Расея – Беларусь 2019: шантаж і правакацыі. «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою


Якім чынам Крэмль будзе ціснуць на Беларусь у наступным годзе – у інтэрв’ю Змітра Міцкевіча з палітычным тэхнолагам Валерыяй Касцюговай. Як суседзі Беларусі, Літва, Польшча і Украіна, тлумачаць расейскія заявы супраць незалежнасці Беларусі? Таксама ў выданні – рэпартаж з памежжа Грузіі ды акупаванай расейцамі Паўднёвай Асеціі. Больш пра тэмы праграмы:

Суседзі незалежнай Беларусі. Што яны думаюць пра ўльтыматум Мядзведзева?

Ультыматум Мядзведзева, які прагучаў на мінулым тыдні ў Берасці, заўважылі ў тым ліку нашыя суседзі. Польшча, Літва і Украіна аднагалосна выступаюць супраць сцэнара больш шчыльнай інтэграцыі, а хутчэй паглынання Беларусі Расеяй. Чым суседзі могуць дапамагчы Менску? Высвятляла Вольга Жарнасек.

«Інструменты Масквы ўсім нам даўно вядомыя»

Беларуска-расейскія адносіны, як часта бывае перад Новым годам, перажываюць чарговы крызіс. А тут яшчэ і парламенцкія ды прэзідэнцкія выбары блізка. Чаго беларусам чакаць ад усходняга суседа ў бліжэйшай будучыні, высвятляў Зміцер Міцкевіч у інтэрв’ю з паліттэхнолагам Валерыяй Касцюговай.

Грузія. Для каго вайна 2008 г. не скончылася?

Здымачная група «Белсату» накіравалася ў Грузію, на памежжа з непрызнаванаю Паўднёвай Асеціяй, каб высветліць, як вяртаецца мірнае жыццё туды, куды аднойчы завіталі расейскія танкі. Рэпартаж Дзяніса Дзюбы, Ігара Кулея і Аркадзя Несцярэнкі.

Мандат ёсць, але ў Паўднёвую Асецію не пускаюць

Іх вінавацяць у тым, што яны не здольныя спыніць інцыдэнты на мяжы Грузіі з самаабвешчанымі Абхазіяй ды Паўднёвай Асеціяй, наракаюць на адсутнасць істотнага прагрэсу ў перамовах з непрызнаванымі рэспублікамі, але альтэрнатывы ім няма. Місія назіральнікаў Еўразвязу ў Грузіі – адзіная міжнародная структура, якая на сталай аснове дагэтуль сочыць за выкананнем умоваў замірэння. Ігар Кулей і Дзяніс Дзюба запісалі размову з кіраўніком гэтае місіі Эрыкам Гёгам.

Тролі і боты на службе Крамля. Супраць Злучаных Штатаў і не толькі

Расейскія гэтак званыя фабрыкі троляў пачалі працаваць не ўчора і нават не падчас канфлікту з Украінай. Адмыслоўцы оксфардскага ўніверсітэту прасачылі за актыўнасцю падазроных профіляў у галоўных сацыяльных сетках і прыйшлі да высновы, што Крэмль упершыню пачаў усурʼёз працаваць з прапагандай у сеціве амаль дзесяць гадоў таму. Наймацнейшы ўдар па дэмакратычным свеце расейскія тролі меліся нанесці падчас выбарчай гонкі ў ЗША. Падрабязней пра прапаганду ў сацыяльных сетках – Усевалад Шлыкаў.