Валерыя Касцюгова: «Цягам 5 гадоў мяжу з Расеяй нанясуць на мясцовасці»




Градус незадавальнення ў грамадстве – даволі высокі на фоне чарговага напружання ў дачыненнях паміж Менскам і Масквой. Якія інструменты выкарыстае Крэмль, каб аслабіць пазіцыю Лукашэнкі і перад выбарамі дасягнуць кампрамісу на ўмовах, патрэбных Маскве? Адзін з трывожных варыянтаў – паўтор 2010 года. Інтэрв’ю Змітра Міцкевіча з палітычным тэхнолагам Валерыяй Касцюговай.

На вашае меркаванне, якім адным словам можна апісаць беларуска-расейскія стасункі ў 2018 годзе?

Тым жа, што і летась. І яшчэ раней. Гэта – эмансіпацыя. Умацаванне суверэнітэту абедзвюх краінаў. Гэта гістарычны працэс, ён ідзе.

А які самы яскравы паказнік гэтай эмансіпацыі?

Па-першае, нейкія рэчы, якія маюць дачыненне да вонкавай палітыкі беларускай дзяржавы. Па-другое, нейкія рэчы, якія маюць дачыненне да вонкавай палітыкі расейскай дзяржавы. Таксама гэта датычыць інфраструктураў.

Гэта значыць, Расея ўмацоўвае ўласную інфраструктуру і ў гэтым сэнсе менш залежыць ад Беларусі. Беларусь, у сваю чаргу, менш рашуча, але таксама гэтым займаецца.

Ідзе адасабленне гаспадарчых комплексаў, то бок працэс ідзе так, як і ішоў.

А крок пра прызнанне візаў? Ці гэта не крок у адваротны бок ад гэтай эмансіпацыі?

Не бачу, у чым. Якраз наадварот, калі гэтае пагадненне будзе падпісанае, яно будзе фактычным прызнаннем таго, што беларуска-расейская мяжа з’яўляецца дзяржаўнаю.

Як думаеце, ці мы хутка пабачым паўнавартасны памежны кантроль беларуска-расейскай мяжы?

Малаверагодна, што гэта здарыцца ў бліжэйшы час. А калі адносна дружалюбныя дачыненні Беларусі і Расеі будуць захоўвацца, а яны хутчэй за ўсё будуць захоўвацца яшчэ даволі працяглы тэрмін, то не, [мяжы] не ўзнікне. Аднак яна будзе ўпарадкаваная. Будуць праведзеныя дзяржаўныя працэдуры: хутчэй за ўсё ў бліжэйшыя пяць гадоў у вызначэнні месца гэтай мяжы, дзе яна праходзіць, нанясенне на мясцовасці ды іншыя працэдуры.

На вашае меркаванне, як можна вырашыць сітуацыю з эканамічна-палітычнай інтэграцыяй, у якой апынуліся Беларусь і Расея? Як можна выйсці з гэтага напружання, якія варыянты выхаду і які з іх найбольш верагодны?

Так ці інакш, яны выльюцца ў дасягненні нейкіх пагадненняў. Але ўмовы гэтых пагадненняў могуць быць розныя. Тут ёсць якраз варыянты. І адзін з трывожных варыянтаў, асабліва ўлічваючы чысло, пра якое мы з вамі гаворым, – гэта паўтор 2010 года. Таму што і тады таксама Расея прапаноўвала новы пакет інтэграцыйных паслуг, і тады Менск імкнуўся неяк атрымаць прэферэнцыі ад гэтага пакету. Да таго, як яго падпісаць. Абодва бакі зацягвалі час. Асабліва Расея, мяркуючы, што паслабленне Аляксандра Лукашэнкі да моманту выбараў дасць магчымасць зрабіць яго больш згаворлівым і дасягнуць кампрамісу на больш жаданых для Масквы ўмовах. Нельга выключаць і гэтым разам, бо выбары досыць хутка. Пытанні прыкладна тыя ж перад намі стаяць: газ, нафта. Магчыма, што гэты варыянт нейкім чынам верагодны. Асабліва ўлічваючы тое, што, як бачна, незадаволенасць у грамадстве дастаткова высокая. Але магчымыя іншыя варыянты.

Наперадзе яшчэ цэлы год. Я думаю, яны будуць гандлявацца ўвесь 2019-ы з пераменным поспехам. Перад Масквою стаяць задачы за гэты год заключыць пагадненне не толькі з Беларуссю, а і з Украінаю, Польшчай, Нямеччынай і велізарнай колькасцю краінаў ва ўсіх гэтых пытаннях, перш за ўсё газавым.

Таму, магчыма, пытанне Беларусі будзе менш важнае, бо мы ўсё роўна застаемся пакуль ключавою транзітнаю тэрыторыяй, і тут кампраміс проста неабходны. Мабыць, яго можна дасягнуць і раней.

Hавiны
Аляксей Венедыктаў: 25 снежня Пуцін прапануе Лукашэнку «глыбокую інтэграцыю»
2018.12.22 18:31

Відавочна, што расейцы будуць хістаць сітуацыю ў Беларусі ў наступным выбарчым годзе. А якім чынам яны будуць гэта рабіць?

Інструменты Масквы нам усім даўно вядомыя. Гэта шантаж і правакацыя. Вось шантаж і правакацыя будзе ўвесь год. Прычым правакацыі самыя разнастайныя. Па-першае, інфармацыйныя атакі, але не толькі на Аляксандра Лукашэнку ці беларускую дзяржаву, але і на разнастайныя часткі грамадства.

Я думаю, і на апазіцыю будуць нейкія правакацыі, нейкія фэйкавыя навіны будуць усплываць аб нейкіх страшных падзеях, на праваахоўныя органы, што таксама зразумела.

Нейкія гісторыі пра чалавека, які раптам павесіўся на шнурках у машыне. Гэткіх гісторый будзе вельмі шмат і розных. Гэтыя іх метады мы бачым ва Украіне, у нас, паўсюль.

Вось на гэтым фоне ці вы бачыце нейкі пазітыў у беларуска-расейскіх стасунках? Што можна прывесці ў якасці пазітыўнага прыкладу за 2018 год?

Гледзячы што лічыць нормай. У нас ёсць прыклад суседзяў. Ва Украіне ідзе вайна. Паскоранае здабыццё Украінай паўнаты свайго суверэнітэту каштавала ёй значнай частцы тэрыторыі. Калі параўноўваць з гэтым, то ў нас увогуле досыць нармальныя дачыненні. Газавыя, гандлёвыя войны як бы перадухіляюць іншыя значна больш сурʼёзныя рэчы.

ВІДЭА
Міхаіл Бабіч пра інтэграцыю з Беларуссю: Ніхто нікога не паглынае
2018.12.17 16:30

Якраз на фоне выбараў ва Украіне, эскалацыі адносінаў з Захадам і ўсіх праблемаў у вонкавай палітыцы, якія мае Расея, ёсць меркаванне, што на Беларусь расейскія палітыкі могуць трошку «падзабіць». Як думаеце, гэта меркаванне мае права на жыццё?

Што значыць «падзабіць»? Я ўжо казала і паўтаруся яшчэ раз: Беларусь застаецца ключавою тэрыторыяй транзіту расейскіх тавараў, у тым ліку – газу і нафты. Безумоўна, з гэтым прыходзіцца лічыцца Крамлю. Гэта вельмі важна. І дазволіць сабе, каб з Беларуссю былі нейкія дачыненні, якія маглі б прывесці да непаставак гэтых тавараў на рынкі ЕЗ, Крэмль ніяк не можа дазволіць. Гэта неверагодна. Таму гэта не «падзабіць», а проста лічыцца. Але пакуль яны думаюць, што ў іх інструментаў пабольш, і яны могуць дазволіць сабе пацягнуць час, што таксама праўда.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Сяргеем Пелясою:

Стужка навінаў