Ва Украіне арыштавалі беларуса з роты «Тарнада»


Беларуса Даніла Ляшука з батальёну «Тарнада», які з’яўляецца прыхільнікам «Ісламскай дзяржавы», вінавацяць у цяжкіх злачынствах.

«Жорстка, але без страляніны, следчыя Галоўнай вайсковай пракуратуры, у выніку філіграннай аперацыі па затрымалі самага небяспечнага ды жорсткага з усіх падазраваных байцоў роты «Тарнада» з пазыўным «Маджахед» – грамадзяніна Беларусі Ляшука, які больш за 2 месяцы хаваўся ад суду і следства», – напісаў у Facebook кіраўнік вайсковай пракуратуры Анатолій Маціёс.

Паводле яго словаў, затрыманы вызнае каштоўнасці экстрэмісцкай арганізацыі «Ісламская дзяржава», з’яўляецца мусульманінам.

«Ляшук з надзвычайным цынізмам і дзёрзкасцю, жорсткасцю і бязлітаснасцю здзяйсняў найбольш жорсткія катаванні мясцовага насельніцтва ў Луганскай вобласці, арганізоўваў і прымаў непасрэдны ўдзел у згвалтаванні затрыманых, якіх ён разам з іншымі падазраванымі выкрадаў у карыслівых мэтах», – піша Маціёс.

Скандал з удзелам байцоў роты «Тарнада» адбыўся ва Украіне гэтым летам. Яшчэ з сакавіка вайсковая пракуратура расследавала абвінавачванні ў стварэнні злачыннай групоўкі, аднак толькі ў чэрвені ў Луганскай вобласці былі затрыманыя сем байцоў падраздзялення ў здзяйсненні цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў. Тады ж рота была расфармаваная, нагадвае тэлеканал «Дождь».

Даніла Ляшук вырас у Берасці, спяваў рэп, удзельнічаў у групоўках моладзі, пакуль не пераехаў у Севастопаль, піша «Наша Ніва». У Крыме пражыў два гады. Даніла Ляшук прайшоў шлях ад неанацызму да радыкальнага ісламізму, абвясціў Расеі джыхад і накіраваўся ваяваць ва ўкраінскую роту «Тарнада». Там быў паранены, трапіў у шпіталь.

Быў арыштаваны ў лазні пад Кіевам, дзе адпачываў з сябрамі.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў