Батальён Каліноўскага рыхтуе свой план адхілення Лукашэнкі ад улады


Пасля няўдалай спробы зрынуць рэжым Лукашэнкі мірным шляхам усё большая колькасць беларусаў схіляецца да гвалтоўных метадаў барацьбы. Пачатак вайны ва Украіне і актыўны ўдзел у ёй беларускіх добраахвотнікаў яшчэ больш пашырыў гэтае меркаванне.

Ці рэалістычны план сілавога зрынання рэжыму беларускімі добраахвотнікамі, якія ваююць ва Украіне? Ці ёсць сэнс весці перамовы з Лукашэнкам, але не з Качанавай? На гэтыя ды іншыя пытанні адказваюць эксперты і госці ток-шоу «План Б».

Батальён імя Кастуся Каліноўскага абвесціў рыхтаванне Праграмы сілавога рэзерву. Пакуль вядома, што план палягае на выкананні дакладных інструкцыяў ад каардынатараў з батальёну.

«Я ведаю пра гэты план і вельмі прыхільна да яго стаўлюся. Бо пасля пачатку вайны ва Украіне стала зразумела, што цяпер, калі мы кажам пра план пераменаў, ён будзе сінтэзаваны з сілавой часткі і ціску – унутранага і вонкавага. Сілавы фактар будзе прысутнічаць, мы ад яго нікуды не дзенемся. У адваротным выпадку гэта будуць масавыя расстрэлы на вуліцах», – кажа грамадскі дзеяч, кіраўнік Беларускага свабоднага тэатру Мікалай Халезін.

Аднак не ўсе падзяляюць аптымізм наконт магчымасці зрэалізаваць сілавы варыянт зрынання рэжыму Лукашэнкі сіламі Батальёну Кастуся Каліноўскага.

«Такі сцэнар імаверны. Гэта можа адбыцца. Але для гэтага маюць сысціся шмат якія фактары. У першую чаргу, павінна быць абяскроўленая сама Расея. Яна павінна ўсе свае войскі, якія стаяць у Беларусі, адвесці да Данецку. Таму я прапаную глядзець на гэты варыянт «з халоднаю галавою». Гэта толькі адзін з магчымых сцэнароў», – мяркуе бізнесовец, экс-палітвязень Аляксандр Кныровіч.

Таксама ў праграме:

  • Перамовы вялі нават з «Талібанам». Ці ёсць сэнс весці перамовы з Лукашэнкам?
  • Наша хата не з краю. Вайна ва Украіне можа перакінуцца і на Беларусь
  • Самі не справімся. Чаму пераадоленне беларускага палітычнага крызісу немагчымае сіламі толькі беларусаў?

Глядзіце ток-шоу «План Б» на YouTube-канале «Белсат News», у праграме «Belsat Smart» для тэлевізараў з функцыяй «Smart», на мабільных прыладах з сістэмамі iOS і «Android», a таксама ў эфіры «Белсату».