Беларусь імкліва губляе прадпрымальнікаў


Ляхавічы, Браслаў альбо Талачын. Прыкладна на насельніцтва аднаго з гэтых райцэнтраў за мінулы год зменшылася колькасць прадпрымальнікаў у Беларусі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту, 1 студзеня 2023 у Беларусі было больш за 262 з паловаю тысячы ІП. Роўна праз год – 252 з паловаю тысячы. Розніца – больш за 10 тысяч чалавек.

«Гэта вынікі мэтанакіраванай палітыкі ўладаў, якія імкнуцца цалкам выціскаць гэтых самых індывідуальных прадпрымальнікаў з рынку, і гэта робіцца ў першую чаргу з дапамогай забароннага ўзроўню падаткаў для гэтай часткі прадпрымальніцкай супольнасці», – зазначае бізнесовец, блогер, вядоўца праграмы «Атма$фера» Аляксандр Кныровіч.

2024 год пачаўся для прадпрымальнікаў падвышэннем сплатаў у бюджэт. На 7 % выраслі стаўкі адзінага падатку.

Паводле ж намесніка міністра эканомікі Уладзіміра Навумовіча, змяншэнне колькасці ІП звязанае з тым, што прадпрымальнікі актыўна пераафармляюцца ў юрыдычныя асобы. Але лічбы гэтага не пацвярджаюць: у той час як за мінулы год зарэгістравалі ўсяго 4 тысячы юрыдычных асобаў, прадпрымальнікаў паменела больш чым на 10 тысячаў.

«Індывідуальныя прадпрымальнікі – гэта ўсё ж бізнесоўцы, яны разумеюць, што калі яны пяройдуць у юрыдычную асобу, гэта будуць большыя страты, гэта будзе больш падатку і больш кантролю з боку ўладаў», – кажа Аляксандр Кныровіч.

Адметна і тое, што ў Менску трэці год не рэгіструюць новых ІП. Афіцыйна тлумачаць гэта «тэхнічным збоем». У выніку сталіца найбольш імкліва губляе прадпрымальнікаў – больш за 6 тысяч за апошні год.

«Калі б улады былі зацікаўленыя ў развіцці прыватнага бізнесу як драйверу эканомікі, гэтыя тэхнічныя збоі былі б ліквідаваныя цягам месяца-двух пасля іх выкрыцця», – мяркуе эканамістка Аліса Рыжычэнка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пратэсты дармаедаў у Беларусі ў 2017 годзе.
Фота: Крым.Реалии

Іншая важная прычына, чаму ўлады вядуць вайну з прадпрымальнікамі, – палітыка. У бізнесоўцах рэжым бачыць незалежных людзей. І не толькі ў фінансавым сэнсе, зазначае Аліса Рыжычэнка.

«Мы назіралі і ў 2020 годзе, як прыватныя прадпрымальнікі падтрымлівалі актывістаў, падтрымлівалі людзей, якія выходзілі на пратэсты, і самыя выходзілі. І, натуральна, у такіх людзях нелегітымная ўлада не зацікаўленая».

Сапраўды, пасля 2020-га Лукашэнка неаднаразова наракаў: маўляў, дапусцілі зашмат свабоды ў сферы бізнесу і атрымалі пратэсты з актыўным удзелам працаўнікоў IT-сферы і прадпрымальнікаў.

Што ж да скарачэння колькасці прадпрымальнікаў, зʼявіўся яшчэ адзін чыннік, што можа паскорыць гэты працэс. Калі раней быць зарэгістраваным ІП азначала не трапіць у базу дармаедаў, то ад сёння занятымі ў эканоміцы будуць лічыць толькі тых, хто плоціць падаткі.

Алесь Яшчанка, «Белсат»