Як выдаткоўваюцца грошы на нацыянальную культуру?


Эксперт «Асабістага капіталу» Міхал Залескі аналізуе, чаму айчынная культура перабывае ў заняпадзе і як тое звязанае з эканамічным станам краіны і насельніцтва.

Беларуская нацыянальная культура праяўляе ўнікальную жывучасць і працягвае існаваць насуперак стараннай дзейнасці камуністычных і посткамуністычных адміністратараў. Як амаль усё ў гэтым жыцці, культура мае грашовае і статыстычнае вымярэнне на дзяржаўным узроўні ды ў кожнай сям’і.

Тым больш, статыстычнае ведамства да Міжнароднага дню культуры, што быў 15 красавіка, выдала тэматычны зборнік з вялікімі табліцамі ды прыгожымі малюнкамі. Цікава б было пачытаць, калі б не так сумна.

Выдаткі на культуру ў дзяржаўным бюджэце

Выдаткі на культуру ў дзяржаўным бюджэце складуць паводле Закону аб бюджэце амаль 147 мільёнаў рублёў, або 1,4 % усіх выдаткаў, што на гэты год прадугледжаныя.

Доля ў выдатках перабывае ў межах, звычайных для бюджэтаў еўрапейскіх краінаў, але вось бюджэт наш адносна невялікі, таму грандыёзных праектаў, як французы або немцы, мы сабе дазволіць не можам.

Але варта зірнуць, што лічыцца ў нашай культуры галоўным, каб зразумець яе будучыню. І адразу відаць, што кіруюць верныя ленінцы.

Структура выдаткаў на культуру

Гэтак званы нацыянальны кінематограф, не выходзячы з каматознага стану хіба паўстагоддзя, працягвае паглынаць 8,2 % выдаткаў. Астатняе таксама прысутнічае.

Між тым культура мае, па вялікім рахунку, дзве часткі: матэрыяльную і духоўную. І духоўная частка – мова, у каторай усё астатняе ўтрымліваецца ў згорнутым выглядзе.

Але ў бюджэце мова фінансуецца паводле трох асноўных артыкулаў: праз адукацыю, дзе беларусы не маюць вышэйшых і сярэдніх спецыяльных устаноў; медыі ды выданне кніг, дзе ўсё не лепей.

Выдаткі на культуру ў сямейным бюджэце

Наступства – мізэрныя выдаткі грамадзянаў на культуру.

Доля тая самая, што і ў бюджэце дзяржавы, – 1,5 %, а па факце – 4 рублі на чалавека на месяц супраць 64 рублёў па Еўразвязе.

Прымусовы перавод насельніцтва на мову былой метраполіі вядзе да масавага здзічэння.

Калі ж масавы спажывец культурнага прадукту абмяжоўваецца серыяламі па тэлевізары і гульнёй у танкі на камп’ютары, то дзеячам культуры даводзіцца спажываць бюджэтныя крошкі.

Заробак у сферы культуры

80 % сярэдняга заробку ў рэальным сектары складае заробак сярэдняга жаўнера айчыннага культурнага фронту.

Зразумела, што такая матывацыя не спрыяе прыцягненню самых лепшых кадраў. І краіну мала-памалу зацягвае ў вір бескультурʼя.

А ў такім стане інавацыйны патэнцыял падае. І прыходзіць тое, што мы і назіраем.

Карацей, чым меней атрымліваюць сёння стваральнікі культурных прадуктаў і паслугаў тым больш заўтра давядзецца выдаткаваць на паліцэйскія сілы, каб малакультурная публіка стабільнасць раптам не разнесла. А каб таго не здарылася, не забудзьцеся падчас перапісу насельніцтва пазначыць, што вы – беларус.

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

Праграма «Асабісты капітал» цалкам:

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце. Далучайцеся да нашых старонак ў FacebookдыОдноклассниках. Падпісвайцеся на нашурассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».

Міхал Залескі, belsat.eu