Новая пастанова ўраду: у базу дармаедаў трапяць яшчэ больш беларусаў?


Вырошчваеце капусту ці гадуеце курэй на сваім прыватным зямельным участку? Раней такі занятак гарантаваў: у базу дармаедаў вы не трапіце. Цяпер жа – не гарантуе.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Каб і далей лічыцца асобаю, занятаю ў эканоміцы, вы не можаце быць за межамі краіны больш як трыццаць дзён на квартал. Да таго ж, вы мусіце мець рэгістрацыю пры месцы жыхарства ў Беларусі. Адпаведныя змяненні ўрад замацаваў сваёй пастановаю нумар 53.

«Патэнцыйна, можа быць, з розных ацэнак ад 400 да 700 тысяч чалавек, уваходзіць у гэтую кагорту паводле вось гэтай новай пастановы. Таму гэта вельмі вялікая колькасць людзей. І, канечне, усе гэтыя дармаедскія камісіі не сумеюць адразу апрацаваць такую колькасць людзей. Але патэнцыйна гэта велізарная колькасць беларусаў», – мяркуе прадстаўнік НАУ, былы працаўнік Берасцейскага аблвыканкаму Арцём Брухан.

Каб не лічыцца дармаедамі, фактычна пражываць у Беларусі мусяць і бацькі ці апекуны дзіцяці з інваліднасцю, а таксама жанчыны, якія выхоўваюць дзіця, малодшае за 7 гадоў, або траіх і больш непаўналетніх. Такія бацькі таксама не могуць заставацца за мяжою больш за 30 дзён на квартал. Выключэнне – выезд за мяжу на лячэнне. Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў зазначае:

«Нават тыя, хто ніяк не праяўляў сябе палітычна, калі яны жывуць за межамі Беларусі, – для ўлады таксама, па-першае, здраднікі, па-другое, патэнцыйна дойныя каровы, з якіх трэба браць грошы. І іхны адзіны грэх толькі ў тым, што яны жывуць не ў Беларусі».

У новай пастанове адзначаецца: расейскае Міністэрства ўнутраных справаў будзе перадаваць у Беларусь звесткі пра грамадзянаў нашае краіны, якія выехалі за мяжу праз Расею. Гаворка пра беларусаў ад 18 гадоў і да пенсійнага веку, якія адсутнічалі больш за трыццаць дзён на квартал. Раней такія звесткі ў «дармаедскую» базу перадаваў толькі Памежны камітэт Беларусі.

«Рэжым хоча пашыраць гэты кантроль і ўзаемадзейнічаць з той жа Расеяй. Усё гэта вельмі добра кладзецца ў кантэкст паседжання Найвышэйшага дзяржаўнага савету саюзнай дзяржавы, што адбыўся ў Расеі», – кажа Арцём Брухан.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сяргей Пятрухін асвятляе пратэст супраць дэкрэту №3.
Фота: Белсат

Паводле сумна вядомага дэкрэту №3 Лукашэнкі, грамадзяне, якія цягам паўгода не плацілі падаткаў, мусілі аддаць дзяржаве дваццаць базавых за нібыта іхнае ўтрыманне. У 2017 гэта выклікала пратэсты па ўсёй Беларусі.

У выніку Лукашэнка адправіў дэкрэт на дапрацоўванне. Пасля 2019 беларусы, унесеныя ў спісы незанятых у эканоміцы, мусяць плаціць за некаторыя камунальныя паслугі паводле вышэйшых тарыфаў. Да тэмы ж так званых дармаедаў Лукашэнка вяртацца не перастаў.

Што ж да новае пастановы, закране яна і індывідуальных прадпрымальнікаў. З 5 лютага занятымі ў эканоміцы будуць лічыцца толькі тыя ІП, якія плацяць падаходны або адзіны падатак. Раней, каб не трапіць у нібыта дармаеды, хапала быць проста зарэгістраваным як індывідуальны прадпрымальнік.

Алесь Яшчанка, «Белсат»