На блогерку з Менску ціснуць невядомыя. Яна падазрае ў гэтым сілавікоў, у тым ліку аднаго сумнавядомага АМАПаўца.
Пад псеўданімам Гуліко Махнадзэ жанчына зняла шмат відэа пра дзеянні міліцыянтаў. 10 жніўня яе затрымалі на вуліцы Інтэрнацыянальная, калі яна спрабавала прайсці праз ачапленне ў краму, і змясцілі на Акрэсціна. Там яе разам з некаторымі іншымі жанчынамі раніцай 12 жніўня паклікалі на «прафілактычную гутарку» да сілавікоў, якія перад гэтым збівалі мужчынаў.
Сярод амапаўцаў, паводле блогеркі, быў і Яўген Савіч. Нагадаем, што яго падазраюць у тым, што менавіта ён падчас разгону паслявыбарных пратэстаў прыставіў гранату да твара затрыманага падлетка. Амапавец абражаў жанчыну, спрабаваў яе запужаць.
Хоць саму актывістку пасля размовы выпусцілі, ейныя ключы ад кватэры заставаліся яшчэ 9 дзён у міліцыі. Жанчына заяўляе, што да яе дадому пасля хтосьці прыходзіў. Але на адпаведную заяву ў праваахоўныя органы яна атрымала толькі адпіску.
5 кастрычніка Гуліко судзілі за падзеі 10 жніўня. Пры гэтым, паводле рашэння суду, яе затрымалі на вуліцы Пушкіна, а не на Інтэрнацыянальнай. Прысуд зараз у працэсе абскарджвання. Пакуль жа жанчыне паведамілі, што яе не затрымлівалі і пасля не вызвалялі.
Жанчына таксама кажа, што занесла ў Следчы камітэт фотаздымкі супрацоўнікаў АМАПу, якіх яна пазнала сярод тых, хто збіваў людзей на Акрэсціна.
«Я мяркую, што яго [Савіча. – рэд. Belsat.eu] павінны былі апытваць. Следчы камітэт узяў у мяне падпіску пра неразгалошванне. І вось ужо тры месяцы я чакаю адказу», – адзначыла Гуліко.
А 14 лістапада ёй пазваніў чалавек, які стаў пагражаць прыехаць да яе. Жанчына пазнала ў ім менавіта амапаўца Савіча. Пры гэтым ён пытаўся пра ейную відэакамеру і манікюр. Блогерка звязвае гэта з тым, што яе затрыманнем 10 жніўня яна распытвала ў АМАПу з ачаплення, ці зможа яна прайсці на наступны дзень у салон прыгажосці. Званок яна лічыць прыкметай таго, што праверку па ейным звароце спынілі. Саму размову жанчына запісала.
Паводле жанчыны, за ёй сочаць перыядычна. Напрыклад, называюць па імю, а пасля кажуць, што памыліліся. Тэлефануюць і маўчаць у слухаўку.
«Я разумею, што ў міліцыю звяртацца бессэнсоўна. Патэлефанавала ў Следчы камітэт, а дзяжурны сказаў тэлефанаваць у 102», – падкрэсліла блогерка.
На яе думку, у сённяшняй беларускай сітуацыі самая лепшая абарона – гэта галоснасць.
Пятро Сідаровіч belsat.eu