Пенсіянерку падазраюць у тэрарызме


На пачатку снежня перастала выходзіць на сувязь Галіна Дзербыш з вёскі Абухава на Гарадзеншчыне. У ейным двары каманда «Маю права» сустрэлася з Анастасіяй Крыштаповіч, Галінінай дачкой.

«Прыходзіў да мяне ў кватэру следчы з КДБ, Галавач, і кажа: «Ваша маці – тэрарыстка».

У доме і на лецішчы спадарыні Галіны адбыліся ператрусы. Яе саму – арыштавалі.

«Праз тыдзень той жа Галавач з’яўляецца, і паўторны ператрус у гаражы, машыне, у пуні, – распавядае нам Анастасія Крыштаповіч. – Тут ужо праводзілі ператрус, у куратніку, гаражы. Паўсюль дзе толькі магчыма: у каморы, на гарышчы. Шукалі яны рэчывы, якія ў хадзе ператрусу знойдзеныя не былі».

Мaю прaвa
Улады пужаюць беларусаў тэрактамі
2021.01.15 19:05

Адзіны доказ, за які зачапілася следства, – чэк з запраўкі з-пад Ваўкавыску.

«Пры чым тут Ваўкавыск, я не зразумела. І толькі выпадкова, калі праглядала фотаздымкі з дзіцём на тэлефоне, прыгадала, што гэта было 20 верасня. Гэта было фота сабака, – прыгадвае тыя падзеі дачка Галіны. – Мы ездзілі па сабаку. Вядома, давялося запраўляць аўта».

У чым дакладна падазраюць Галіну Дзербыш, родныя не ведаюць.

Магчыма, ейны арышт звязаны з падпалам дому міліцыянта ў Ваўкавыску.

Мaю прaвa
Беларус прыехаў дадому з Брытаніі, яго затрымалі, палічылі шпіёнам ды моцна збілі
2020.12.04 19:05

Цяпер Галіну Дзербыш трымаюць у гарадзенскай турме № 1. У спадарыні Галіны – вялікая гаспадарка: куры, трусы, каты, сабака, таму ейная дачка Анастасія разам з сям’ёю пераехала пакуль у дом маці.

«Матулю забралі, і цяпер мы з мужам жывем тут, таму што трэба даглядаць гаспадарку. Катоў, сабакаў кідаюць нам праз плот, сезон канчаецца і ўсё. Вось, лекуем за свой кошт, валанцёры дапамагаюць – дзяўчаты гарадзенскія».

Галіну Дзербыш за яе чуласць і неабыякавасць у Абухаве шмат хто ведае.

Калі жанчыну арыштавалі, мясцовыя пачалі збіраць подпісы.

«Людзі самі напісалі хадайніцтва аб тым, што мая матуля – нармальная адэкватная асоба, – паказвае нам хадайніцтва Анастасія Крыштаповіч. – Людзям дапамагае, збірае харчы, рэчы, самотным маці дапамагае».

Мaю прaвa
«Жыццё мацнейшае. Жыве Беларусь!» Як жыхары ЖК «Магістр» апынуліся ў «гета»
2020.12.18 18:35

Праз сваю актыўную грамадскую пазіцыю спадарыня Галіна мела канфлікты з прадстаўнікамі мясцовых уладаў – Абухаўскі сельсавет напісаў на Г. Дзербыш ліпавыя характарыстыкі.

«У выніку суд вынес вымовы сельсавету і ўчастковаму, – кажа Анастасія. – Там было напісана, што мая маці кепска ўжываецца з людзьмі, скандальная, неаднаразова выклікалася на савет прафілактыкі».

Мaю прaвa
Палітзняволеным пагражаюць смерцю?
2021.01.08 19:05

Уладзіслаў Хільмановіч з праваабарончага цэнтру «Вясна» падкрэслівае: Галіну Дзербыш затрымалі са шматлікімі парушэннямі.

«Можна казаць, што парушана агульная прэзумпцыя невінаватасці. З працэсуальных нормаў парушана тое, што не было магчымасці ў Галіны Дзербыш запрасіць самой панятых, былі толькі прывезеныя тымі, хто ажыццяўляў ператрус і затрыманне, – кажа У. Хільмановіч. – Яна таксама была актыўнаю назіральніцай у некалькіх выбарчых кампаніях, у кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», выяўляла парушэнні выбарчага заканадаўства. І не выключана, што гэта з падачы мясцовых уладаў яна была прышчэпленая да гэтай справы Аўтуховіча».

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • Тэлефон журналіста беспадстаўна ўзламалі ў міліцыі
  • У Жабінцы прадпрымальнікі выказаліся супраць фальсіфікацыяў выбараў
  • Рэпетытарка трапіла ў базу беспрацоўных

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную пятніцу а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.