news
Гісторыі
Хэпі-энду не будзе? Чаму Тыбет не зусім удалы прыклад для Беларусі
Чаму краіны імкнуцца не заўважаць тыбецкага пытання?
03.08.202308:00

У 2022 годзе былы патэнцыйны кандыдат на прэзідэнта Беларусі Валер Цапкала, агітуючы за ідэю стварыць беларускі парламент у эміграцыі, сярод іншага прыводзіў прыклад і Асамблеі тыбецкіх народных дэпутатаў, што з 1960 года дзеіць у дыяспары. Хоць эмігранцкі парламент і не дапамог Тыбету аднавіць сваёй незалежнасць ад Кітаю. Няма сваёй дзяржаўнасці і ў суседняга народу – уйгураў. «Белсат» паспрабаваў разабрацца, чаму так адбываецца.

Заходнія рэгіёны Кітаю – Сіньцзян-Уйгурскі (СУАР) і Тыбецкі аўтаномныя раёны – ці не самыя знакамітыя пратэставыя часткі КНР. Пры гэтым, у адрозненне ад Гон-Конгу, дзе жывуць тыя ж ханьцы (этнічныя кітайцы), СУАР і Тыбет насяляюць народы з асобнаю гісторыяй, моваю, культурай і нават уласным досведам сучаснай дзяржаўнасці. Напрыклад, уйгуры ў 1933 годзе ўтварылі Ісламскую Рэспубліку Усходні Туркестан, а будысцкая манархія ў Тыбеце заставалася незалежнаю ажно да 1951-га. Існуюць у абодвух народаў і свае эмігранцкія ўрады.

Аднак Кітай дасюль кіруе абодвума рэгіёнамі. Хоць перыядычна здараюцца і пратэсты. Напрыклад, у 2008 годзе масавыя хваляванні ахапілі Тыбет, а ў 2009 годзе – сталіцу СУАР Урумчы. Але ці здольныя яны прывесці да незалежнасці ўйгураў і тыбетцаў?

Мужчына трымае плакат з надпісам «Правы чалавека ў Тыбеце» на дэманстрацыі супраць прыгнёту Тыбету. Берлін, Нямеччына. 10 сакавіка 2023 года.
Фота: Annegret Hilse / Reuters / Forum

Нацыі з лідарам і без

Беларускі эксперт у нееўрапейскіх цывілізацыях Яўген Красулін у размове з «Белсатам» падкрэсліў: кажучы пра сепаратызм у нацыянальных ускраінах КНР, варта разумець, што большасць людзей там жадае жыць спакойна, мець фінансавыя перспектывы, а «працяглая барацьба за незалежнасць для іх не надта актуальная».

Галоўная кансультантка Нацыянальнага інстытуту стратэгічных даследаванняў (Украіна) Аліна Грыцэнка да таго ж распавяла «Белсату» пра этнічную неаднароднасць жыхароў гэтых рэгіёнаў. Адрознівае іх і стаўленне да Пекіну. Напрыклад, сярод сепаратыстаў Сінь-Цзяну ёсць як радыкальныя прыхільнікі незалежнасці, гэтак і больш умераныя аўтанамісты.

Аналітыка
Хэпі-энд для Беларусі. Чаму беларусаў можа навучыць досвед Курдыстану?
2023.06.08 11:45

Ключавым жа фактарам, які яднае жыхароў СУАР, Грыцэнка лічыць іслам і імкненне жыць у мусульманскай краіне. Звязаная з палітыкаю рэлігія ёсць важным фактарам і для тыбетцаў.

«Тыбецкі будызм – гэта той падмурак, на якім трымаюцца тыбетцы і дасюль працягваюць функцыянаваць», – адзначыла Грыцэнка.

Пры гэтым тыбецкі рух, у адрозненне ад уйгурскага, карыстаецца большаю вядомасцю і падтрыманнем за мяжою. Красулін тлумачыць гэта тым, што ў тыбецкай апазіцыі ёсць фігура, якая рэпрэзентуе яе: Далай-Лама XIV, уйгуры такой не маюць.

«Вось што значыць не мець свайго міжнародна прызнанага прадстаўніка. Нацыі ў складанай сітуацыі з лідарам за мяжою маюць значную перавагу над іншымі падобнымі нацыямі», – адзначыў эксперт.

Паводле суразмоўцы, адсутнасць цэнтру вельмі моцна аслабляе магчымасці змагання народаў за свае правы. І менавіта Далай-Лама XIV «робіць тыбецкае пытанне актуальным і цікавым для людзей у замежжы».

«Імёны ж уйгурскіх лідараў могуць назваць толькі вельмі вузкія спецыялісты. Гэта адразу зніжае інтарэс да праблемы», – сказаў Красулін.

Як адзначыла Грыцэнка, нават у КНР некаторыя тыбетцы дасюль лічаць Далай-Ламу вярхоўным кіраўніком і дасюль захоўваюць ягоныя фотаздымкі, хоць у Кітаі гэта забаронена.

Пры гэтым, дадаў Красулін, улады Кітаю разумеюць праблему тыбецкага лідарства. Але ім дапамагае тое, што дзейнаму Далай-Ламу ўжо 88 гадоў. Паводле правілаў, пасля ягонай смерці пераемніка трэба шукаць у асобе дзіцяці, у якім перародзіцца папярэднік. Урад Кітаю ўжо ўтварыў адмысловы камітэт са сваіх чыноўнікаў, якія будуць шукаць новага Далай-Ламу, «што, канечне, Далай-Ламу і тыбетцаў не асабліва задавальняе». На думку Красуліна, у будучыні гэта можа прывесці да «розных» падзеяў у Тыбеце і вакол яго.

Асіміляцыя і перавыхаванне

Красулін адзначыў, што ўсе некітайскія рэгіёны КНР зазнаюць вельмі моцную культурніцкую асіміляцыю. Таксама адбываецца масавы пераезд ханьцаў у нацыянальныя ўскраіны, каб «разбавіць» мясцовае насельніцтва і зменшыць пагрозу сепаратызму.

Эксперт падкрэсліў, што пекінскі ўрад гэтага вельмі баіцца і пільна вывучае досвед Савецкага Саюзу, каб ягоны распад не паўтарыўся ў Кітаі.

«Я думаю, што поспехі ёсць у гэтым кірунку», – падкрэсліў Красулін.

Вучні падчас лекцыі тыбецкай мовы ў эксперыментальнай пачатковай школе Чамдо. 5 кастрычніка 2020 года.
Фота: Jigme Dorje / Xinhua News Agency / Forum

І хоць, паводле эксперта, «нельга казаць, што ўсё вынішчаецца ўшчэнт, але відавочна, куды гэта вядзе». Напрыклад, у СУАР прапаганда скіраваная на тое, каб паказаць «агрэсіўна і навязліва», што Сінь-Цзян – гэта частка Кітаю. Дадаткова зніжае матывацыю займацца сваёй мовай і культурай і тое, што дзеля паспяховай кар’еры трэба валодаць кітайскаю мовай і ўключацца ў агульнае ханьскае асяроддзе.

З 2017 года ў Сінь-Цзяні дзеіць асаблівая сістэма лагераў для перавыхавання ўйгураў ды іншых мясцовых мусульманскіх народаў. Паводле некаторых падлікаў, праз іх прайшлі больш як 1,3 мільёна чалавек.

Але нават у тых, хто не ў лагеры, часцяком забіраюць дакументы, каб перашкодзіць выезду за мяжу. Калі ж там сустрэнешся з нейкімі апазіцыйнымі сіламі, то «лепш, канечне, не вяртацца на радзіму», бо «з вялікаю доляю верагоднасці» можна трапіць у лагер для перавыхавання, распавёў Красулін.

Не толькі пугай, але і пернікам

Тым не менш, заявіў Красулін, улады ўсё ж не зацікаўленыя цалкам знішчаць асаблівасці гэтых рэгіёнаў, асабліва ў папулярным сярод турыстаў Тыбеце. Як адзначыла Грыцэнка, Пекін нават укладае вялікія грошы ў іх развіццё і развіццё іх эканомікі ды інфраструктуры. Гэта таксама змяншае незадаволенасць мясцовага насельніцтва ханьскімі ўладамі.

Паводле эксперткі, улады нават пачалі аднаўляць тыбецкія манастыры, што былі разбураныя ў час Культурнай рэвалюцыі 1966–1976 гадоў. Пры гэтым самыя манастыры застаюцца аб’ектам моцнага кантролю, у іх усталяваныя камеры відэаназірання, якія адсочваюць, «чым манахі займаюцца». Грыцэнка дадала, што Пекін хацеў бы скараціць колькасць тыбецкіх манахаў «да нейкай вельмі зручнай кіраванай колькасці», бо манастыры дасюль застаюцца апораю тыбецкай народнасці.

«Яны, вядома, не займаюцца адкрытаю прапагандаю руху за незалежнасць, але некаторых з іх кітайцы прымушаюць праходзіць школу патрыятызму і падпісваць абавязак аб прызнанні Камуністычнай парты і адмову ад прызнання Далай-Ламы як вярхоўнага кіраўніка», – распавяла Грыцэнка.

Самаспаленне як форма пратэсту

Як адзначыла Грыцэнка, выступленні супраць кітайскіх уладаў адбываюцца не толькі ў выглядзе пратэстаў. Напрыклад, сярод тыбетцаў сталі папулярнымі акты самаспалення, у тым ліку і за межамі ўласна Тыбецкага аўтаномнага раёну:

«Падобныя дзеянні ўплываюць на імідж Кітаю, які крытыкуюць за правы чалавека. Таму кітайцы настолькі сур’ёзна ставяцца да гэтага пытання, што сваякі чалавека, які здзейсніў акт самаспалення, павінны будуць вымушаныя заплаціць штраф. Ім забароняць займаць дзяржаўныя пасады».

Разбор
Хэпі-энд для Беларусі. Чатыры сцэнары таго, як ён можа адбыцца
2023.06.30 07:15

Яшчэ адною формаю пратэсту ёсць эміграцыя. Тыбетцы пераважны выязджаюць у Індыю, куды ўцёк і Далай-Лама, а ўйгуры – у краіны Цэнтральнай Азіі. Найбольш радыкальныя жыхары СУАР могуць паехаць і ў Афганістан, каб падрыхтавацца ў мясцовых ісламістаў. Тым не менш, КНР выкарыстоўвае даволі сурʼёзныя механізмы для стрымлівання пратэставага руху.

«Для іх гэта крытычна важна, бо ў Пекіне абсалютна шчыра лічаць гэтыя рэгіёны складоваю часткаю Кітаю», – распавяла экспертка.

Да таго ж Сіньцзян-Уйгурская аўтаномная акруга вельмі важная эканамічна і стратэгічна для КНР, бо праз яе пралягае ініцыятыва «Адзін пояс – адзін шлях», што злучае Кітай з краінамі Цэнтральнай Азіі і Еўропы. На думку эксперткі, тое, якую ўвагу Кітай надае краінам Цэнтральнай Азіі на фоне паслаблення Расеі, як ён развівае інфраструктуру, паўплывае таксама і на СУАР, спрыяючы яго развіццю.

Акцыя пратэсту «Не Пекіну-2022». Прыхільнікі Тыбету і ўйгураў і актывісты, якія выступаюць супраць КПК, сабраліся насупраць Бі-бі-сі ў Лондане, каб заклікаць тэлевізію байкатаваць Гульні 2022 года. 4 студзеня 2022 года.
Фота: Thomas Krych / Zuma Press / Forum

«Яны будуць прыкладаць усе магчымыя намаганні для таго, каб развіваць эканамічна рэгіёны і стрымліваць усплёск сепаратызму», – заключыла Грыцэнка.

Ці разваліцца Кітай?

Красулін адзначыў, што міжнародная супольнасць да незалежнасці Тыбету і Сінь-Цзяну ставіцца негатыўна. Ніхто не заклікае да іх свабоды, усе іх прызнаюць часткамі Кітаю, аднак парушэнне правоў чалавека ў іх усё ж прыводзіць да міжнародных праблемаў Пекіну.

Праўда, Індыя падтрымлівае тыбецкі эмігранцкі ўрад яшчэ з часоў вайсковага канфлікту з КНР у 1962 годзе, «калі было вырашана прыняць ворага майго ворага». Аднак, адзначыў Красулін, апошнім часам Індыя, «хоць гэта сама буйная дэмакратыя, паводле колькасці насельніцтва, вагаецца, ці не абраць ёй іншы лагер».  Паколькі тыбецкае пытанне стварае дадатковыя супярэчнасці паміж Індыяй і Кітаем, то існуе верагоднасць, што ў выпадку смерці дзейнага Далай-Ламы Дэлі ўжо будзе не трэба даваць прытулак ягонаму пераемніку.

Разбор
Хэпі-энд для Беларусі. 5 фактараў, што перашкаджаюць яму адбыцца
2023.06.23 14:07

Цэнтральнаазіяцкія краіны, блізкія моўна, культурна і рэлігійна ўйгурам, паводле эксперта, агулам «імкнуцца не заўважаць» уйгурскага пытання, бо для іх стасункі і эканамічная супраца з Пекінам больш істотныя. Для іх (і не толькі) гэта нутраная справа Кітаю, які змагаецца з пагрозамі тэрарызму і сепаратызму.

Спадзявацца ж на агульнае аслабленне Кітаю пакуль таксама не даводзіцца:

«І Штаты, і Кітай спрабуюць адшукаць нейкі кампраміс, наладзіць стасункі і знайсці пункты судакранання, каб на дваіх сцяміць, як ім кіраваць светам. Штаты ўжо разумеюць, што прасцей дамовіцца, чымся спрабаваць ісці ў лабавое сутыкненне. Усё ж гэта дзве ядравыя дзяржавы», – падкрэсліла Грыцэнка.

На думку адмыслоўцы, для абедзвюх краінаў ідэальным варыянтам было б захаваць статус-кво.

Тым не менш Красулін не выключае, што, калі аслабне цэнтральны ўрад, тэрыторыя Кітаю можа, як і ў 1911 годзе, ізноў стацца «арэнаю боек паміж рознымі народамі, якія ўваходзяць у склад Кітаю, і мы можам нават пабачыць змену палітычнай мапы». Ён нагадаў: калі ўпала імперыя, «Кітай фактычна разваліўся».

Аднак, падкрэсліла Грыцэнка, калі гэта і адбудзецца, то не ў кароткатэрміновай і не ў сярэднетэрміновай перспектыве.

Аналітыка
Хэпі-энду для Беларусі не будзе? Чаму КНДР і сям’я Кімаў дасюль «жывейшая за ўсіх жывых»
2023.07.03 16:38

Макар Мыш belsat.eu