

«На дадзены момант каманда Народнага антыкрызіснага ўпраўлення праводзіць сустрэчы з міжнароднымі палітыкамі, з дыпламатамі, з пасламі, дзе кажа, што тыя злачынствы, якія рэжым робіць у нашай краіне, тыя рэпрэсіі, якія не спыняюць, – гэта тое, што робіць немагчымым, каб прадстаўнікі рэжыму былі ў міжнародным парадку дня, у міжнароднай арганізацыі, займалі месца дэмакратычных сілаў, дэмакратычнай Беларусі».

Намеснік кіраўніка НАУ упэўнены, што гэта працуе. Праўда, не вельмі хутка.

«Мы бачым, што створаная працоўная група з Еўрапейскім Звязам, створаная стратэгічная група для супрацы з ЗША, у Генасамблеі ААН сустрэчы Святланы Ціханоўскай на якім узроўні ў параўнанні з рэжымам праходзілі», – падкрэслівае розніцу вынікіаў працы на сённяшні дзень дэмакратычных сілаў Беларусі і рэжыму Лукашэнкі Арцём Брухан.

Здымак вокладкі: Белсат

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў