Куля для КДБ ад Васіля Быкава


2003 год. Васіль Быкаў нечакана вяртаецца на Радзіму пасля вымушанай эміграцыі. Беларускаму класіку і, як яго яшчэ называюць, апосталу нацыі застаецца жыць не больш за месяц. Нягледзячы на паважны ўзрост і стан здароўя Быкаў застаецца мішэнню для КДБ.

Падзеі разгортваюцца ў гаражы Быкавых, дзе з’яўляецца няпрошаны госць і пачынае шантажаваць пісьменніка ды псіхалагічна ціснуць на яго. Нечакана ўсплываюць падрабязнасці пераследу Быкава ў 1966 годзе пасля публікацыі ягонага твора «Мёртвым не баліць».

«Аповесць «Мёртвым не баліць», напісаная Быкавым у пачатку 60-х, – гэта аўтабіяграфічная аповесць. Васілевіч – гэта Васіль Быкаў, Сахно – гэта гэбіст. Час на двары гэбісцкі. Сахно паказаны не толькі асабістым ворагам Быкава, але і асабістым ворагам краіны, якая змагаецца за свабоду. А ён у ёй душыць гэтую свабоду, – адзначае паэт Уладзімір Някляеў. – Аповесць з такім сюжэтам не магла не ўскалыхнуць вось гэтых сахноўцаў».

Такога Быкаву дараваць проста так не маглі, пачалося цкаванне пісьменніка ў газетах «Праўда», «Савецкая Беларусь». У 70-х гадах імя Быкава выкарысталі супраць расейскіх дысідэнтаў. Нібыта Васіль Быкаў паставіў свой подпіс пад лістом слынных дзеячаў культуры супраць падрыўной дзейнасці акадэміка Андрэя Сахарава і пісьменніка Аляксандра Салжаніцына.

«Адзін з самых трагічных момантаў з жыцця Быкава – гэта гісторыя, звязаная з нібыта падпісаным ім лістом, у якім ганьбіліся пісьменнік Салжаніцын і акадэмік Сахараў як ворагі савецкага народу. Я сведчу, што Быкаў, можа, ні за што так не перажываў, як праз гэта. Як толькі ўзнікала гаворка, якая датычылася гэтага ліста, ён хмурнеў і казаў адно і тое ж: «Я гэтага не рабіў». (…) Калі б Быкаў падпісаў, то ён бы сказаў: «Я падпісаў», – а калі ён сказаў «не», значыць – не».

У Быкава ёсць ваенная аповесць «Адна ноч»: савецкі ды нацысцкі жаўнеры апынаюцца ў каменнай пастцы – у сутарэнні, выйсце з якога завалена. Каб вызваліцца, ім трэба дапамагчы адзін аднаму…

Калі сын Быкава прыйшоў увечары і адчыніў гараж, то аслупянеў. Ягоны тата сядзеў у сваёй «Волзе», спаў і шчасліва ўсміхаўся.

Калі прачнуўся, сказаў: «А шкада, што ў сваім апавяданні «Адна ноч» я забіў фрыца. Не беднага нямецкага жаўнера трэба забіваць, а іншых – сапраўдных – пачвар, каторыя заўсёды побач».

Таксама распавядзем пра тое, што КДБ патрабавала ад Быкава ўжо ў незалежнай Беларусі. Усё гэта – у наступным фільме «Лабірынтаў».

Глядзець іншыя серыі «Лабірынтаў».