На арганізатараў марафону «Нам не ўсё адно» завялі крымінальную справу


«Нам не ўсё адно». Следчаму камітэту – таксама. Галоўнае ўпраўленне распачало вядзенне супраць удзельнікаў анлайн-марафону салідарнасці з палітвязнямі. Падставаю для крымінальнай справы сталіся матэрыялы аператыўнікаў ГУБАЗіК.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«12 гадзінны эфір з развагамі знаходзячыхся ў вышуку злачынцаў і іншых дэструктыўных асобаў трансляваўся на ютуб-каналах радыкалаў, якія пакінулі Рэспубліку Беларусь. Следчымі ўзбуджана крымінальная справа за фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці. Санкцыя артыкула прадугледжвае да 8 гадоў пазбаўлення волі. Падазраванымі з’яўляюцца каля 60 чалавек з ліку арганізатараў марафону і іх памагатых», – заявілі ў МУС.

Следчыя органы на час рыхтавання гэтага матэрыялу не апублікавалі спіс 60-ці, так бы мовіць, «падазраваных». Аднак частку прозвішчаў агучыў прапагандысцкі тэлеграм-канал: гэта журналісты. У публікацыі асобна вылучылі: да марафону ў адносінах большасці з гэтых людзей крымінальных справаў не заводзілі, і фармальна яны не мелі перашкодаў для вяртання ў Беларусь, хаця і працавалі на так званыя экстрэмісцкія медыі. Сярод іх – журналіст «Белсату» Сяргей Падсасонны.

«Нарэшце ў Падсасоннага атрымалася. І таксама дзякую за гэтую крымінальную справу. Толькі так гэта можна ўспрымаць. Гэта азначае, што мы робім сваю справу добра і будзем працягваць яе рабіць. Нішто нас не спыніць. Ні ГУБАЗіКі, ні лукашэнкаўскія сілавікі, нішто іншае. Усе адно Беларусь будзе нашая і будзе вольная», – кажа Сяргей Падсасонны.

Трапіць у спіс так званых злачынцаў магла і сувядоўца Сяргея Падсасоннага, журналістка «Белсату» Анастасія Русецкая. Паводле яе, гэтая крымінальная справа сведчыць аб тым, што рэжым Лукашэнкі баіцца салідарнасці:

«Яны ўбачылі, што вось тры гады мінула, і нібыта ўсіх задушылі, а высветлілася, што не! Што людзі да гэтага часу засталіся тымі беларусамі, якія выходзілі ў 20-м, якія пратэставалі і да 20-га, і тымі людзьмі, якія гатовыя ўратаваць… Беларус беларуса гатовы ўратаваць у складанай сітуацыі. І вось гэтага яны баяцца больш за ўсе».

Вынікі марафону «Нам не ўсё адно»
Вынікі марафону «Нам не ўсё адно». Выява: Salidarnasc.com

Дабрачынны марафон сабраў на дапамогу палітзняволеным ды іхным семʼям амаль 575 тысяч еўраў. У Міністэрстве ўнутраных справаў мяркуюць, што гэтыя грошы арганізатары падзеляць паміж сабой дзеля «асабістага матэрыяльнага падсілкоўвання».

«Мы знаходзімся ў краіне Еўразвяза. У нас усё празрыста, падсправаздачна. У марафоне працуе наглядальная рада ў якую ўвайшло 8 прадстаўнікоў СМІ. І ў нас няма ніякіх падставаў баяцца, што могуць быць ужытыя нейкія санкцыі. Гэтая прапаганда не на чым не заснаваная», – тлумачыць прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету ў сацыяльных пытаннях Вольга Гарбунова.

Галоўная рэдактарка «Радыё Ўнэт» Вольга Сямашка – якраз адна з тых прадстаўнікоў медыяў, якія ўваходзяць у склад назіральнай рады.

«Што тычыцца грошай. Паколькі я ўваходжу ў назіральную раду гэтага марафону, я разумею механізм, як размяркоўваюцца грошы. Я разумею, як і каму яны выдзяляюцца. І са свайго боку магу сказаць, што пакуль да таго, як размяркоўваюцца грошы, у мяне пытанняў няма», – распавяла Вольга Сямашка.

На мінулым тыдні пятую частку сабраных сродкаў размеркавалі паміж профільнымі арганізацыямі. Агулам 104 тысячы еўраў атрымалі праваабарончая ініцыятыва дапамогі палітзняволеным «Dissidentby», дабрачынны фонд «Краіна для жыцця», дабрачынная арганізацыя «Littouwin Lions Club», фонд дапамогі беларусам у Літве «Razam», Беларуская рада культуры, «Анархічны чорны крыж – Беларусь» ды ініцыятыва «BY_help».

«Мы патрацілі грошы, якія да нас прыйшлі пакуль што на 4 кейсы. Трохі пачалі пяты. Гэта ўсе людзі ўнутры краіны. То бок я не магу называць іх прозвішчы, пакуль яны не выедуць. Калі яны выедуць, я ведаю, што мінімум двое пагадзіліся б размаўляць з журналістамі але пры ўмове, што яны выедуць», – распавядае сузаснавальнік фонду «BY_help» Аляксей Лявончык.

Таксама пятую частку сабраных сродкаў днямі атрымаў «BYSOL». Фонд перадасць гэтыя грошы семʼям палітзняволеных, а таксама тым вязням, што ўжо выйшлі на волю. Разавую выплату 500 еўраў атрымаюць дзвесце семʼяў, прынамсі сорак з іх дагэтуль не атрымлівалі ніякай дапамогі ад «BYSOL».

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»