Каронавірус знішчае бізнес. Хто застанецца без працы і грошай?


Каронавірус захоплівае свет. Фінансавыя рынкі ў ліхаманцы, краіны закрываюцца адна за адной. Паніка вакол каронавіруса фактычна паклала на лапаткі турыстычную галіну. Турагенты ў шоку: такога не было ніколі.

«На Егіпет туры за 150 долараў з Менску. Я працую 13 гадоў у турызме – ніколі такіх не было коштаў. Правальных, – прызнаецца дырэктарка турагенцтва «Турсавет» Любоў Ермакова. – Тураператары гатовыя ледзь не бясплатна саджаць турыстаў на рэйсы. Таму што тураператары за гэтыя месцы ўсё роўна плоцяць авіякампаніі».

Каронавірус зафіксаваны больш як у 100 краінах свету, шмат якія з іх на каранціне. Сакавік-красавік – традыцыйна актыўныя месяцы для продажу тураў на травеньскія выходныя і для ранняга рэзервавання летняга адпачынку. Але цяпер вылецець амаль нікуды немагчыма, а калі і можна – высокая рызыка потым мець праблемы з вяртаннем дамоў.

«Цалкам ўпаў ніжэй за плінтус продаж. Калі нашае маленькае турагенцтва кожны дзень па два-тры туры рэзервавала, то цяпер два туры на тыдзень. І тое вось дактары прыйшлі», – прыводзіць прыклад Любоў.

Турагенты нясуць страты на ўтрыманне офісаў і персаналу, Любоў прызнаецца, што ёй давядзецца браць крэдыт, калі ўсё ж трэба будзе вяртаць грошы за зарэзерваваныя туры. І яна не выключае, што на рынку можа паўтарыцца сітуацыя з банкруцтвам якога-небудзь буйнога расейскага тураператара. Як было з «Наталі-турс».

Асабісты капітал
Як кітайскі вірус уплывае на беларускіх спажыўцоў?
2020.02.27 11:40

Сусветная эканоміка ўжо нясе страты. Адмяняюцца масавыя імпрэзы, закрываюцца кавярні, стаіць на паўзе турызм ва ўсім свеце.

Турыстычная галіна можа згубіць каля 1,7 трыльёна долараў. Агулам пры найгоршым сцэнары развіцця падзеяў сусветнай эканоміцы прагназуюць страты на 2,7 трыльёна долараў. Гэта 50 валавых унутраных прадуктаў Беларусі.

У Беларусі таксама адмяняюцца масавыя імпрэзы, людзі здаюць квіткі на канцэрты, сталі менш наведваць кавярні ды рэстарацыі. Каб супакоіць іх, у некаторых барах на ўваходзе пачалі мераць тэмпературу.

«З тэмпературай няма, не было выпадкаў. А калі б быў, то мы папрасілі б чалавека вярнуцца да нас у наступны раз, каб ён падумаў і пра сябе, і пра іншых гасцей, і аб персанале ў першую чаргу», – прызнаецца адміністратар бару «Polugar» Раман Жылінскі.

Hавiны
У Беларусі зарэгістравалі 76 выпадкаў каронавіруса
2020.03.21 16:36

Можна пабачыць у гэтым хайп, а можна і жаданне засцерагчы кліентаў ад магчымага заражэння. Адміністрацыя купіла два бескантактныя тэрмометры, і кожны наведнік мерае тэмпературу і апрацоўвае рукі адмысловым сродкам.

«Мы закупілі яшчэ медычны антысептык і выдаем на кожны столік гасцям бясплатна для дэзінфекцыі рук. Працуюць яны проста», – дэманструе санітайзеры Раман.

Антысептыкі для агульнага карыстання з’явіліся і ў крамах ды спартовых залах. На фоне цікавасці да «COVID-19» гэта добрая інфанагода нагадаць пра сябе ў сацсетках. І зарабіць імідж месца, вольнага ад каронавіруса.

«З іншага боку, гэта для нашых супрацоўнікаў. Бо праца з грашыма, увесь час кантакт з людзьмі, таму, працуючы ў краме, трэба падысці і некалькі разоў на дзень апрацаваць рукі», – кажа Павел Белавус, кіраўнік крамы SYMBAL.BY.

Масак для твару тут не прадаецца. Аднак вырас попыт на шалікі. Пасля таго, як Павел выклаў фота ў сацсетках з тлумачэннем, як іх можна насіць замест масак, продажы шалікаў шалёна падскочылі.

Страты эканомікі Беларусі ад каронавіруса ў нас наўрад ці хто падлічыць, каб не турбаваць народ кепскімі навінамі. Але відавочна, што добра ад яго пакуль толькі тым, хто перапрадае медычныя маскі для твару і антысептык для рук.

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

  • Колькі каштуе абарона сваіх правоў у судзе?
  • Чаму ўлады ігнаруюць сапраўдныя праблемы?
  • Ці ёсць у каўбасе мяса?

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце. Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках. Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».