З чым звязваюць рэкордны рост заробкаў беларусаў?


Ад 13 % да амаль 36 %. На столькі, паводле Белстату, у лістападзе мінулага года ў параўнанні з лістападам 2022 г. выраслі сярэднія заробкі ў Беларусі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Найбольш аплата працы павялічыліся ў работнікаў Гомельскай вобласці – на 16 %. Такі салідны рост адбываецца нават у рэальным значэнні, то бок пасля выліку тэмпаў інфляцыі. Сталіца, як заўсёды, паказвае прыклад: рост рэальных заробкаў у Менску ў параўнанні з 2022 г. адзначаецца 8 месяцаў запар.

Ці падмацоўваецца рост заробкаў павышэннем вытворчасці? Анастасія Лузгіна з Цэнтру эканамічных даследаванняў «BEROC» звяртае ўвагу:

«Калі вельмі хутка растуць заробкі, адпаведна, мусіць хутка расці і вытворчасць. То бок эфект ад гэтай працы чалавека таксама мае расці. Але прадпрыемствы не могуць так хутка перастройваць свае тэхналогіі, каб падвышаць вытворчасць».

Як зазначае экспертка, разагрэў эканомікі, які цяпер назіраецца, можа цягам года прывесці да росту цэнаў і дэвальвацыі беларускага рубля.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Сцяпан Цюшкевіч / 1prof.by

Ёсць і іншыя – дэмаграфічныя – чыннікі росту заробкаў. На пенсію выходзіць даволі шмат беларусаў, а на змену ім прыходзіць малалікае пакаленне людзей, народжаных у 1990-я гады. На гэта звяртае ўвагу акадэмічны дырэктар Цэнтру эканамічных даследаванняў «BEROC» Леў Львоўскі:

«Пры ў цэлым рэцэсіўнай эканоміцы ў нас звышнізкая інфляцыя, людзей не хапае, па апытаннях кампаній людзей не хапае. Ну і па законах эканомікі, калі нейкага тавару становіцца менш, ён пачынае каштаваць даражэй. Тавар – гэта ў дадзеным выпадку праца беларусаў».

Рост заробкаў у Беларусі – гэта не толькі эканамічны, але і палітычны чыннік.

«Для рэжыму Лукашэнкі заўсёды вось гэтыя лічбы і сярэднія заробкі – гэта было тое, што ён абяцаў, – зазначае рэдактар «Беларусского ежегодника» Вадзім Мажэйка. – Канешне, пасля 2010 году Лукашэнка паабяцаў заробак у 1000 долараў, гэта так і не спраўдзілася. Абяцаць ён перастаў, але гэта не адмяняе такога факту, што ён стараецца, каб сітуацыя была лепей эканамічная, ці прынамсі так бы для людзей выглядала».

Не трэба забывацца і на парламенцкія выбары, што маюць адбыцца 25 лютага. Перад папярэднімі электаральнымі кампаніямі ўлады падвышалі заробкі, пенсіі ды іншыя сацыяльныя выплаты.

Аляксандр Дегцяроў, «Белсат»