Гарадзенец Андрэй стаў злачынцам за тое, што ў 2014 годзе захаваў на сваёй старонцы «УКантакце» кліп нямецкага гурта «Рамштайн» «Pussy». Ён быў адным з 2,5 тысячаў відэа на старонцы, большасць якіх – з канцэртаў гурта «Brutto».
За 10 гадоў існавання той кліп нікога не хваляваў, а 21-га сакавіка ў Беларусі яго раптоўна прызналі парнаграфічным. І 8-га красавіка ўжо распачалі крымінальную справу. Хлопцу пагражала ад 2 да 4 гадоў зняволення. Ён працуе на заводзе, грошай на адваката не было.
Сабраць грошы на адваката дапамаглі простыя беларусы. Агулам сабралі больш за 2 тыс. рублёў, але пасля вылічэння камісіі банку атрымалася 1900. У выніку крымінальную справу закрылі, але штраф хлопцу далі. Любоў да музыкі ўжо каштавала Андрэю 125 рублёў – за аплату культуралагічнай экспертызы – і 50 базавых велічыняў – гэта 1275 рублёў – штрафу. Плюс аплата адвакацкай працы. Кліп Андрэй выдаліў, а сваю старонку закрыў для незнаёмцаў.
«У сацсетках, асабліва «УКантакце», нічога не трэба размяшчаць. Нават нейкія фатаграфіі, запісы, каментары. Усё гэта можа блага скончыцца», – упэўнены цяпер Андрэй.
Падобная гісторыя раней адбылася з гарадзенкаю Дзіянай Сяльванавай праз фотаздымак парнаграфічнага характару. А лідар групы «Dzieciuki» Аляксандр Дзянісаў атрымаў штраф 613 рублёў за перапост відэа ўдзелу анархістаў у «Маршы недармаедаў», бо яно было з забароненага сайту.
«Найбольш распаўсюджаныя ў нас на Гарадзеншчыне ды і ўва ўсёй Беларусі, я думаю, будуць гэта так званыя экстрэмісцкія матэрыялы, – кажа праваабаронца цэнтру «Вясна» Уладзімір Хільмановіч. – Гэта самае праблемнае, бо людзі не ведаюць, і немагчыма даведацца, які матэрыял унесены або не ўнесены ў спіс экстрэмісцкіх».
Поўны спіс такіх матэрыялаў і адрасоў сайтаў выкладзены на сайце Міністэрства інфармацыі, ён складае 55 старонак. Зразумела, што звычайны чалавек не адсочвае яго абнаўленняў.
Лайкі прыроўніваюцца да рэпостаў, таму спачатку чытайце тое, што аўтаматычна лайкаеце ў сацыяльных сетках. І, вядома, не абражайце нікога. Бо ўжо былі выпадкі, калі за абразу міліцыянтаў каралі блогераў, якія нават не звязаныя з палітыкаю, але маюць шырокую аўдыторыю.
«Усе залежыць, якія там словы будуць ужывацца. Калі гэта будзе карэктна, але востра, то будзе абсурдна гэта справа выглядаць. А калі гэта будзе брутальна, брудныя словы, брыдкаслоўе, то цалкам ёсць падставы караць за такое», – зазначае Уладзімір Хільмановіч.
Небяспечная тэма для сацсетак – рэлігія і нацыянальнае пытанне. Невядома нават, як можа быць трактаванае і простае фота з нацыянальным сцягам на сваёй старонцы. Сяргей Верамеенка, напрыклад, трапіў за яго ў суд.
Два гады таму ў парку Жылібэра яны з жонкай разгарнулі беларускі сцяг, зрабілі з ім фота, сышлі і потым выклалі на сваёй старонцы ў «Facebook» – на знак падтрымання арыштаванага актывіста АГП Васіля Палякова. І зрабілі подпіс: «Такія самыя, як Васіль».
Цягам тыдня на іх склалі пратакол за інтэрнэт-пікет. Што такое інтэрнэт-пікет, у заканадаўстве не сказана. Ніякіх заклікаў сужэнцы не рабілі. Справа дайшла да суда ды там і памерла. Але нервы парвалі. Бо сужэнцам пагражала пакаранне – ад штрафу да арышту.
«Я і раней фатаграфаваўся і выкладаў, і пазней, і цяпер фатаграфуюся і, так бы мовіць, выкладаю, і не лічу гэта супрацьзаконным», – прызнаецца Сяргей.
Досвед паказвае, што праваахоўныя органы найперш прыцягваюць акаўнты сацыяльна актыўных людзей. Але і самі людзі падаюць у суды адно на аднаго за абразы ў сеціве і нават у вайбэр-чатах. Таму варта сачыць за сваймі паводзінамі не толькі ў рэальным жыцці, але і ў інтэрнэце.
Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце. Далучайцеся да нашых старонак ў FacebookдыОдноклассниках. Падпісвайцеся на нашурассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».