Лабірынты Жахі Паўлінкі


Пры канцы жыцця начныя жахі не давалі спакою Паўліне Мядзёлцы, выканаўцы галоўнай ролі ў класічнай п’есе Янкі Купалы «Паўлінка», якая выйшла ў Пецярбурзе ў 1913 г. Беларуская артыстка, педагог, мемуарыстка, грамадская дзяячка. Кім насамрэч была Паўліна Мядзёлка – ахвяраю нешчаслівага кахання ці хітраю, падступнаю жанчынаю, якая, бы тая Мата Хары, выконвала таемнае заданне?

Ейнае жыццё – гэта лёс Беларусі ў ХХ ст. Падзеленая дзяржаўнымі межамі, зняволеная, вымушаная ўцякаць і выжываць. Паўліна Мядзёлка жыла ў Вільні, Горадні, Лодзі, Берліне, Дзвінску. У 1925 г. перабралася ў Савецкую Беларусь, дзе займалася выкладчыцкаю дзейнасцю. Яе неаднаразова арыштоўвалі польскія, савецкія, латвійскія ўлады. Пасля таго як у 1931 г. яе выпусцілі з турмы ГПУ, яна трапіла ў псіхіятрычную лякарню.

Пазней, калі яе прызналі ўлады, з Мядзёлкаю шукалі сяброўства Уладзімір Караткевіч і Арсень Ліс, сям’я Гарэцкіх і Зоська Верас, яе падтрымлівалі высокія камуністычныя чыны і шанаваў Зянон Пазняк. Яе ведалі, любілі, цанілі.

За некалькі гадоў да смерці Паўліна Мядзёлка пачала актыўна ліставацца з Ларысаю Геніюш, паэткаю, што жыла ў мястэчку Зэльва на Гарадзеншчыне і прынцыпова не прымала савецкага грамадзянства. Мядзёлка прыехала да яе ў госці, шукала падтрымання.

Атэістку і шчырую прыхільніцу камуністычных ідэяў моцна цягнула да знакамітай дысідэнткі. І там, у сціплай хаце Геніюшаў, мінулае не давала ёй і гаспадарам спакойна спаць.

Чаму Ларыса Геніюш спачатку прыняла ў сябе прылашчаную савецкімі ўладамі Мядзёлку, а потым папрасіла яе больш не прыязджаць?

Якая таямніца падзяліла жанчын? Што ў 1969 г. здарылася паміж беларускімі літаратаркамі? Глядзіце ў чарговай серыі «Лабірынтаў».

Глядзець іншыя серыі «Лабірынтаў»

Глядзі таксама
Каментары