Шпіталі сотнямі закупляюць мяхі для памерлых ад COVID-19


Пакуль Міністэрства аховы здароўя супакойвае грамадзянаў стабільнымі лічбамі смяротнасці ад COVID-19, больніцы і нават паліклінікі сотнямі набываюць мяхі для трупаў. Эксклюзіўная інфармацыя ад госця «Размовы» Святланы Калінкінай.

Журналіст, рэдактар беларускай службы «InformNapalm» Дзяніс Івашын працуе над мадэллю, дзякуючы якой можна прагназаваць распаўсюд каронавіруснай інфекцыі ў Беларусі, з канца сакавіка. Калі абапірацца на афіцыйную статыстыку, дык на дзіва, сітуацыя ў нашай краіне разгортваецца, як у суседзяў, дзе ўведзены каранцін. Пры гэтым медычныя ўстановы аб’яўляюць тэндары на набыццё сотняў патолагаанатамічных мяхоў. Звычайна ў іх хаваюць людзей, якія памерлі ад небяспечных інфекцыйных хваробаў.

«Ёсць інструкцыя Міністэрства аховы здароўя, паводле якой усіх памерлых, інфікаваных каронавірусам, змяшчаюць у гэтыя мяхі, і толькі затым цела ў мяху кладуць у труну. І толькі такім чынам хаваюць, – распавёў у студыі «Размовы» Дзяніс Івашын. – Дык вось, Лідская цэнтральная больніца яшчэ трэцяга красавіка на сайце дзяржзакупаў змясціла тэндар на набыццё, як вы думаеце якой колькасці мяхоў? Я назаву гэтую лічбу: 600 штук».

Больш пра сітуацыю з каронавіруснай інфекцыяй у Беларусі вы дазнаецеся з поўнай версіі «Размовы» Святланы Калінкінай з журналістам, рэдактарам беларускай службы «InformNapalm» Дзянісам Івашыным.

Спецыяльна для тых, каму зручней слухаць, а не глядзець, «Размова» запусціла падкасты. Калі вы займаецеся хатнімі справамі, кіруеце машынай ці проста не жадаеце сачыць за мільгаценнем кадраў – гэта для вас:

Праграма «Размова» выходзіць на «Белсаце» з панядзелка да чацвярга а 21:20. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.

А таксама падпісвайцеся на «Размову» ў Facebook, ВКонтакте, «Одноклассниках», Twitter, Instagram і Telegram.

Калаж з фота Bryan Smith Archive / Zuma Press /Forum, flickr.com