«Жалезная заслона»: у Латвіі растлумачылі, чаму не адкрыюць на мяжы з Беларуссю другі пункт пропуску


Латышскі ўрад пастанавіў пакінуць закрытым пункт пропуску «Сілэнэ» на мяжы з Беларуссю. Улады растлумачылі рашэнне «неабходнасцю перадухілення магчымай пагрозы ўнутранай бяспецы». Палітычны аглядальнік Крысціян Разенвалдс у каментары «Белсату» назваў гэтыя захады пабудоваю новай жалезнай заслоны і засумняваўся ў слушнасці адгароджвання ад беларусаў.

Памежны пункт «Сілэнэ» пасля закрыцця ў 2023 годзе.
Фота: Дзяржаўная памежная служба Латвіі

Памежны пераход «Урбаны – Сілэнэ» не працуе з леташняга верасня. Тады гэта растлумачылі міграцыйным крызісам: маўляў, памежнікаў трэба накіраваць у іншыя месцы для абароны мяжы.

Рашэнне было часовым і дзеяла да 10 лютага. Сёння ўрад Латвіі пастанавіў працягнуць абмежавальныя захады.

«Мне гэта падаецца не зусім слушным, бо праз гэта больш церпяць тыя людзі, у тым ліку з Беларусі, якія хочуць мець больш зносінаў з намі, адчуць кантакт. Мы гэтых людзей штучна загароджваем і такім чынам часткова дапамагаем існым рэжымам», – адзначыў у каментары «Белсат» палітычны аглядальнік з Латвіі Крысціян Разенвалдс.

Ён звярнуў увагу, што не толькі Латвія аддаляецца ад Беларусі і Расеі: «Тая самая тэндэнцыя ў Фінляндыі, Эстоніі, Літве, Польшчы».

Hавiны
Латвія не будзе аднаўляць працу пункту пропуску «Сілэнэ» на мяжы з Беларуссю
2024.02.07 10:07

Пры гэтым аналітык назваў абмежаванні на мяжы сігналам і для беларусаў, і для латышоў:

«Гэта сігнал і нашым, і вашым: зносіны паміж намі цяпер непажаданыя. Нам няма пра што размаўляць. Мы – тут, вы – там. Умоўна кажучы, ідзе будаванне новай жалезнай заслоны».

Адначасова з закрыццём пераходу «Сілэнэ» летась урад Латвіі ўхваліў узмоцнены рэжым аховы мяжы. Цяпер, як кажуць у Рызе, мігрантаў значна паменела, і гэты рэжым пастанавілі не працягваць. Аднак пункт пропуску пакінулі закрытым. Разенвалдс супярэчнасцяў тут не бачыць.

«Гэта проста юрыдычны тэрмін. Ніхто ж не сказаў, што цяпер няма напружанасці каля мяжы, што нашыя сілы там не ў гатовасці, не глядзяць і не ахоўваюць мяжу. Актыўнасць памежнікаў не зменіцца. Хутчэй за ўсё, нашыя ўлады палічылі, што такі рэжым неадэкватны, бо ён пачаў больш перашкаджаць, чымся дапамагаць, людзям, якія там жывуць», – сказаў суразмоўца «Белсату».

На мяжы з Латвіяй цяпер працуе адзін пераход: «Патэрніекі – Грыгараўшчына».

Hавiны
У Літве хочуць закрыць яшчэ два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю
2024.02.06 16:08

Між тым у суседняй Літве загаварылі пра закрыццё яшчэ двух пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю. Камісія нацыянальнай бяспекі 6 лютага прапанавала спыніць рух транспарту, тавараў і людзей праз пераходы «Лаварышкес» (з беларускага боку – «Катлоўка») і «Райгардас» («Прывалка»). Мяркуецца, што гэта «знізіць магчымасці дзейнасці беларускіх і расейскіх спецслужбаў і службаў бяспекі супраць Літвы».

Карэспандэнтка «Белсату» папрасіла жыхароў Вільні пракаментаваць гэтую прапанову. Падчас вулічнай апытанкі літоўцы збольшага патрымалі рашэнне, бо «ураду лепш відаць». Пры гэтым рэспандэнты прызналі, што аніякіх праблемаў беларусы ім не ствараюць.

«Як для мяне, дык там нікога няма. А людзям, якія жывуць тут, маюць там сваякоў, натуральна, ім будзе цяжка дабірацца. Аднак не ад нас усё гэта залежыць, а ад нашага ўрада. Хацелася б, каб людзі не адчувалі, што іх крыўдзяць».

«Мне не хацелася б, каб закрывалі, аднак ураду лепш відаць. Абарона – ёсць абарона, небяспека ўсялякая можа быць».

«Ну, шкада, што закрываюць. Аніякіх праблемаў беларусы не ствараюць. Нават вельмі прыемна, што ёсць людзі з іншых краінаў, нашых суседніх».

«Я давяраю рашэнню дзяржавы. Яны бачаць болей рызыкаў, маюць болей інфармацыі. Для мяне беларусы дакладна не робяць праблемаў, наадварот: ствараюць працоўныя месцы і капітал прыцягваюць».

«Мяркую, слушна робяць. Мы мусім мінімізаваць магчымасць пранікненняў асобаў, якім не трэба быць у Літве. Я не знаёмы ані з водным беларусам, але хто ведае, што можа адбыцца і якія людзі могуць трапіць з боку не сяброўскай нам краіны? Мы мусім быць гатовыя».

Каментар
Поўнага закрыцця мяжы Літвы з Беларуссю ніхто не хацеў бы – дэпутат Валдас Ракуціс
2024.02.07 12:04

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў