Гарачы каментар Турэцкі гамбіт Лукашэнкі: што дасць Беларусі візіт Эрдагана?


https://www.youtube.com/watch?v=vhkBVgUd0jM

Сяброўства Беларусі і Турэччыны прайшло выпрабаванне часам – завярае Аляксандр Лукашэнка, вітаючы Эрдагана ў беларускай сталіцы. Кіраўнік Беларусі звяртаецца да турэцкага калегі «Спадар Прэзідэнт» і падкрэслівае, што «ў дзвюх краінаў практычна няма палітычных рознагалоссяў». На чым палягае беларуска-турэцкае партнёрства?

У Менску стартавала афіцыйная сустрэча з турэцкаю дэлегацыяй. Хутчэй за ўсё, візіт прэзідэнта Турэччыны Рэджэпа Таіпа Эрдагана ў Беларусь у асноўным носіць практычны характар. Перадусім, Беларусь чакае ад Турэччыны новых інвестыцыяў, а турэцкі бок робіць стаўку на ўзаемадзеянне ў гандлёвай сферы. Між тым існуюць і палітычныя мэты, якія пераследуе кожны з кіраўнікоў. Да сённяшняга дня Аляксандр Лукашэнка і Рэджэп Таіп Эрдаган сустракаліся двойчы. Упершыню – у 2010 годзе, у той час Эрдаган быў яшчэ кіраўніком ураду. Другі раз праз 6 гадоў. Тады Аляксандр Лукашэнка браў удзел у саміце Арганізацыі ісламскай супрацы ў Стамбуле.

Палітолаг Арсень Сівіцкі з Цэнтру стратэгічных і вонкавапалітычных даследаванняў адзначыў, што традыцыйна паміж Беларуссю і Турэччынай складаліся прыязныя стасункі на высокім узроўні. Турэччына першай прызнала незалежнасць Беларусі пасля распаду СССР.

«Звычайна палітычныя стасункі развіваліся вельмі актыўна. На жаль, эканамічныя стасункі, супраца ў сферы гандлю пакуль што гэтаму ўзроўню не адпавядаюць. Таму, відаць, візіт (Эрдаганарэд.) меў больш практычны характар і перш за ўсё быў накіраваны на тое, каб надаць імпульс менавіта гандлёва-эканамічным стасункам. Але тут таксама не трэба забываць пра сімвалічны характар візіту: я нагадаю, што сам візіт планаваўся пад адкрыццё менскай Саборнай мячэці», – заўважыў адмысловец.

Больш – у відэакаментары.

МЯ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары