Не грэчкай адзінай. Чым трэба закупіцца на выпадак каранціну?


Паніка вакол COVID-19 справакавала людзей па ўсім свеце масава скупляць крупы, макарону і туалетную паперу. Але ці патрэбныя яны ў ізаляцыі? Мы вырашылі пацікавіцца ў людзей, абмежаваных у перамяшчэнні з прычыны каронавіруса, што яны ядуць падчас каранціну.

Беларуска Карына чакала выніку тэсту на каронавірус і заставалася ў інфекцыйнай больніцы ў адным з райцэнтраў. Са словаў дзяўчыны, кармілі – ажно пяць разоў на дзень.

«Адзіны мінус, што няма вады пітной, але ёсць магчымасць перадаць што-небудзь, таму мне перадаюць. У прынцыпе, нядрэнна, проста псіхалагічна крыху цяжкавата», – распавядае дзяўчына.

Міша, які жыве ў Польшчы і пераехаў туды з Украіны, распавядае, што падчас каронавіруса працуе з хаты, працадаўца дзеля гэтых мэтаў нават прывёз яму камп’ютар. На вуліцу хлопец выходзіць толькі для таго, каб набыць харчы.

«Набыў макарону, вялікую ўпакоўку курыцы. У найбліжэйшай краме звычайна прадаецца ўпакоўка курыцы па 500 грамаў, а зараз – 1000. Я так зразумеў, іх прывозяць ў вельмі-вельмі дрэнныя часы. Гэтак жа там заўсёды прадавалі ваду па літр-два. А цяпер там стаяць ўпакоўкі па 6 літраў. Раней не было», – кажа Міхаіл Мядзведзеў, які жыве ў Польшчы.

Асабісты капітал
Каронавірус знішчае бізнес. Хто застанецца без працы і грошай?
2020.03.23 19:05

Міша распавядае, што з 13 сакавіка не можа знайсці ў бліжэйшых крамах грэчкі. Астатнія харчы ёсць. Хоць у першыя дні пасля таго, як у Польшчы быў абвешчаны каранцін, прылаўкі былі пустыя. Цяпер у крамах людзей мала, а ўсе неабходныя тавары, разам з туалетнай паперай, зноў з’явіліся.

«Я апошні раз быў у краме 4 дні таму, акрамя макароны купіў сабе мяса, бульбы, шакаладкі, яйкі, хлеб. Купляю пабольш, каб не выходзіць 5–6 дзён з дому», – дадае хлопец.

У эстонскім горадзе Йыхві пасля ўвядзення надзвычайнага становішча з-за каронавіруса людзі таксама пабеглі ў крамы па ежу. Праз некалькі дзён, як і ў Польшчы, усе тавары на прылаўкі вярнуліся.

«У нас не было тут нічога, былі пустыя паліцы. Скупілі ўсю грэчку, крупы, цукар, соль, булачныя вырабы і гэтак далей. Але праз дзень усё завезлі. У нас зноў усё ёсць – галодным ніхто не застанецца», – кажа жыхарка Йыхві.

Асабісты капітал
Гэты год будзе цяжкі для беларусаў
2020.03.30 20:05

Эстонка Крыстына распавядае, што ў яе родным Йыхві пасля ўвядзення надзвычайнага становішча закрылі школы, забаўляльныя ўстановы, гандлёвыя цэнтры. Працадаўца выправіў Крыстыну ў адпачынак. Людзі сядзяць у хатах, але крамы працуюць, і эстонцам не забараняюць туды хадзіць. Таму сілкуецца яна тым жа, што ела і да каранціну.

«Рыба чырвоная, тварог, мяса, рыба, сокі, сыр. Усё самае асноўнае. Больш за ўсё ў мяне, вядома, у замарозцы – але ў мяне заўсёды так было», – апавядае, што мае ў сваёй лядоўні, Крыстына Вільдэ, якая жыве ў Эстоніі.

Найбольш папулярнымі таварамі падчас пандэміі каронавіруса сталі туалетная папера, грэчка ды іншыя крупы, медычныя маскі, сурвэткі ды антысептыкі. Але што з гэтага сапраўды неабходна падчас пандэміі?

«З медычнага пункту гледжання я ў першую чаргу параіў купляць санітайзэры для апрацоўвання рук на аснове алкаголю. З прадуктаў харчавання – трэба проста весці здаровы лад жыцця і трымацца здаровай дыеты», – каментуе Батыр Бердыклычаў, прадстаўнік Сусветнай арганізацыі здароўя ў Беларусі.

А вось медычныя маскі для здаровых людзей – малаэфектыўныя. У Сусветнай арганізацыі здароўя тлумачаць: іх трэба насіць у першую чаргу хворым на вірусныя інфекцыі людзям, каб спыніць далейшае распаўсюджванне вірусаў.

«Вірус перадаецца праз кропелькі, пры чханні ды кашлі ад інфікаванага чалавека. Таму шляхі ўваходу інфекцыі – гэта і вочы ў тым ліку, слізістыя носа і рота. Можна памацаць заражаную паверхню, потым нос або вочы – і гэтага будзе дастаткова. Маска тут не ўратуе», – кажа Батыр Бердыклычаў, прадстаўнік Сусветнай арганізацыі здароўя ў Беларусі.

Мы завіталі ў менскую краму. На паліцах відаць, што нашыя людзі бралі крупы і некаторыя віды макароны, соль, прысмакі. Адсутнасць некаторых тавараў – ажыятажны дэфіцыт. Хутчэй за ўсё, неўзабаве крамы вырашаць гэтую праблему наступным чынам: замовяць у пастаўнікоў большыя, чым звычайна, партыі самых папулярных падчас каронавіруса харчоў.

У Сусветнай арганізацыі здароўя пакуль не кажуць, калі дакладна закончыцца пандэмія. Масава хварэць людзі будуць яшчэ некалькі месяцаў, пры горшым сцэнары – да двух гадоў.

Як паказвае практыка, нават у краінах, дзе ўвялі надзвычайнае становішча, няма неабходнасці закупляцца пра запас – крамы падчас эпідэміі працуюць. Калі ж вы ўсё-такі вырашылі набыць ежу на будучыню, не забывайце глядзець на тэрміны прыдатнасці. Яны ёсць і ў макароны, і ў крупаў. Іначай усё няз’едзенае давядзецца выкінуць.

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

  • Прамень надзеі: як Вялікдзень дапамог бізнесу
  • Перспектывы беларускай сям’і
  • Як пакупнікоў прымусілі двойчы плаціць за кватэры

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце. Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках. Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».