Менчукам паказалі фільм пра «палітычны часопіс для жанчын»


Унікальную магчымасць даведацца больш пра часопіс «Elle» (па-французску «Яна») мелі гледачы дакументальнага фільму Давіда Тэбуля «Погляд знутры», які ў межах супрацы з французскай амбасадай паказаў дыскусійны клуб «BlowUp» Нацыянальнага цэнтру сучасных мастацтваў. Удзельнікі клубу займаюцца і арганізацыяй, паказаў, і самастойна рыхтуюць да яго фільмы, распавядае арганізатар кінапаказаў Уладзімір Парфянок:

«Мы самыя перакладаем фільмы, самыя робім усё, бо гэтых фільмаў практычна няма – няма ў доступе, няма ў сеціве».

Гэта ўжо другі фільм пра часопіс «Elle», паказаны ў клубе. Фільмы выклікаюць зацікаўленне перадусім жанчын – бо канцэнтруюцца ў вялікай ступені на развіцці жанчыны, яе думак і свабодаў ад 1940-х да 2000-х гадоў, зазначае арганізатар:

«Гэта не проста часопіс моды, гэта часопіс, які фактычна паўплываў на свядомасць жанчын усяго свету. Ён сфармаваў іншае стаўленне да жанчын. Можна нават сказаць, што «Elle» – гэта палітычны часопіс для жанчын».

Найбуйнейшае ў свеце выданне пра моду, «Elle» цяпер выходзіць у 60-ці краінах. Заснавальніца часопісу ў 1945 годзе, Элен Гардон-Лазараў, французская журналістка расейскага паходжання, унесла ў часопіс свабоду думкі і нават пэўную іранічнасць у дачыненні мужчынаў. Ужо ў 60-я аўдыторыя «Elle» налічвала 800 тысяч чытачоў, тады ж зʼявіўся слоган «Калі яна чытае, то чытае «Elle». І, як кажа перакладчыца фільму Настасся Хадарэнка, менавіта «Elle» у вялікай ступені паўплываў на імідж парыжанкі: «Такім чынам французскія кабеты навучыліся быць кабетамі, навучыліся быць моцнымі кабетамі».

Клуб «BlowUp» пры Цэнтры сучасных мастацтваў не абмяжоўваецца паказам фільмаў – з лютага там пачынаецца цыкл лекцыяў пра гісторыю Менску.

Таксама ў выданні:

«Усе разам» сабраліся на выставе мастакі Берасцейшчыны.

Малевіч і Манэ – у вышуку! Сярод беларусаў.

Рэйган, Кідмэн, Пэле і фламэнка.

Чытайце таксама:

Вольга Гардзейчык, belsat.eu