«Пагоня» не заменіць савецкія сімвалы, а вось вышыванка можа


Чырвоны сцяг, серп ды молат больш не з’яўляюцца знакавымі сімваламі для беларусаў, але альтэрнатывы для іх дагэтуль няма. Чаму Беларусь дагэтуль трымаецца за ідэалагічную савецкую спадчыну, разважалі вядучы праграма «Размова дня» Уладзімір Мацкевіч і гісторык Антон Рудак.

Калі б перад жыхарамі Беларусі сёння паўстаў выбар, якую сімволіку абраць у якасці дзяржаўнай, савецкія сімвалы маглі б і не застацца на сваім цяперашнім месцы, упэўнены госць праграмы «Размова дня» Антон Рудак.

«Трэба ўлічваць час, калі гэтая сімволіка была рэстаўраваная. Яна была рэстаўраваная праз некалькі гадоў пасля распаду Савецкага Саюзу тады яна яшчэ была актуальная. Некалькі гадоў была «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг і адразу пасля гэтага хуценька яе вярнулі на хвалі настальгіі па СССР, па «добрых часах», – заўважыў гісторык.

Сёння не так шмат беларусаў маюць настальгічныя ўспаміны пра савецкае мінулае. Краіне патрэбны новы сімвал, які будзе задавальняць прыхільнікаў усіх ідэалогій. Такой кропкай кансалідацыі можа стаць вышыванка.

«Да нас гэтая мода на вышыванкі даволі позна прыйшла, спахапіліся мы і гэты вось сімвал – народны арнамент, – ён здольны яднаць нашае грамадства», – падкрэсліў Антон Рудак.

Падрабязнасці глядзіце ў праграме «Размова дня» з Уладзімірам Мацкевічам і гісторыкам Антонам Рудаком.

belsat.eu