Снегапады і маразы – у Беларусі рэзка змянілася надвор’е


На змену анамальна цёпламу навагодняму надвор’ю ў Беларусь прыйшоў снег і мароз. У такіх па-сапраўднаму зімовых умовах пільнымі варта быць і пешаходам, і кіроўцам. Пра што трэба памятаць?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Аранжавы ўзровень небяспекі праз моцны снег. Уначы снегапады пачаліся на поўдні краіны. На раніцу вышыня снежнага покрыва месцамі дасягала 14-ці сантыметраў. Удзень у некаторых рэгіёнах снегапад працягваўся. У Гарадзенскай вобласці ўвялі план «Надворʼе». Паводле сіноптыкаў, мароз бліжэйшымі днямі ўзмоцніцца, па поўначы краіны магчымы нават да мінус 23-ох.

Складаныя метэаўмовы – выпрабаванне для кіроўцаў. Для кантролю дарожнай абстаноўкі вывелі дадатковых супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі.

У снежнае зімовае надворʼе найлепшы варыянт – пакінуць аўта ўдома. Калі ж мусіце сесці за стырно, выконвайце правілы бяспекі. Найперш памятайце пра адпаведную хуткасць і трыманне дыстанцыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Камунальная тэхніка падчас снегападу ў Беларусі. 11 снежня 2022 года.
Фота: БелТА / belta.by

Таксама паводле аўтаэксперта Сяргея Прудштэйна, вельмі важна на слізкай дарозе, асабліва на трасе, трымаць стырно прама. Бо інакш на хуткасці 60 плюс кіламетраў у гадзіну, калі рэзка крутануць стырно, аўта можа занесці і панесці ў лес, у поле, у канаву.

Не варта рабіць неабдуманых манеўраў, тым больш абгонаў. Асабліва, паводле эксперта, у моцныя снегапады, калі на дарозе ўзнікае гэтак званая каша.

«Калі нас нехта абганяе, гэтай кашай забівае цалкам лабавое шкло, таму рыхтуемся загадзя. Калі бачым, што машына абганяе, уключаем шчоткі загадзя, каб яны ўжо махалі».

Што ж да пешаходаў, памятайце пра флікеры. І нават на пешаходных пераходах не пачынайце рухацца, пакуль не ўпэўніцеся, што кіроўцы вас заўважылі і прапускаюць.

Дамініка Кунцэвіч, «Белсат»