Мінуў 27-ы дзень вайны на Блізкім Усходзе


Жаўнеры арміі абароны Ізраілю працягваюць разбураць лініі абароны «Хамасу» ў паўночнай частцы сектару Газа і браць пад кантроль новыя тэрыторыі, паведамляе Цагаль.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«За ноч войскі змагаліся з вялікаю колькасцю тэрарыстаў, якія спрабавалі зладзіць засаду. У канцы бою, які доўжыўся некалькі гадзінаў і ўключаў у сябе наземныя баі і агнявое падтрыманне з самалётаў і ракетных катараў, шматлікія тэрарысты былі забітыя», – заявіў прадстаўнік арміі абароны Ізраілю Даніель Гагары.

У Цагалю таксама ёсць страты. Ад моманту пачатку наземнай аперацыі Ізраіль амаль штодня хавае сваіх вайскоўцаў.

Тэрыторыю ж Ізраілю абстрэльваюць як з тэрыторыі сектару Газа, так і з Лівану. На ізраільска-ліванскай мяжы працягваюцца артылерыйскія дуэлі паміж Цагалем і «Хізбулой».

Уначы ізраільцяне з паветра нанеслі другі ўдар па так званым лагеры ўцекачоў, а фактычна паселішчы Джабалія ў Газе. Маўляў, там быў цэнтр кіравання сіламі «Хамасу».

У Міністэрстве здароўя Газы заяўляюць пра блізу дзвесце загінулых і 800 параненых мірных жыхароў у выніку гэтай атакі. ААН бачыць ва ўдарах па Джабаліі прыкметы ваеннага злачынства.

Між тым Егіпет працягвае трымаць адкрытым памежны з сектарам Газа кантрольна-прапускны пункт у горадзе Рафах. Але не для ўсіх. Эвакуююць толькі цяжкапараненых ды партыямі прапускаюць грамадзянаў іншых краінаў, а таксама чальцоў гуманітарных арганізацыяў.

«У асноўным гэта тыя людзі, якія не застануцца на тэрыторыі Егіпта, якія могуць выехаць у трэція краіны. Гэта значыць, у краіну свайго грамадзянства. Другога ці трэцяга. Гэта паслядоўная палітыка Егіпта, дазваляць выязджаць менавіта замежнікам», – кажа журналістка і блогерка з Егіпту Раяна Вольга Чарных.

Што ж да эвакуацыі звычайных жыхароў сектару Газа – у гэтым пытанні пакуль няма рашэння ні суседняга Егіпту, ні міжнароднай супольнасці.

Раён Аль-Рымаль у Газе
Раён Аль-Рымаль у Газе пасля ізраільскага абстрэлу. 9 кастрычніка 2023 года.
Фота: Hassan Islyeh / UNICEF

«Гэта пасланне лідарам заходніх дзяржаў, якія абавязаныя вырашыць пытанне, не вывозячы людзей за межы іх анклава, не пазбаўляючы іх дамоў. Таму што мы ў Егіпце тут добра памятаем і наступствы шасцідзённай вайны і вайны Суднага дню», – дадае Раяна Вольга Чарных.

Між тым вайна можа сур’ёзна адбіцца на эканоміцы Ізраілю. Асноўныя прычыны: мабілізацыя больш як трохсот тысячаў чалавек, адʼезд палестынскіх і замежных рабочых, памяншэнне спажывецкіх выдаткаў. Паводле агенцтва «Джэй Пі Морган», да канца гэтага года ВУП краіны можа скараціцца на 11 адсоткаў. Аднак можа дапамагчы кансалідацыя грамадства, упэўнены наш эксперт.

«Ёсць такія лятучыя атрады, якія ад аднаго сельскагаспадарчага паселішча ездзяць да іншага, дапамагаюць збіраць ураджай. Вось гэты недахоп людзей, інструментаў для рэалізацыі эканамічнага патэнцыялу, стрымлівання эканамічных шокаў народ кампенсуе», – кажа ўсходазнаўца, спецыяліст у эканоміцы Ізраілю Дзмітрый Мярʼясіс.

Ад пачатку новага вітка канфлікту на Блізкім Усходзе з боку Ізраілю загінулі ўжо больш за 1400 чалавек. Міністэрства аховы здароўя Газы заяўляе пра больш за 9000 забітых у сектары.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»