Пра крэдыты ад Расеі давядзецца забыць? Прычына – новы падатак Еўразвязу


Пакуль улады не ведаюць, як выгандляваць у Расеі танныя энергарэсурсы, Еўразвяз вучыцца жыць без нафты і газу. Каму будзе патрэбная нашая перапрацоўчая прамысловасць у новай экалагічнай рэальнасці? Пра гэта разважае госця «Размовы» Святланы Калінкінай каардынатарка «Зялёнай сеткі» Настасся Бекіш.

Зімы ў Беларусі больш не будзе, сцвярджае каардынатарка «Зялёнай сеткі» Настасся Бекіш. Разам з новымі кліматычнымі нормамі трэба прызвычайвацца і да новага эканамічнага парадку. Еўрапейскія краіны пачалі выбудоўваць палітыку, у якой не будзе месца «брудным» энерганосьбітам і вытворчасцям. Ні расейская нафта, ні беларускія прадукты нафтаперапрацоўвання больш не будуць патрэбныя.

«ЕЗ будзе набываць менш энергарэсурсаў, менш выкапнёвага паліва. Напрыклад, Аўстрыя плануе да 2030 года – усяго за дзесяць гадоў, – цалкам перайсці на выкарыстанне ўзнаўляльных крыніцаў энергіі. Цяпер яны набываюць нафту і газ у тым ліку ў Расеі. Усё гэта ідзе транзітам праз Беларусь. Для нас транзіт гэтага паліва – істотная частка прыбытку ў бюджэце. Трэба разумець, што гэтага больш не будзе ў такім памеры», – тлумачыць госця праграмы «Размова».

Настасся Бекіш дадае: з еўрапейскага зялёнага курсу вынікае, што ЕЗ будзе ўводзіць вугляродны падатак на прадукцыю з такіх краінаў, як наша.

«Расейская эканоміка таксама будзе моцна траціць. Мы не зможам, як цяпер, атрымліваць крэдыты, падтрымку і апынёмся ў абсалютна іншых геапалітычных умовах», – папярэджвае каардынатарка «Зялёнай сеткі».

Экспертка падкрэслівае, што адбудзецца гэта значна хутчэй, чым мы можам сабе ўявіць. Калі – даведаецеся з «Размовы» Святланы Калінкінай і Настассі Бекіш.

Спецыяльна для тых, каму зручней слухаць, а не глядзець, «Размова» запускае падкасты. Калі вы займаецеся хатнімі справамі, кіруеце машынай ці проста не жадаеце сачыць за мільгаценнем кадраў – гэта для вас:

Праграма «Размова» выходзіць на «Белсаце» з панядзелка да чацвярга а 21:20. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.
А таксама падпісвайцеся на «Размову» ў Facebook, ВКонтакте, «Одноклассниках», Twitter, Instagram і Telegram.