Лукашэнка падпісаў закон пра ўпарадкаванне рэлігіі


Партыі перарэгістравалі – з палітыкаю разабраліся. На чарзе – рэлігія. Лукашэнка падпісаў закон, які мае змяніць дзейнасць рэлігійных арганізацыяў у Беларусі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«У тым ліку гэты закон мусіць фактычна ўвесці цэнзуру, таму што цэрквы (і ў тым ліку нядзельныя школы для дзяцей ці дарослых) мусяць паказваць праграму і тое, што яны гавораць, у дзяржаўныя органы. Дзяржаўныя органы могуць прыйсці з правяраннем і пачаць правяраць, што насамрэч гавораць у той ці іншай царкве», – кажа пастар царквы Святой Тройцы ў Варшаве Зміцер Хведарук.

Паводле новага закону, калі дзейнасць рэлігійнай установы не адпавядае асноўным кірункам унутранай ці вонкавай палітыкі краіны або канцэпцыі нацыянальнай бяспекі – яе могуць зліквідаваць.

Забараняецца рэлігійным арганізацыям, сярод іншага, займацца палітычнай дзейнасцю, прапагандаваць вайну ці варожасць, выкарыстоўваць сімволіку, адрозную ад рэлігійнай. Апроч таго, у законе прапісаныя забарона на нанясенне шкоды здароўю сябрам арганізацыі, прымусовае забіранне ў іх маёмасці і перашкоды выхаду з арганізацыі. Выглядае прыгожа, але…

«У Беларусі законы дзеюць вельмі выбарачна, таму калі дзесьці забараняюць распальваць варожасць расавую, рэлігійную ці нацыянальную або не казаць пра вайну, то мы і далей, хутчэй за ўсё, будзем сутыкацца з тым, што Свята-Елісавецінскі манастыр і іншыя такія арганізацыі будуць далей падтрымваць ваенныя дзеянні Расейскай Федэрацыі, збіраць гуманітарную дапамогу, плесці сеткі. І, думаю, што адказнасці яны не панясуць», – адзначае Зміцер Хведарук.

Паводле новага закону ўзмоцняцца патрабаванні для рэгістрацыі рэспубліканскага рэлігійнага аб’яднання: трэба будзе, каб у яго былі рэлігійныя грамады ва ўсіх вобласцях і ў Менску. Пры гэтым прынамсі адная з абавязковых пятнаццаці грамадаў мусіць дзеяць на менш за трыццаць гадоў. То бок фактычна падчас усяго існавання рэжыму.

Улады прагназуюць, што пасля перарэгістрацыі колькасць рэлігійных арганізацыяў зменшыцца.

«Не ўсе рэспубліканскія аб’яднанні пацвердзяць статус. Бо асобныя рэспубліканскія абʼяднанні ў цяперашнім выглядзе не маюць ва ўсіх рэгіёнах краіны свае рэлігійныя грамады», – казаў упаўнаважаны ў справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак летась у кастрычніку, прэзентуючы закон у Палаце прадстаўнікоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Касцёл святых Сымона і Алены. Менск, Беларусь. 13 лістапада 2022 года.
Фота: Белсат

Станам на пачатак мінулага года ў Беларусі зарэгістравана 3417 рэлігійных грамадаў. Яны належаць дваццаці пяці канфесіям. Пры гэтым калі праваслаўныя, каталікі ці хрысціяне веры евангельскай маюць свае грамады ў кожным рэгіёне Беларусі, то, напрыклад, стараабрадцы, сведкі Еговы ці мусульмане зарэгістраваныя толькі ў некаторых вобласцях.

«Наш канфесійны расклад – гэта хутчэй вынік постсавецкага працэсу. Безумоўна, Праваслаўная Царква нават у савецкі час была больш моцнай і ў яе было больш рэсурсаў, каб пачынаць адбудоўваць храмы, збіраць людзей і гэтак далей», – кажа тэалагіня Наталля Васілевіч.

На пачатку двухтысячных рэжым ужо рабіў перарэгістрацыю рэлігійных арганізацыяў. Тады, сярод астатняга, увялі патрабаванні наконт дваццаці сябраў-заснавальнікаў, забарону на набажэнствы ў прыватных будынках і перашкоды дзейнасці ў Беларусі для замежных прапаведнікаў. І хоць, паводле ўладаў, тады перарэгістрацыю паспяхова прайшлі дзевяноста дзевяць адсоткаў арганізацыяў…

«Мінулы закон, што выйшаў на пачатку XXI стагоддзя, паставіў пратэстанцкія і некаторыя каталіцкія цэрквы на мяжу выжывання і ўжо меў рэпрэсіўны характар. Многія пратэстанцкія цэрквы (у асноўным, баптысцкія) не прайшлі рэгістрацыі і мусяць дзеяць падпольна або паводле свецкага заканадаўства нелегальна», – падкрэслівае Зміцер Хведарук.

Пасля 2020-га рэжым Лукашэнкі мэтанакіравана пераследуе рэлігійныя арганізацыі. Паводле маніторынгу «Хрысціянскай візіі», праз палітычны пераслед прайшлі не менш як шэсцьдзесят святароў. У каталікоў практычна адабралі Чырвоны касцёл, а Вярхоўны Суд пакінуў у сіле пастанову пра ліквідацыю царквы поўнага Евангелля «Новае жыццё».

Ірына Дарафейчук, «Белсат»