news
Агляд
Хто такая Наргес Магамадзі, якой далі Нобэлеўскую прэмію міру? І чаму не далі Ціханоўскай
На момант уручэння Нобэлеўскай прэміі іранка Наргес Магамадзі знаходзіцца ў зняволенні.
06.10.202319:40

Нарвежскі Нобэлеўскі камітэт прысудзіў прэмію міру 2023 года іранскай праваабаронцы Наргес Магамадзі, якая цяпер знаходзіцца за кратамі. Сярод прэтэндэнтаў была і лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў Святлана Ціханоўская, але яе кандыдатура зноў не перамагла. Распавядаем, хто такая Магамадзі і чаму прэмія міру абмінае палітыкаў.

Cтаршыня Нарвежскага нобэлеўскага камітэту Бэрыт Райс-Андэрсэн трымае тэлефон з выявай іранскай праваабаронцы Наргес Магамадзі. Осла, Нарвегія. 6 кастрычніка 2023 года.
Фота: Terje Pedersen / Ritzau Scanpix Norway / Forum

«Нарвежскі Нобэлеўскі камітэт пастанавіў прысудзіць Нобэлеўскую прэмію міру 2023 года Наргес Магамадзі за ейную барацьбу супраць прыгнёту жанчын у Іране і за прасоўванне правоў чалавека ды свабоды для ўсіх», – гаворыцца ў заяве камітэту.

Магамадзі, якую зняволілі за «распаўсюд прапаганды супраць сістэмы», была сярод найбольш верагодных прэтэндэнтаў на перамогу паводле выдання Time. Кампанію ёй складалі асуджаны да пажыццёвага зняволення уйгурскі праваабаронца з Кітаю Ільхам Тахці, афганская журналістка Магдуба Сэрадж, Міжнародны суд ААН, а таксама палітыкі: прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, расейскі апазіцыянер Аляксей Навальны і абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская.

Краінам трэба ратацыя

Публіцыст Севярын Квяткоўскі ў каментары «Белсату» падкрэсліў, што Ціханоўская зрабіла «каласальны чалавечы ўчынак, калі яна ўзяла на сябе каласальную адказнасць і стала вобразам вольнай Беларусі». Але, дадаў ён, Нобэлеўскай прэміі патрэбная ў тым ліку «ратацыя».

«Алесь Бяляцкі ўжо атрымаў гэтую прэмію, атрымаў яе седзячы ў турме. Беларусі бліжэйшым часам наўрадці можна сігануць вышэй», – заявіў публіцыст.

Hавiны
Трыумф сумлення за кратамі: хто такі Алесь Бяляцкі, які атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру
2022.12.10 11:27

На яго думку, прадстаўнік Беларусі мог бы атрымаць чарговую Нобэлеўскую прэмію міра, калі б, напрыклад, былі вызваленыя палітвязні і спыненыя рэпрэсіі ў краіне.

«Але бліжэйшым часам мне здаецца, што такое пакуль не магчыма», – адзначыў ён.

Квяткоўскі падкрэсліў таксама цяжкія ўмовы, у якіх існуюць праваабаронцы ў Іране, да якога, на яго думку, усё больш робіцца падобнай Беларусь.

Наўпроставае падтрыманне іранскай апазіцыі

Расейскі палітолаг Аляксей Макаркін у тэлеграм-канале «Bunin & Co» таксама адзначыў, што сваім рашэннем нарвежскі Нобэлеўскі камітэт дэманструе, што «ёсць і іншыя краіны, якія знаходзяцца ў сферы ўвагі праваабарончай супольнасці». Таксама камітэт «працягвае свой курс апошніх гадоў, імкнучыся ўручаць прэміі не палітыкам, а праваабаронцам і грамадскім дзеячам».

«Прэміі палітыкам могуць выклікаць больш крытыкі як адразу пасля прысуджэння (прысуджэнне прэміі Абаме [былому прэзідэнту ЗША Бараку Абаму. – Рэд. belsat.eu]), так і ў далейшым (казус Аўн Сан Су Чы [лідаркі апазіцыі М’янмы, якую пазней вінавацілі ў датычнасці да генацыду. – Рэд. belsat.eu]). У праваабаронцаў куды менш магчымасцяў, чым у палітыкаў, прыйсці да ўлады і прымаць папулярныя для сваіх прыхільнікаў, але непрымальныя для праваабарончай супольнасці рашэнні», – мяркуе палітолаг.

На яго думку, дзейны палітык можа зараз атрымаць прэмію толькі «за канкрэтныя экстраардынарныя міратворчыя крокі і пры гэтым маючы рэпутацыю дэмакрата».

Hавiны
У Іране жанчын без хіджаба пачалі шукаць з дапамогаю камераў назірання
2023.04.09 13:13

«Прэмія Наргес Магамадзі – гэта наўпроствае падтрыманне іранскай апазіцыі і яе позвы. Камітэт наўпрост заявіў, што вырашыў прысвяціць прэмію 2023 года сотням тысяч іранцаў, якія на працягу мінулага года пратэставалі ў Іране супраць дыскрымінацыі жанчын пад лозунгам «Жанчына – Жыццё – Свабода». Зразумела, іранскія ўлады расцэньваюць прысуджэнне прэміі Наргес Магамадзі як варожы крок – тым больш, што яны ўзмацняюць жорсткасць сваёй палітыкі ў дачыненні да апазіцыі і непакорлівых жанчын. У мінулым месяцы парламент прыняў закон аб узмацненні жорсткасці пакарання за «парушэнне культуры цноты», гэта значыць за адмову насіць хіджаб. Але Нобэлеўскі камітэт пазіцыя іранскіх уладаў зусім не цікавіць», – лічыць Макаркін.

Хто такая Наргес Магамадзі

Наргес Магамадзі – ужо другая лаўрэатка Нобэлеўскай прэміі міру з Ірану. 20 гадоў таму, у 2003 годзе, яе атрымала іншая іранская праваабаронца Шырын Эбадзі, якая ўзначальвае Цэнтр абаронцаў правоў чалавека (ЦАПЧ). Віцэ-прэзідэнткай у гэтым цэнтры і з’яўляецца Магамадзі.

Праваабаронца нарадзілася ў 1972 годзе ў іранскім Курдыстане. Упершыню яе затрымлівалі яшчэ падчас навучання ва ўніверсітэце, дзе яна належала да апазіцыйных студэнцкіх груповак. Магамадзі працавала журналісткай у некалькіх рэфармісцкіх газетах і апублікавала кнігу палітычных эсэ пад назвай «Рэформы, стратэгія і тактыка». У 2003 годзе яна далучылася да ўжо згаданага Цэнтру абаронцаў правоў чалавека.

Аналітыка
Хэпі-энд для Беларусі. Чаму беларусаў можа навучыць досвед Курдыстану?
2023.06.08 11:45

У 1999 годзе Магамадзі выйшла замуж за свайго калегу-рэфарматара Тагі Рагмані, якога неўзабаве пасля гэтага ўпершыню асудзілі. У 2012 годзе ён пераехаў у Францыю, адседзеўшы агулам 14 гадоў, але Магамадзі засталася ў Іране.

За крытыку іранскіх уладаў яе ў 1998 годзе асудзілі на год зняволення. Чарговы раз яе пасадзілі ў 2010 годзе за сяброўства ў ЦАПЧ. Падчас зняволення ў яе пагоршылася здароўе, развілася эпілепсія. У выніку яе вызвалілі і дазволілі легчы ў больніцу.

У 2011 годзе ёй прысудзілі 11 гадоў зняволення, прызнаўшы вінаватай у «дзеяннях, накіраваных супраць нацыянальнай бяспекі, сяброўстве ў ЦАПЧ і прапагандзе супраць рэжыму». У 2012-м тэрмін зняволення скарацілі да шасці гадоў, а ў выніку міжнароднага ціску наагул вызвалілі з вязніцы.

У 2015 годзе Магамадзі прысудзілі да 10 гадоў зняволення за заснаванне кампаніі супраць смяротнага пакарання, змову супраць нацыянальнай бяспекі, прапаганду. У вязніцы яна знаходзілася да кастрычніка 2020 года.

Разбор
Душаць пратэсты і пастаўляюць дроны Расеі. Што адбываецца ў Іране, і што з гэтым можна зрабіць
2022.10.24 16:03

Пасля выхаду на волю яна працягнула займацца праваабарончай дзейнасцю. У прыватнасці, рыхтавала справаздачы супраць смяротнага пакарання, заяўляла пра сексуальны гвалт і жорсткае абыходжанне з жанчынамі ў турмах.

Але яшчэ падчас знаходжання ў зняволенні супраць яе пачалі новую справу – за сядзячую забастоўку, зладжаную жанчынамі-палітвязнямі ў турме Эвін у знак пратэсту супраць забойстваў і арыштаў пратэстоўцаў сіламі бяспекі ў лістападзе 2019 года.

У траўні 2021 года ёй завочна прысудзілі два з паловай гады турэмнага зняволення, 80 удараў бізуном і два штрафы, у тым ліку за «распаўсюд прапаганды супраць сістэмы». Але і з вязніцы яна працягвае паведамляць пра парушэнні правоў жанчын, фізічны і сексуальны гвалт у дачыненні да ўдзельніц пратэстаў 2022-2023 гадоў.

На момант уручэння Нобэлеўскай прэміі іранка Наргес Магамадзі, як і беларус Алесь Бяляцкі, знаходзіцца ў зняволенні.

Аналітыка
«Нічога не стрымлівае, каб прыхавана весці справы». Як санкцыі і зброя збліжаюць Беларусь і Іран
2022.11.23 08:35

Макар Мыш belsat.eu