Ужо некалькі месяцаў ягонага вызвалення патрабуюць грамадскія актывісты. У судзе Цэнтральнага раёну Менску распачаўся судовы працэс супраць Змітра Паліенкі. Актывіста анархісцкага руху абвінавачваюць у гвалце супраць міліцыянта, але праваабаронцы ды паплечнікі Паліенкі цвердзяць, што справа мае палітычны матыў.
Зміцер Паліенка – адзін з затрыманых раварыстаў з велапрабегу «Крытычная маса», які прайшоў 29-га красавіка. Міліцыя сцвярджае, што актывіст счапіўся з супрацоўнікам і парваў яму форму. У сваю чаргу паплечнікі Змітра маюць іншую версію здарэння – той папросту заступіўся за сябра, у дачыненні якога міліцыянт ужываў фізічную сілу.
Акрамя гвалту ў дачыненні праваахоўніка, Паліенку інкрымінуюць і распаўсюд парнаграфіі, за што прадугледжваецца да 4 гадоў пазбаўлення волі.
На сённяшнім паседжанні пракурор запатрабаваў для актывіста два гады зняволення з адтэрмінаваннем. Абвешчанне выраку прызначылі на заўтра.
Грамадскі актывіст Вячаслаў Касінераў зазначыў, што ўладам цяпер нявыгадна мець палітвязняў, таму, магчыма, Змітру вынесуць прысуд з адтэрміноўкай. У такім выпадку Зміцер Паліенка будзе пад кантролем міліцыі, не зможа ўдзельнічаць у акцыях, але здолее абраць іншую форму грамадскай актыўнасці, перакананы Вячаслаў Касінераў.
Актывіст згадаў, што на наступны дзень пасля таго, як міліцыя збіла Змітра Паліенку ды іншых удзельнікаў крытычнай масы, у Менску прайшоў парад, дзеля якога нават перакрылі частку праспекту Пераможцаў у Менску.
«Гэта вельмі выразна паказвае, як будуюцца ўзаемаадносіны ў гэтай дзяржаве. Усё, што зʼяўляецца незалежным, і актывісты, якія не пагаджаюцца з галоўнай лініяй, будуць душыцца і знішчацца», – адзначыў спадар Касінераў.
Больш – у відэаматэрыяле.
МЯ, belsat.eu