Міліцыя, якая нас не беражэ – праваахоўнікі ізноў пацвердзілі свой негатыўны імідж, які гэтак намагаліся зняпраўдзіць у МУС


Міліцыянты не вінаватыя – грамадзяне самі правакуюць канфлікты. Так патлумачылі праваахоўнікі збіццё пажылога чалавека ў пераходзе метро, а таксама збіццё і затрыманне ўдзельнікаў велапрабегу «Крытычная маса». Так міліцыянты ізноў пацвердзілі свой негатыўны імідж, які гэтак намагаліся зняпраўдзіць у Міністэрстве ўнутраных справаў.

Гэтак скончыўся пятнічны заезд раварыстаў «крытычнай масы». Не менш за шэсць асобаў збілі і затрымалі. У шэрагу з іх правялі вобшукі, а двум – Станіславу Канавалаву і Дзмітрыю Паліенку – можа пагражаць крымінальная справа. Іх можа чакаць абвінавачанне ў аказанні супраціву праваахоўнікам, што спынялі хуліганства. Паводле сяброўкі Канавалава, затрыманым не дазволілі зняць пабоі, а сваякі не змаглі перадаць ім вопратку і ежу.

ЕЛІЗАВЕТА, СЯБРОЎКА СТАНІСЛАВА КАНАВАЛАВА:

«Стас быў у закладніках. Яны пачалі ператрус дому, то бок канкрэтна майго пакою – таго, дзе мы са Стасам жывем. Забралі жорсткія дыскі ды флэшкі, усе, што былі».

Менская міліцыя заяўляе, што раварысты парушалі правілы дарожнага руху ды самыя распачалі бойку з праваахоўнікамі. Падобным чынам сталічнае Упраўленне ўнутраных справаў тлумачыць і збіццё бяздомнага на станцыі метро «Пятроўшчына». Праваахоўнікі выклалі ў сеціва відэа, з якога мае вынікаць, што гэта міліцыянт стаў ахвяраю нападу. Але з яго выразалі кавалак, калі праваахоўнік б’е сабаку пажылога чалавека – гэты момант трапіў у аб’ектыў мінака. Былы следчы і праваабаронца Алег Волчак мяркуе, што, баронячы такія дзеянні, кіраўніцтва міліцыі можа перастарацца.

АЛЕГ ВОЛЧАК, «ПРАВАВАЯ ДАПАМОГА НАСЕЛЬНІЦТВУ»:

«З аднаго боку, Лукашэнку выгодны Шуневіч, што гэтак жорстка з усімі разбіраецца. З іншага боку, калі Беларусь направіла цёплыя стасункі з Бруселем і з ЗША – ён не патрэбны. Таму, тут, магчыма, працуе другая ступень ягонай карʼеры – хутчэй за ўсё будзе ягоная адстаўка».

Міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч яшчэ ў сакавіку ў адказ на крытыку айчыннай міліцыі патлумачыў, як сам бачыць сітуацыю, маўляў, гэта інфармацыйная вайна супраць МУС.

Тады справа датычыла збіцця журналіста парталу tut.by Паўла Дабравольскага ў будынку суда. Сёння той атрымаў канчатковую адмову Следчага камітэту. Паводле яе, Дабравольскі сам накінуўся на міліцыянтаў ды нецэнзурна лаяўся. На відэа інцыдэнту гэтага не бачна, і сам журналіст называе заяву Следчага камітэту хлуснёй. Праваабаронца заклікае да рашучага ціску.

АЛЕГ ВОЛЧАК, «ПРАВАВАЯ ДАПАМОГА НАСЕЛЬНІЦТВУ»:

«Натуральна, ува ўсіх выпадках – гэта перавышэнне службовых паўнамоцтваў. Павінна Мусіць быць разбіранне. Таму заклікаю ўсіх пацярпелых правесці прэсавую канферэнцыю, бо грамадства ў прынцыпе патрабуе, каб нейкі вынік быў».

Магчыма супраць міліцыянтаў сапраўды вядзецца інфармацыйная вайна, а ўзгаданыя выпадкі – адзінкавыя? Мы запыталіся ў менчукоў, ці пачуваюцца яны абароненымі поруч з праваахоўнікамі.

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ

«Я сябе, напрыклад абароненым не адчуваю, што мяне могуць абараніць. Наадварот – што прынізіць, дык гэта элементарна. Усе баяцца міліцыянераў».

«Няма ў нас такой гарантыі, я лічу. Бо апошнім часам, калі міліцыя неабгрунтавана ўжывае сілу. Я думаю, у прававой дзяржаве такога быць не павінна».

«Я бачу, як працуюць супрацоўнікі органаў унутраных справаў у нашай краіне і ёсць да іх пытанні. Гэта бачна і па раварыстам і ўвогуле шмат выпадкаў, калі яны ня ведаюць законаў».

Нядаўнія канфіскацыі матацыклаў, якія Шуневіч патлумачыў прафесійнаю помстай, брутальнае затрыманне раварыстаў, ужо не першае збіццё бяздомнага ў метро ды цвёрдае зняпраўджванне ўсіх фактаў з боку МУС. У інфармацыйнай вайне супраць праваахоўнікаў пакуль што найбольшыя страты яны наносяць сабе самыя.

УШ, belsat.eu

Стужка навінаў