Шукайце жанчыну. Як НКВД ламаў пісьменніка Галавача

Трагедыя аднаго з самых папулярных і смелых беларускіх пісьменнікаў 1930-х гадоў – Платона Галавача, які загінуў у сутыкненні са сталінскай рэпрэсіўнай махінай, – у новым фільме «Крывавы цырк Платона Галавача» з цыклу «Лабірынты». У цэнтры сюжэту – драматычныя дачыненні жанатага літаратара з каханкай Яўгеніяй Каплуновай.

Васіль Дранько-Майсюк, вядоўца «Лабірынтаў», так характарызуе героя:

«Прыгожы, эфектны, харызматычны – Платон Галавач быў прыкметнай фігурай на нашым культурніцкім полі 1920–30-х гадоў. У небяспецы ён ніколі не хаваўся за спіны іншых».

Пісьменнік у сваёй першай аповесці, «Вінаваты», намаляваў напружаную атмасферу даносаў у грамадстве канца 1920-х. Яго – вядомага літаратара – адправілі ў вёску, каб агітаваць сялянаў далучацца да калгасаў. Шакаваны ўбачаным, пасля вяртання ў Менск Платон Галавач напісаў аповесць «Спалох на загонах», дзе выявіў сваё стаўленне да прымусовай калектывізацыі беларускіх вёсак.

Сталінскія спецслужбы не маглі дараваць гэтага літаратару. Пад яго пачалі капаць, каб знайсці слабое месца. І знайшлі ў асобе маладой каханкі паэта – Яўгеніі Каплуновай.

«Ён быў добры сем’янін. Не сварыўся, не крычаў на жонку і дзяцей. Але, мабыць, чагосьці яму эмацыйна не хапала. Яму прыглянулася студэнтка медінстытуту Жэня Каплунова», – гаворыць паэт і літаратуразнавец Віктар Жыбуль.

Яўгенію Каплунову арыштавалі ў 1936-м. У наступны, 1937 год арыштавалі і Галавача – за ягоную крытыку сацрэалізму, падтрымку непартыйных пісьменнікаў, крытыку калгаснага ладу.

У НКВД пісьменніка жорстка збіваюць. Камуністычныя каты прабуюць выкарыстаць сувязь Платона Галавача з Яўгеніяй супраць літаратара. Платону абяцаюць: калі ён пойдзе на супрацу і падпіша тое, што трэба, то ягоную каханую выпусцяць з турмы.

Што ад яго патрабуюць падпісаць цаной свабоды Яўгеніі? Ці зламалі НКВДысты пісьменніка? Ці атрымаецца разгадаць, па чыім даносе быў арыштаваны наш герой? Глядзіце ў наступным фільме «Лабірынтаў».

Глядзіце іншыя серыі з цыклу.

 

Больш матэрыялаў

Куля для КДБ ад Васіля Быкава

Што Язэп Драздовіч рабіў на Сатурне?

Кармэн у вышыванцы супраць опернай дзівы з Масквы. Хто каго перамог?

Пэн: паміж сякераю і Парыжам

Адам Станкевіч – чалавек, які перамог Мефістофеля

Тры прывіды Айзіка Кучара

Жахі Паўлінкі

Чараўнік Вацлаў Іваноўскі