Адзінокія, шматдзетныя, малазабяспечаныя – часам дастаткова належыць да адной з гэтых катэгорый, каб у вачах грамадства жанчына атрымала цэтлік «дрэнная маці». Чаму беларускія бацькі часам баяцца сацыяльных службаў, ці заможная сям’я значыць – бяспечная? І чаму большасць бацькоў не ўпісваецца ў грамадскі стандарт «добрых»?
У офісе «Шчаслівага малыша» шматлюдна, ідзе праца. Побач з шафамі і працоўнымі сталамі валізкі, пакеты, цюкі з рэчамі, дзіцячыя вазочкі, агуркі і памідоры ў слоіках, кветкі ў гаршках. Пахне яблыкамі – нехта ахвяраваў лішкі ўраджаю. Усё гэта частка той дапамогі, якую могуць прапанаваць бацькам з дзецьмі з усяго Менску ў Сацыяльным цэнтры «Шчаслівы малыш».
Псіхолаг, кіраўнік Сацыяльнага цэнтру «Шчаслівы малыш» Ірына Шмак зазначае, што атрымаць дапамогу гатовыя не ўсе – у грамадстве назіраецца стыгматызацыя мацярынства, асабліва нестандартнага.
«Грамадства не любіць мацярынства без законнага шлюбу, матэрыяльна незабяспечаных бацькоў, – гаворыць Ірына Шмак. – «Дрэнная маці» – гэта стыгма, паняцце, якое датычыць самых розных формаў мацярынства. Занадта маладая, занадта старая, адзінокая, замала дзяцей, зашмат дзяцей… Але што рабіць гэтым людзям? Асоба не спраўляецца і пры гэтым саромеецца звяртацца па дапамогу. І гэта адзін край праблемы. Іншы варыянт, калі чалавек наадварот упэўнены, што яму ўсе абавязаны. Прычым такія ўстаноўкі аднолькава часта сустракаюцца ў дзяцей-сіротаў і ў тых, што выраслі ў звычайных сем’ях, але з адпаведным светапоглядам. І там, і там няма асабістай адказнасці за тое, што адбываецца ў жыцці. Таму існуюць дзве скрайнасці – ці сорамна звярнуцца па дапамогу, ці ўсе вінныя».
Матэрыяльную дапамогу выдаюць абмежавана – толькі самае неабходнае і толькі ў самы крызісны час. У «Шчаслівым малышы» ніколі не прапануюць сям’і грошы – гэта жалезны прынцып. Па словах Ірыны Шмак, галоўная мэта супрацоўнікаў цэнтру ў тым, каб дапамагчы дарослым дасягнуць самастойнасці ў бацькоўскіх абавязках, навучыцца бачыць перспектывы выхаду з праблемы.
Насуперак распаўсюджанаму меркаванню, сямейныя крызісы і трагедыі не заўжды звязаныя з фінансавымі праблемамі. Бацькоўскае выгаранне не залежыць ад таго, колькі зарабляе сям’я – у сям’і, дзе муж шмат працуе і добра зарабляе, жанчына хутчэй за ўсё будзе ўдвая больш стомленая. Ёй проста не даводзіцца чакаць дапамогі.
Праваахоўнікі і медыкі зазначаюць, што трагедыі, калі маці агрэсіўна паводзяць сябе ў дачыненні да сваіх дзяцей, адбываліся ў знешне нармальных сем’ях, якія, на першы погляд, нічым не вылучаліся з агульнага шэрагу.
«Калі жанчына не звернецца па дапамогу, мы мала чым можам быць карыснымі, – канстатуе псіхолаг. – Наколькі навакольныя могуць заўважыць, што нешта не так. Магчыма, калі б у кожным выпадку сваякі і блізкія ў своечасова заўважылі стан маці, яе стомленасць, звярнуліся б па дапамогу… Магчыма, тады можна было б пазбегнуць трагедый. Грамадства само правакуе выпадкі, кшталту трагедый, якія актыўна тыражаваліся ў СМІ.
Калі ў мяне пыталіся наконт здарэння ў Мачулішчах, калі жанчына выкінула народжанае дзіця ў сметнік, я мела толькі адзін адказ: а што зрабіла грамадства, каб ёй дапамагчы, каб гэтага не здарылася?
Як апынулася, што нават самыя блізкія людзі не заўважылі цяжарнасці? Адказнасць за такія выпадкі нясем мы ўсе разам».
Шматлікія гучныя гісторыі, якія апісваюць супрацьстаянне бацькоў і сацыяльных службаў, нараджаюць недавер да дзярждапамогі. Сям’я з Гомля некалькі месяцаў была пад пільным вокам чыноўнікаў праз тое, што старэйшая дачка не прыйшла начаваць, а ў Менску дзяўчынку забралі з сям’і бабулі і дзядулі бо паводле сацыяльных службаў, тыя сустрэлі іх з пахам алкаголю. Таты і мамы баяцца, што ў іх могуць адабраць дзіця, калі нешта не спадабаецца чыноўнікам. Ці не прымушае гэта людзей пазбягаць дапамогі ў тым ліку і ад спецыялістаў «Шчаслівага малыша»?
«Мы – не дзяржаўная ўстанова, таму з нашага боку не будзе і не можа быць аніякіх санкцый у дачыненні да сем’яў, – падкрэслівае спадарыня Ірына. – Нашая галоўная задача – дапамагчы. Важна разумець, што сацыяльныя службы ствараліся не для таго, каб імі пужалі дзяцей. Да нас вельмі часта звяртаюцца сем’і па накіраванню дзяржорганаў. Калі сям’я патрапіць пад увагу сацыяльных службаў, я заўжды раю пытацца ў камісіяў: «Якую канкрэтную дапамогу вы можаце прапанаваць мне ў гэтай сітуацыі»? І вось сыходзячы з гэтага адказу, можна вырашаць карная гэта служба ці не. Хутчэй за ўсё, вам проста жадаюць дапамагчы так, як могуць. З тым рэсурсам, што ёсць».
Сацыяльны цэнтр працуе з 2013 года і за гэты час сотні сем’яў скарысталіся з псіхалагічнай, матэрыяльнай, сацыяльнай і педагагічнай дапамогі. 44 жанчыны і 55 дзяцей, якія апынуліся ў складаных жыццёвых умовах, змаглі перажыць крызіс у спецыяльнай кватэры-шэлтэры. Бывае, жывуць месяц, два, тры і нават даўжэй, бо працягнуць руку дапамогі не гатовыя нават самыя блізкія людзі. Кватэра-прытулак і яе жыхары, дарэчы, з’яўляецца галоўнай прычынай, чаму ў Сацыяльным цэнтры працуюць толькі жанчыны. Некаторыя мамы і дзеці проста не могуць пачувацца спакойна і бяспечна ў прысутнасці дарослых мужчынаў.
Аднак не кожная гісторыя ў Сацыяльным цэнтры заканчваецца паспяхова. У «Шчаслівым малышы» свае правілы і дапамогу могуць прапанаваць толькі тым, хто хоча змяніцца. У тым ліку і месца ў прытулку не замацавана за жанчынай.
«Мы ж не працуем з няпоўнагадовымі злачынцамі, да нас трапляюць маці, якія хочуць, каб іх дзеткам было добра, – выказваецца кіраўнік цэнтру. – Ці скарыстаюцца гэтыя жанчыны сваёй магчымасцю – гэта іх зона адказнасці. Я не магу сказаць, што ўсе спраўляюцца. Гэта ментальная праца, якая не ўсім падабаецца, не ўсе імкнуцца яе праводзіць. Але гэта зноў жа права кожнай жанчыны і яе выбар. Калі чалавек робіць выбар не на карысць дзіцяці і будучыні, мы кажам яму: «Да пабачэння». Бо ёсць іншыя жанчыны, якія чакаюць свайго шанцу і абавязкова скарыстаюцца з яго».
Марыя Малевіч, belsat.eu
Фота Сяргея Сацюка-Грабоўскага