11 чэрвеня, спаўняецца роўна 100 гадоў як паэма Якуба Коласа «Новая зямля» пабачыла свет асобным выданнем. Яе называюць «энцыклапедыяй народнага жыцця» і «Бібліяй беларусаў». Сабралі 10 цікавостак пра «Новую зямлю».
1. Ідэя паэмы з’явілася ў турме. Якуб Колас пачаў працу над «Новай зямлёй» у 1911 годзе ў менскім астрозе – Пішчалаўскім замку (сённяшняя «Валадарка»), дзе адбываў трохгадовы тэрмін за «экстрэмісцкую дзейнасць» – удзел у забароненым уладамі сходзе беларускіх настаўнікаў і складанні адозвы, скіраванай быццам бы на падрыў існуючага грамадскага ладу.
2. Апошнія часткі паэмы былі напісаны першымі. У апошні год «адсідкі» ўспаміны часоў дзяцінства не давалі спакою Якубу Коласу, і каб справіцца з настальгіяй, асуджаны настаўнік вырашыў іх пакласці на паперу. Так з’явілася апавяданне «Як дзядзька ездзіў у Вільню і што ён там бачыў», пазней падзеленае на тры раздзелы (27-29) у паэме.
3. Большая частка паэмы напісана пасля вяртання паэта з Расеі. Цягам 1921-1922 гадоў Якуб Колас стварыў 16 з 30 раздзелаў «беларускага нацыянальнага эпаса». Адбылося гэта пасля вяртання з Куршчыны ў Менск – так паэма была распачата і завершана ў сталіцы Беларусі. Вядомы нават дзень яе заканчэння – 5 студзеня 1923 года.
4. У паэме схавана антысавецкая крытыка. Паэт адмыслова пазначыў: «Падзеі апісаныя ў гэтай поэме, адносяцца к часу 1890-1900 гадоў», каб яго адкрыта не маглі абвінаваціць у антысавецкіх закідах, якія ён параскідаў па паэме, пачынаючы ад таго, што героямі твора зрабіў сялян, якія імкнуцца быць гаспадарамі і ўласнікамі на сваёй зямлі (крытыка 1920-х гадах жорстка прайшлася за гэта па паэме). Якуб Колас выказаўся і пра сучасныя яму падзеі, як Рыжскі мір 1921 года, па якім Беларусь была падзеленая паміж Савецкай Расеяй і Польшчай. Сваё ж вымушанае прыбыванне пад Саветамі Якуб Колас увасобіў у вобраз з апошняга раздзела – «пад варожаю пятою».
5. Прататып галоўнага героя – бацька. Якуб Колас (сапраўднае імя – Канстанцін Міцкевіч) спісаў галоўнага героя са свайго бацькі – Міхала Канстанцінавіча Міцкевіча і вывеў праз яго моцны свабодалюбівы вобраз беларуса, які ў дасягненні мэты верыць найперш ва ўласную моц. Таксама героямі «Новай зямлі» з’яюляюцца маці паэта Ганна і яго дзядзька Антось.
6. У аснове сюжэту паэма – гадавы цыкл, а слова «Бог» (Божы) сустракаецца 97 разоў. Сюжэт паэмы, асноўная частка якой – гэта ўспаміны аб мінулым галоўных герояў, разгортваецца з улікам гадавога цыклу і найважнейшых святаў беларусаў, прычым сярод іх у Якуба Коласа няма «Дзядоў» або іншых, якія бяруць пачатак з часоў паганства. Затое маюцца асноўныя хрысціянскія святы – Спас, Каляды і Вялікдзень, а слова «Бог» узгадваецца 97 разоў, а вытворныя ад яго – амаль 200. Паэт апісвае прыгатаванні да святаў, як яны праходзяць і нават тое, аб чым думаюць людзі ў гэты час.
7. 37 розных страў. Менавіта столькі Якуб Колас называе ў паэме, якую нездарма лічаць «энцыклапедыяй беларускай кухні». Кулінарыя прадстае ў паэме ва ўсім сваім харастве праз паэтызацыю ежы і падрабязныя апісанні гатавання і спажывання з улікам выпрацаванага стагоддзямі этыкету. Усё пачынаецца з вядомых словаў у другім раздзеле «Дзень быў святы. Яшчэ ад рання / Блінцы пякліся на сняданне…», а далей цэлы раздзел «За сталом» (3) ды стравы ў «святочных» частках паэмы.
8. «Новая зямля» – гэта «Новая Беларусь». Твор задумваўся як паэма пра свабоду, а яна ва ўспрыманні беларуса заўсёды звязвалася з зямлёй. Зямля бачылася як «збавенне з няволі цяжкай, з паланення», «зямля дасць волі, дасць і сілы, Зямля паслужыць да магілы, / Зямля дзяцей тваіх не кіне, Зямля – аснова ўсёй айчыне». Менавіта свабода – галоўная ідэя паэмы. І ў той жа час «Новая зямля» – гэта туга па Бацькаўшчыне, якая так і не атрымала вызвалення ў дзяржаўным сэнсе, захопленая і падзеленая акупантамі, сум па «Новай Беларусі», якая ўрэшце павінна дасягнуць свабоды.
9. «Найпрыгажэйшая кніга свету». Менавіта такую ўзнагароду атрымала выданне «Новай зямлі» 1968 года з малюнкамі Г. Паплаўскага на конкурсе ў Лейпцыгу. У 1982 годзе выйшаў фільм «Новая зямля».
10. Пачатак паэмы ведае бадай кожны беларус: «Мой родны кут, як ты мне мілы». У 1974 годзе пачатак паэмы стаў песняй на музыку кампазітара Ігара Лучанка ў выкананні гурта «Песняры», якую пераспявала праспявала Маргарыта Ляўчук.
Пачытаць паэму Якуба Коласа «Новая зямля» – тут. Праслухаць паэму «Новая зямля» – тут.
Барыс Булат belsat.eu