У Бабруйску ад сэрцавага прыступу памерла актывістка, маці траіх дзяцей Ірына Сурыгіна, паведамілі ейныя сябры. Жанчыне было 39 гадоў. Пахаванне адбудзецца 18 красавіка а 15-й гадзіне.
«Была з малодшым сынам удома, сказала, што трошкі паляжыць, бо кепска сябе адчувала. І вось так – кажуць, не вытрымала сэрца», – распавёў сябар сям’і.
Вядома, што Ірына цярпела на гіпертанічную хваробу.
Развітанне з памерлай адбудзецца 18 красавіка а 15:00 па адрасе: вул. Пушкіна, 110, Бабруйск. Потым – пахаванне на могілках «Ламы».
У Ірыны засталіся трое дзяцей. Старэйшая дачка ўжо дарослая, ёй каля 20 гадоў – яна цяпер займаецца арганізацыяй пахавання. Пакуль невядома, хто будзе афармляць апеку над малодшымі дзецьмі. Вядома таксама, што ў жанчыны засталася моцна хворая маці, якая амаль не ходзіць.
Мы распавядалі пра Ірыну Сурыгіну ў 2021 годзе – жанчыну затрымлівалі і судзілі за фотаздымак з бел-чырвона-белым сцягам. Суд тады прызначыў ёй непад’ёмны штраф памерам амаль 2000 долараў, а сям’і яшчэ і далі статус сацыяльна небяспечнай. Міліцыянты пагражалі дзецям бабруйкі, што пасадзяць яе ў турму, а іх забяруць у прытулак.
Пасля тых падзеяў Ірына не з’ехала за мяжу, заставалася ў Бабруйску, бо трэба было даглядаць хворую маці.
«Ірына была вельмі добрым чалавекам і застанецца назаўжды ў памяці», – сказаў сябар сям’і, які папрасіў распавесці пра смерць жанчыны.
Марыя Міхалевіч belsat.eu